Сітуацыю аналізуем

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Міхаіл БАРАЗНА, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар
Чым былі адметныя сёлетнія дыпломы ў Акадэміі мастацтваў? Кардынальных адрозненняў у параўнанні з мінулым годам можна было і не заўважыць, але ў параўнанні з узроўнем дзесяці- або пяцігадовай даўніны яны відавочныя. Значна больш стала работ, якія сёння можна атаясамліваць з такой з’явай, як сучаснае мастацтва. Гэтая тэндэнцыя назіраецца ўжо не першы год. Акадэмічная традыцыя ў работах дыпломнікаў прысутнічае, але відавочная яе трансфармацыя. Гэта датычыцца ўсіх чатырох факультэтаў Акадэміі.

/i/content/pi/cult/491/10492/5-1.jpgНа факультэце экранных мастацтваў летась была цікавая абарона анімацыйных фільмаў. Тое ж тычыцца і рэжысёраў кіно. Таму трэба параўноўваць не з мінулым годам, а з больш даўнімі абаронамі. На прыкладзе аніматараў можна казаць пра інтэграцыю ў свет сучаснага мастацтва, у еўрапейскія тэндэнцыі. Дарэчы, гэтыя ж працэсы адбываюцца і ў нашых суседзяў, у прыватнасці — у Расіі. Там таксама ёсць праявы сінтэзу акадэмічнай якасці і канцэптуальнага, паводле сённяшняга разумення, погляду на жыццё.

Запомніліся абароны на графічным, прамысловым дызайне. Дызайнеры-графікі працуюць не для музеяў ці аздобы багемнага жыцця — іх творы прызначаны для рэальнага асяроддзя, прасторавай сітуацыі. Тыя плакаты, кніжная паліграфія з’яўляюцца часткай мастацкага інтэрактыўнага працэсу. Па дызайне транспартных сродкаў была прадстаўлена шырокая панарама — ад мадэлей, прызначаных для шырокага кола спажыўцоў, да рэчаў эксклюзіўных. У тым ліку і пілотныя праекты, напрыклад, макет аўтамабіля 2025 года, зроблены дыпломнікам у буйным нямецкім канцэрне.

Тэатральнае мастацтва таксама прадэманстравала, як мне падаецца, яркую тэндэнцыю. І, разам з тым, я рады, што выпуск заслужанай артысткі краіны Зоі Белахвосцік засведчыў прагу не толькі да кінетычных форм, пластычнага руху, відовішчнасці ў фармаце шоу, але і да тых традыцый сцэны, дзе псіхалагічны вобраз з’яўляецца асноўнай часткай працэсу. Хачу нагадаць, што гэты выпускны курс з месяц таму атрымаў у Санкт-Пецярбургу Гран-пры на Міжнародным фестывалі студэнцкіх тэатраў краін СНД, і не толькі. Абараняўся курс спектаклем, які быў паказаны на тым фэсце.

Мастацкі факультэт у нас, відаць, самы панарамны, складаны. Тут абарона запомнілася найперш тым, што мы ажыццявілі першы ў гісторыі мастацкай адукацыі Беларусі выпуск мастакоў-рэстаўратараў. Іх прызначэнне — праца з нерухомымі і рухомымі помнікамі. Гэта датычыцца фрэскавага, станковага жывапісу, графікі, іканапісу. Выпуск — даволі роўны і адпавядае ўсім стандартам рэстаўрацыйнай справы. Спадзяюся, яго веды будуць запатрабаваны не толькі ў практычнай, але і ў навуковай галіне. Уласна кажучы, рэстаўрацыйная школа ў нас ёсць, як і спецыялісты высокай кваліфікацыі, а вось навуковых доследаў бракуе, як і практыкі перадачы досведу праз навучальны працэс у акадэмічным асяродку. Думаю, выпускнікі бягучага года запачаткуюць такую практыку. Я ўпэўнены, што сёлетні выпуск рэстаўратараў у Акадэміі — такая значная падзея для культуры Беларусі, як калісьці, у 1953-м, першы набор графікаў, жывапісцаў, скульптараў…

Манументальны роспіс таксама прадэманстраваў цікавыя праекты. Гэта найперш работа, створаная выпускніцамі ў гатэлі “Мінск”. Вельмі добра, што яны паспелі зрабіць дыплом на месяц-паўтара ранейза тэрмін: да адкрыцця Чэмпіянату свету па хакеі работа была гатова.

