Без дыму і агню

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Цягам года з дзецьмі і падлеткамі ладзіцца шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на засваенне асноў бяспечнай жыццядзейнасці. Колькасць такіх акцый, разнапланавых і маштабных, пастаянна павялічваецца. Днямі ў сталічным кінатэатры "Кастрычнік" быў рэалізаваны прафілактычны праект "Канікулы без дыму і агню".

У мерапрыемстве бралі ўдзел члены Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, работнікі Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Таварыства выратавання на вадзе. Дзецям былі раздадзены ўлёткі-памяткі па пажарнай бяспецы. Праводзіліся віктарыны па АБЖ, абмяркоўваліся тэматычныя сітуацыйныя задачы, дэманстраваліся навучальныя відэафільмы…

За бягучы год у Беларусі зафіксавана больш за тры тысячы пажараў, на якіх загінула 368 чалавек, у тым ліку 9 дзяцей. За гэтымі лічбамі — боль і адчай тых, хто перажыў трагедыю…

Ці ведаеце вы формулу бяспекі? Яна простая: трэба прадбачыць бяду, па магчымасці пазбегнуць яе, дзейнічаць рашуча, змагацца да апошняга. А небяспечных сітуацый вакол нас нямала. Амаль усе пажары бываюць спачатку невялікімі, іх лёгка затушыць. Пра гэта і ішла гаворка ў "Кастрычніку". Кожны з нас адказвае за тое, каб дома, на працы было як мага менш парушэнняў пажарнай бяспекі.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС Мінска