Творчыя дары лаўрэатаў

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

8 студзеня ў Палацы Рэспублікі адбылося ўрачыстае ўручэнне прэмій “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2006 год. Лепшыя працаўнікі на ніве духоўнай, чые справы і творы заслужылі ўсеагульнае прызнанне, атрымалі высокія ўзнагароды асабіста ад Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. У цырымоніі ўзнагароджання браў удзел таксама Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

/i/content/pi/cult/109/105/st1_1.jpgУ прывітальнай прамове Прэзідэнт павіншаваў усіх прысутных з Новым годам і Ражджаством Хрыстовым - самымі светлымі, сардэчнымі святамі. Ён нагадаў пра вечныя чалавечыя каштоўнасці - Веру, Надзею, Любоў, пра тое, што міласэрнасць, уменне суперажываць, прыходзіць на дапамогу заўсёды былі лепшымі якасцямі беларускага народа, а Праваслаўная Царкваяго духоўным апірышчам. І невыпадкова ў пярэдадзень Ражджаства мы ўшаноўваем тых, хто сее ў сэрцах разумнае, добрае, вечнае.

А.Лукашэнка адзначыў, што мінулы год быў плённым для культуры, прыгадаўшы ўведзеныя ў дзеянне буйныя культурныя аб'екты- Нацыянальную бібліятэку Беларусі, новы будынак Нацыянальнага мастацкага музея, а таксама рэспубліканскую творчую акцыю "За моцную і квітнеючую Беларусь", дзе ярка выявіліся сапраўдныя таленты.

- Дзякуй усім за творчую працу і шчырае лужэнне беларускаму народу. Жадаю вам новых твораў, якія праславяць Беларусь, поспехаў, шчасця і добрага настрою, - сказаў Прэзідэнт.

Са словамі ўдзячнасці ад імя лаўрэатаў выступіла паэтка і журналістка Валянціна Паліканіна: - Настолькі высокая ацэнка нашай працы - гэта сведчанне павагі, чулага стаўлення да дзеячаў культуры, прызнанне унікальнасці нашай творчай работы.

Імёны 7 лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і 21 лаўрэата спецыяльных прэмій Прэзідэнта РБ гучалі са сцэны пад апладысменты залы. Сёлета да гэтых двух ганаровых спісаў дадаўся яшчэ адзін. Ганаровае званне "Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь"і гранд-прэмія былі прысуджаны мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага цэнтра музыкальнага мастацтва імя У.Мулявіна Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Святлане Стацэнка, прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі - лаўрэату дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне - 2006", вучню СШ № 7 г.Мазыра Андрэю Кунцу і ўдзельніцам "Еўрабачання - 2006": вучаніцы СШ № 7 г.Мазыра Паўліне Касцян, вучаніцы СШ № 9 г.Мазыра Насці Сямко, вучаніцы СШ №15 г.Мазыра Ксені Субоцінай і вучаніцы гімназіі імя Я.Купалы (г.Мазыр) Насці Суславай. 

Мне асабліва прыемна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, - уручыць заслужаныя знагароды зорнай камандзе дзіцячага "Еўрабачання".

Па заканчэнні цырымоніі ўзнагароджання да Прэзідэнта, лаўрэатаў і ўсіх прысутных звярнуўся Уладыка Філарэт. Ён пацвердзіў, што творчыя дары лаўрэатаў сваёй краіне складуць і багаты ўнёсак у скарбніцу айчыннай культуры, і яркую старонку ў летапісе Беларусі. Яны адлюстроўваюць галоўныя духоўныя каштоўнасці нашага грамадства.

— Перад яднаннем у Хрысце супярэчнасці адступаюць, і на чале ўсяго застаюцца праўда і міласэрнасць. Няхай новы год будзе часам  дабраславенных поспехаў і светлай надзеі для нашай краіны, — пажадаў Мітрапаліт Філарэт.  

/i/content/pi/cult/109/105/st1_2.jpg
Завяршылася ўрачыстая падзея святочным канцэртам з удзелам Прэзідэнцкага аркестра РБ, артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы РБ, Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета РБ, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору РБ імя Г.Цітовіча, ансамбля “Беларускія песняры”, іншых заслужаных калектываў, салістаў эстрады, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, юных талентаў.

С.І.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА