Лета балета з вербацімам

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Сезон у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета завершаны. Але ўражанняў ад новага міжнароднага праекта “Балетнае лета ў Вялікім”, што вянчаў ліпеньскую афішу, хопіць да пачатку наступнага.

/i/content/pi/cult/491/10498/9-1.jpg

Сцэна са спектакля "Таямнічы сад".

/i/content/pi/cult/491/10498/9-3.jpg

Чынара Алізадэ і Міхаіл Лабухін у балеце "Дон Кіхот". / Фота прадастаўлена тэатрам

Шэсць вечароў, 12 спектакляў (дзевяць з іх — аднаактовыя) і гала-канцэрт. Усё — пры аншлагах. Удзельнікі з сямі краін: акрамя нашай трупы, прыезд Грузінскага балета (ажно на некалькі дзён, як паўнавартасныя гастролі), а таксама салістаў з Азербайджана, Германіі, Даніі, Польшчы, Расіі. Беларуская харэаграфія была прадстаўлена прэм’ерным “Вітаўтам” (ён адкрываў той сезон, а цяпер вылучаны на Нацыянальную тэатральную прэмію), рэдакцыяй класічных пастановак і асобнымі нумарамі ў фінальным канцэрце. Маленькія ды вялікія адкрыцці, пераважна прыемныя, чакалі публіку на кожным паказе.

Лебедзі на возеры слёз

“Лебядзінае возера” выклікала настальгію. Найперш — па ранейшай рэдакцыі гэтага балета ў нашым тэатры. Прымаючы яе як дадзенасць, мы неяк не асабліва задумваліся, што ў свеце існуе безліч не толькі найноўшых, але і адрозных класічных пастановак гэтага балета, заснаваных на харэаграфіі Марыуса Пеціпа з яе далейшымі ўдасканаленнямі Льва Іванава і Аляксандра Горскага. У нашым тэатры да мінулага года спектакль ішоў у рэдакцыі Валянціна Елізар’ева, і некаторыя нават пасмейваліся: маўляў, пры чым тут ягонае імя? Ацаніць напоўніцу, што было ім зроблена, магчыма толькі ў параўнанні — не толькі з цяперашняй версіяй, да якой спрычыніліся Юрый Траян і Аляксандра Ціхамірава, але і з іншымі, што ідуць у розных тэатрах.

Фінальная дзея ў нас ішла з харэаграфіяй Асафа Месэрэра, упершыню ўвасобленай у Маскве ў перадваенны час. Дзякуючы гэтаму Зігфрыд набываў рысы ваяра, здольнага кінуць выклік магутнаму Ротбарту. Вобраз прынца сімвалізаваў паступовае сталенне героя — ад няясных мрояў пра каханне да неабходнасці адстойваць яго, нават у няроўным паядынку. А няўлоўныя, ды вельмі трапныя дэталі, асэнсаваныя і пераасэнсаваныя Валянцінам Елізар’евым, надавалі ўсяму спектаклю логіку паводзін кожнага з герояў.

Новая рэдакцыя Траяна і Ціхаміравай цалкам адпавядае сучаснасці. Балет, пры ўсіх яго кананізаваных фрагментах, наблізіўся да жанру мыльнай оперы, пазбаўленай не толькі элементарнай логікі, але і сэнсу. У фінале Зігфрыд і Адэта амаль не танцуюць — яны стаяць, забыўшыся на харэаграфію, але шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго. Мяркуючы па лібрэта, гэта павінна навесці гледача на думку, як горача яны кахаюць, бо згодныя памерці разам, а не па чарзе. Праўда, асабіста мяне такі ход не ўразіў. А вось Ротбарда — яшчэ як! Ён таксама раптам забыўся на класіку, пачаў гойсаць па падлозе ды біцца ў канвульсіях.

