Усведамленне сваіх каранёў!

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна- мемарыяльнага музея Якуба Коласа
Мне даспадобы лацінскае выслоўе “Заўжды шануй сляды мінулага”.

/i/content/pi/cult/490/10479/12-4.jpgЯ гэта кажу як спецыяліст, які працуе ў музейнай сферы з 1975-га. Дваццаць сем з паловай гадоў — у Музеі Коласа. Гэтая асоба ўяўляецца мне ўзорам, калі хочаце — эталонам сумленнага творцы і культурнага чалавека. Якраз беларуская нацыянальная традыцыя, побытавая і культурная, вызначыла ягоныя жыццё і творчасць. Базавымі чыннікамі творчасці Якуба Коласа былі маральныя прынцыпы і веды, атрыманыя ад бацькоў, добрая адукацыя і сяброўскія стасункі з выдатнымі асобамі свайго часу. Чыннікаў — тры, але першасны ўсё ж такі — сямейная традыцыя. Менавіта ў сям’і Колас навучыўся ладзіць з людзьмі, памяркоўна ставіцца да апанентаў, не пераходзіць мяжу, за якой канфлікт перарастае ў варожасць. Гэта, лічу, і ёсць галоўныя якасці чалавека культурнага.

Мо на побытавым узроўні многія лічаць, што жыццё да культуры наўпростага дачынення не мае. Побыт, праца — гэта адно, а культура — маўляў, іншае, надзвычайнае, накшталт, у нядзелю схадзіць на канцэрт ці ў музей. А калі культура — штодня, дык хіба толькі для артыстаў, мастакоў, а не для звычайных людзей…

Так, ёсць культура як прафесія. Але насамрэч гэтае разуменне куды шырэйшае. Высокая кваліфікацыя ў навуцы ці на вытворчасці немагчымая без культурнага чынніка. Тое ж датычыцца якой заўгодна сферы дзейнасці. А пачынаецца культура, нагадаю, з усведамлення сваіх каранёў і шанавання мінуўшчыны.

60 — 70 гадоў таму не толькі для сталых людзей, але і для моладзі былі зразумелыя тыя рэчы, з’явы, рэаліі, што адлюстраваны ў творах Купалы і Коласа. Сёння ж наведвальнікаў музея, асабліва моладзь, здаецца, часам больш цікавіць не творчасць Якуба Коласа, а экзатычнасць захаванага ў нашых сценах побыту сярэдзіны мінулага стагоддзя. Бо для свайго часу асабняк, які дзяржава прадаставіла класіку, быў узорам утульнасці і рэспектабельнасці. Зрэшты, не так важна, што канкрэтна напачатку чапляе вока гледача. Няхай гэта будзе побыт. Але на тое і патрэбны музейшчыкі, каб потым скіраваць увагу наведвальніка на рэчы насамрэч важныя — на творчасць асобы, якой мемарыяльны музей прысвечаны.

Музей пры гэтым не павінен станавіцца забаўляльным цэнтрам: тады людзі не разумеюць каштоўнасці рэчаў і дакументаў, якія тут захоўваюцца. Калі перабольшыць з тэхнічным аснашчэннем, страчваецца аўра (асабліва гэта датычыцца мемарыяльных музеяў), знікае ілюзія спыненага часу, што надае пэўную містычнасць прасторы. Віртуальнасць не можа замяніць пачуцця далучанасці да чагосьці вельмі важнага. Між тым, музеі ўсё больш і больш становяцца віртуальнымі, а разам з імі і культура губляе ў пэўным сэнсе матэрыяльны грунт…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"