Графіка традыцыйна прадэманстравала высокую тэхналагічную якасць. Але, здаецца, самае важнае, што работы кафедры графікі не зблытаеш. У іх — экспрэсія і моц, праз якую ёміста адлюстраваны дух часу (прагучыць пафасна, але яно насмрэч так). Ну і дадам, што ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску” праходзіў фінал “Арт-Сесіі”, дзе, упершыню ў гісторыі гэтай акцыі, былі прадстаўлены дыпломныя работы вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў Беларусі ды іншых краін. Нашы графікі — сёлетнія выпускнікі — атрымалі дыпломы лаўрэатаў, прычым галасаванне было аднагалосным.

Нельга абмінуць пэўнае крызіснае становішча ў жывапісе, але тычыцца гэта не толькі і не столькі самой Акадэміі. На “Арт-Сесіі” ў намінацыі “Жывапіс” не было прысуджана звання лаўрэата ніводнаму ўдзельніку. І падобны стан з’яўляецца тыповы рысай для мастацтва ў Беларусі і замежжы.

Мы сітуацыю аналізуем і прадугледжваем у навучальным працэсе пэўныя крокі для таго, каб дадаць дынамізму падрыхтоўцы жывапісцаў. Тэрмін “выхаванне” невыпадковы, бо светапоглядныя чыннікі — бадай, вызначальныя. Студэнт Акадэміі мусіць атрымаць прафесійныя веды і развіць пэўныя рысы характару. Цягам шасці гадоў імкнёмся навучыць самастойнасці, падрыхтаваць да жыцця і працы ў варунках інфармацыйнага грамадства.

Мы акрэслілі захады для таго, каб на кафедру жывапісу прыходзіла пакаленне маладых. Ізноў падкрэслю, што гэта не столькі праблема кафедры жывапісу, колькі праява стаўлення да апошняга. У культуры, у грамадстве наогул узрастае цікавасць да манументальных форм, інфаграфікі, фотаграфікі, дызайну. Станковы жывапіс і, у пэўным сэнсе, станковае мастацтва апынуліся на перыферыі. Ім цяжэй знайсці сваё месца ў сучаснай архітэктуры, прыстасавацца да новай эстэтыкі. А вядома, што архітэктура заўжды вызначала тып і від жывапісу. І сёння архітэктарам ды мастакам трэба разам шукаць паразумення, дбаць пра сінтэз, абмяркоўваць перспектывы. Мастакі-станкавісты, на маю думку, павінны зыходна арыентавацца не на папаўненне сваімі творамі музейных фондаў і не на спарадычнае з’яўленне карцін, скульптур, графічных аркушаў у выставачных залах, а на сталае існаванне работ у публічнай прасторы. Мяркую, што і грамадства мусіць зрабіць захады для рэалізацыі сацыяльнай функцыі творцаў.

Хачу сказаць, што ў Акадэміі, нягледзячы на не ідэальныя ўмовы для навучальнага працэсу (ідзе капітальны рамонт галоўнага будынка, і ўсім кафедрам ды адміністрацыі давялося моцна “ўшчыльніцца”), традыцыя не згублена, праграмныя патрабаванні не зніжаны ды якасць адукацыі не пагоршылася. Упэўнены ў тым, што мерапрыемствы юбілейнага, 70-га, года — выстаўкі, выданні альбомаў, каталогаў — падцвердзяць: Акадэмія з’яўляецца не проста навучальнай установай, але і сапраўдным цэнтрам сучаснага мастацтва. У юбілейны год плануем зладзіць пазітыўную, без лакіроўкі, палеміку па шырокім спектры праблем мастацтва, абмеркаваць сённяшні стан і перспектывы творчай сферы, для якой рыхтуем кадры…

Фота Юрыя ІВАНОВА