Пры ўсіх недарэчнасцях новай рэдакцыі, саліст Марыінскага тэатра і былы выхаванец нашага харэаграфічнага каледжа Ігар Колб знайшоў для Зігфрыда свае фарбы. У першай дзеі яго герой — зусім не летуценны інтраверт, якому паляванне мілейшае за жанчын, а поўны жыцця і кахання юнак, які проста не ведае, на якой з аднолькава прывабных прыгажунь спыніць свой выбар. Сустрэўшы на возеры Адэту, не падобную на іншых, у сцэне ракавога балю ён прагна шукае яе — літаральна ў кожнай дзяўчыне. Адэта-Адзілія ў выкананні салісткі Вялікага тэатра Расіі Крысціны Крэтавай атрымаліся сапраўднымі блізнятамі, блізкімі па характары: абедзве — упэўненыя і “дзелавыя”, бы адная і тая ж гераіня, якая наўмысна ўводзіць абранніка ў зман, каб потым маніпуліраваць ім, карыстаючыся яго пачуццём віны.

Героямі “Дон Кіхота” выступілі яшчэ двое салістаў з Масквы: тэмпераментная заслужаная артыстка Азербайджана Чынара Алізадэ і Міхаіл Лабухін, які сваім артыстызмам мог бы пераўзысці спрактыкаванага кінаакцёра. Фрагменты з гэтых балетаў былі ўключаны і ў праграму гала-канцэрта, прычым з нашымі салістамі. У гэтым негалосным спаборніцтве перамаглі, мяркую, нашы. Вольга Гайко надзяліла сваю Адэту кранальнай жаноцкасцю. Канстанцін Кузняцоў, які напярэдадні фестывалю атрымаў званне народнага артыста Беларусі, зрабіў Базіля гэткім элегантным мача, які ўскідваў Кітры (Кацярына Алейнік) на адной руцэ ды яшчэ і “фіксаваў” яе ў паветры на некалькі секунд. А тая канчаткова скарыла сваімі “фірменнымі” падвойнымі фуэтэ. Калі хто і прайграў, дык гэта найперш кардэбалет. Яшчэ некалькі гадоў таму ўсе яго артысты танцавалі на ўзроўні салістаў, салісты ж вылучаліся не столькі школай, колькі сваёй творчай індывідуальнасцю. Цяпер — салістамі становяцца не толькі яркія асобы, але і тыя, хто мае і не страціў добрую падрыхтоўку. А кардэбалет — ды некаторыя элементарна “спінку не трымаюць”, не кажучы пра неабходную сінхроннасць і роўнасць ліній! Таму з’яўленне такога фестывалю карыснае ўжо тым, што вымусіць нашых лебедзяў-лябёдачак “падцягнуцца”.

Таямнічы след сучаснасці...

Цэнтрам “Балетнага лета...” сталі, безумоўна, гастролі Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя З.Паліяшвілі. Тры вечары Грузінскага балета не толькі цалкам прысвячаліся харэаграфіі ХХ — ХХІ стагоддзяў, але і былі тэматычнымі: першы — спектаклі Джорджа Баланчына, другі — Іржы Кіліяна, трэці — пераважна грузінскія нацыянальныя пастаноўкі. Кожны з вечароў дапаўняўся ці нашым спектаклем вышэйзгаданых сусветна вядомых харэографаў, ці ўдзелам некаторых нашых салістаў “у складзе” грузінскай трупы (Ігар Артамонаў даўно ўжо паспяхова выступае ў пары з Нінай Ананіяшвілі, а Артур Іваноў тэрмінова замяніў захварэлага грузінскага артыста, бо “мігрыраваў” да нас з тбіліскага тэатра і ведае той рэпертуар). І гэта надавала гастролям яшчэ і адценні то супрацоўніцтва, а то і творчага спаборніцтва. Нам было чаму павучыцца ў гасцей: кірунку на сучасныя плыні (дарэчы, “Серэнада” і “Шэсць танцаў” узніклі ў нашай афішы, можна сказаць, “па рэкамендацыях” Ніны Ананіяшвілі), сапраўднай еўрапейскай стыльнасці ў іх выкананні, уменню “хаваць” магчымыя недахопы кардэбалета з дапамогай рэпертуару, сцэнаграфіі (і асабліва асвятлення), касцюмаў. А яшчэ — бліскучым спалучэнням сучаснай харэаграфіі з нацыянальнай тэмай. “Таямнічы сад” і “Сагалабелі” (апошні балет мы глядзелі ўжо другі раз — і з не меншай цікавасцю, чым на колішніх гастролях) паўсталі выкшталцонымі фестывальнымі кампазіцыямі, поўнымі харэаграфічных знаходак, філасофскага сэнсу і годнымі лепшых сцэн свету.

“Тэматычным” можна было назваць і гала-канцэрт. Наша балетмайстар Вольга Костэль зрабіла яго цэлым спектаклем з выкарыстаннем тэхнікі “вербацім”, што стала моднай у драматычным тэатры. За кадрам гучалі дакументальныя запісы галасоў нашых артыстаў, якія распавядалі пра свой “шлях у балеце” — ад першых заняткаў да цэнтральных партый і... траўмаў, падзенняў, іншых рызык гэтай прафесіі. Атрымалася штосьці накшталт збіральнага вобраза артыста балета, ягонага “цяжкага шчасця”, метамарфоз жыцця і лёсу. Твары інтэрв’юіраваных з’явіліся на экране толькі ў канцы — замест цітраў. Прысутнасць у некаторых момантах на сцэне дзяцей дадало аповеду яшчэ адну лінію — працягу традыцый новымі пакаленнямі. А відэавыявы на экране не толькі ўтрымлівалі дзіцячыя партрэты нашых цяперашніх салістаў, але і, разам з трыма опернымі фрагментамі, надавалі канцэрту “касмічнасці”.

Харэаграфія сучасных нумароў, сабраных у другім аддзяленні, была рознай. Побач са стыльнымі нумарамі сустракалася і крыху эклектыкі. Але было заўважна, што, кідаючыся ад неакласікі да эстрады, тая ж Вольга Костэль імкнецца знайсці свой почырк. Побач з удалымі замежнымі пастаноўкамі выбудавалася і лінія пераемнасці айчынных майстроў: ад таго ж Елізар’ева да ягонага выхаванца Раду Паклітару і, далей, да Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова, якія праз супрацоўніцтва з апошнім і выкананне яго кампазіцый прыйшлі да ўласных пастановак. Пры ўсім палёце фантазій (у кожнага — сваіх), іх аб’ядноўвае асаблівае ўменне слухаць, чуць і тонка адчуваць музыку, ствараючы на яе аснове “сімфанізаваную” харэаграфію, заснаваную на развіцці пластычных элементаў-зерняў. А сам канцэрт засведчыў перспектыўнасць гэтага жанру. Чаму б і надалей не практыкаваць у тэатры штосьці падобнае? Зусім не абавязкова з запрошанымі зоркамі.

...і будучыні

Заўтра новага фестывалю выклікае пытанні-хваляванні. Як запэўніў генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка, праз некалькі гадоў у рамках “Балетнага лета...” плануецца міжнародны конкурс — як гэта адбылося з нашым Калядным оперным форумам. Але пакуль наша балетнае свята яшчэ толькі намацвае далейшы шлях. Невыпадкова ў ім сумясціліся тры розныя фестывальныя ідэі. Адна — запрашэнне замежных зорак у спектаклі бягучага рэпертуару. Другая, куды больш фінансава ёмістая, — паказ спектакляў іншых тэатраў. Трэцяя — кірунак на сучасную харэаграфію, запатрабаваную ва ўсім свеце. Дык па якой сцяжынцы будзем рухацца далей? Ці, можа, знойдзем чацвёртую, пятую? Як бы тое ні было, а пошукі адметнай канцэпцыі, прыцягальнай на фоне сусветнай фестывальнай разнастайнасці, — справа не аднаго дня…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"