Аўдыя & Відэа-4

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Чэрвеньскія аўдыярэлізы айчынных выканаўцаў (відэаработы, відаць, з’явяцца пасля сезона адпачынкаў) сёння рэцэнзуюць спявачка Ірэна КАТВІЦКАЯ (A) і спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура" Алег КЛІМАЎ (B).

/i/content/pi/cult/490/10474/9-3.jpg

Аўдыя

Гурт “The Glitchhh”, міні-альбом “Versus 0,001”

/i/content/pi/cult/490/10474/9-5.jpgА.: Чатыры кампазіцыі, дзе гучаць толькі барабаны ды гітара і трохі “дызайну”. Канцэпцыя выклікае сімпатыю: тэмбры, абертоны, фарбы, малюнак колеру і адценняў... Цяпер застаецца яе рэалізаваць. І... Ох, якасць запісу для майго вуха — каламутная, невыразная, бруднаватая акустыка. Пры гэтым адчуваецца прыродная натуральнасць абсалютна ўпэўненых у сабе людзей, якiя недастаткова добра валодаюць інструментам. Я маю на ўвазе не столькі віртуозныя “палівы”, колькі пытанні гуказдабыцця, максімальнае выкарыстанне магчымасцей інструментаў. Аднак працэс пошуку сэнсаў ідзе поўным ходам, што правільна! Увогуле, я разглядала б запіс, хутчэй, як рабочыя матэрыялы, з якіх потым і вырастае нешта цэласнае. Для канцэпцыі, што агучылі самі хлопцы, патрэбна рухомая і ўчэпістая музычная думка, праца над фактурамі, паўзамі, музычнай формай, спалучэннямі тэмбраў, вялікая ўдумлівая праца над “фірмовым” саўнд-дызайнам. А рэальныя гісторыі патрабуюць дэталёвай працы з выявамі, што нашмат больш складана за абстрактнае мастацтва. Хочацца звярнуць увагу музыкантаў на тое, што ім дакладна спатрэбіцца: фактуры сакральнага мінімалізму, la musique spectrale, “канкрэтная музыка”, пачынаючы з П’ера Шефера, адкрыцця Штокхаўзэна. Удачы!

В.: Мінскі дуэт (гітара + ударныя ды ў дадатку — гукавыя эфекты) прапанаваў слухачам у сваім міні-альбоме чатыры інструментальныя кампазіцыі, дзе ўпор, у прыватнасці, робіцца на дэманстрацыю прафесійных навыкаў артыстаў, што, як тое нярэдка здараецца ў падобных праектах, на шкоду агульнаму канцэпту запісу не пайшло. Зусім не. Нават пры адсутнасці якіх-небудзь выразных цэласных мелодый, усе гэтыя як бы імправізацыйныя кавалкі, сам рэліз не распадаюцца на, скажам, “запілы” з, дапусцім, брэйкамі, і самі музычныя тэмы. Гэта значыць, “мухі з катлетамі” тут суіснуюць у гармоніі. Па стылістыцы гэта жорсткі, акцэнтаваны рок, з нойзавымі адценнямі; па ўнутранай філасофіі — урбанiстычна-рамантычныя тэмы, фантасмагарычныя і сюррэалістычныя, з пераднавальнічнай атмасферай, але — з “настальгіяй па сапраўдным”, з морам, травой, пяском, сонцам у сямейным альбоме. І дзесьці тут чалавек — паміж мінулым і будучыняй свету, такога канкрэтнага і ўсё ж яшчэ з не памерлымі сапраўднымі пачуццямі…

Гурт “Не прислоняться The Band”, альбом “На мяжы вымірання”

А.: Відавочная вартасць гэтага альбома — лёгкасць тэксту і музыкі, якія не напружваюць, і выканальніцтва. Паслухаў — і не заўважыў, што менавіта. Даволі гнуткі падлеткавы вакал, пазбаўлены індывідуальнасці, і, вядома, злёгку гугнявы. Я баюся, гугнявасць — гэта нават не мода. Гэта сімулякр. І няма “фішак”, якія маркіравалі б менавіта дадзенага выканаўцу. Тэксты? Працягваем працаваць над імі, памятаем: дасканаласць недзе наперадзе. Якасць запісу? Інструменты існуюць далёка за ватнай сцяной. Сапраўды, шкада, што студыю не выкарыстоўваюць як пляцоўку для эксперыментаў. Што маем? Хіба адны мінусы? Ні ў якім разе! Пры запісе матэрыялу і працы ў студыі атрымліваем галоўнае: досвед і прафесійнае развіццё. Можа, аблягчыць фактуры аранжыровак? “Уключаць” інструменты ў правільныя моманты, працаваць з паўзамі ды музычнымі формамі і, натуральна, доўга і ўпарта перабіраць варыянты саўнд-дызайну. Разгрузіць кампазіцыі ад слоўнага марафону, пакінуць больш інструментальнай прасторы для выразнасці. Разнастаіць па-дзіцячы наіўныя гармоніі і зусім не аформленыя коды. Калегі, знайдзіце ўласны фірмовы саўнд, стварыце свой унікальны пазнавальны вобраз!

/i/content/pi/cult/490/10474/9-4.jpgВ.: Здараецца і так, што, выпусціўшы дэбютны альбом, калектыў, які запісаў яго, раптам тут жа распадаецца. Прычын для такога рашэння — тузін з вазочкам. “Не прислоняться The Band”, выдаўшы працу, абвясціў пра бестэрміновы творчы адпачынак. Калі каманда па нейкай прычыне мае патрэбу ў маёй парадзе, то вяртання ёй я пажадаць і хачу. Перад намі — пругкі, баявы, драйвовы рок: у нейкіх песнях ён мякчэйшы, у іншых — альтэрнатыўны. Тэкстамі ўдзельнікі гурта свет не перавярнулі, але і без лабавых банальнасцей пра тое, як ім і нам жывецца на гэтай планеце, амаль абышлося. Ансамбль сыграны, інструментал дастаткова сакавіты, вакал слыху не рэжа. Увогуле, хлопцы, не варта вам пераходзіць мяжу, заяўленую ў назве альбома. Чакаю перазагрузкі, бо сышлі вы са шчытом, а таму — сцяг, гітары, ударныя, мікрафоны і прымочкі ў рукі!..

Гурт “Vox Mira”, альбом “Vox Mira”

А.: Імпануе не вымучаная ідэя альбома — “проста песні”: “падабаецца — слухайце, не падабаецца — выкідайце”. Гэта сумленная пазіцыя артыста. Слухаем! Гэта, я сказала б, “музычная музыка” — досыць шматслойная і палiжанравая. Адразу разумееш, што маладыя таленавітыя музыканты занадта шмат чаго не ігралі, і яно прагна ўстаўляецца: у альбоме ёсць і джаз, і рок, і поп. Добра арганізаваная музычная прастора, у якой зручна размяшчаецца голас, якасныя канструкцыі аранжыровак. Формы добра прадуманы. Вакал — гнуткі, па характары тэмбру — прэснавата-правільны. Але які прыемны фальцэт! Дарэчы, вельмі пераканаўча гучыць голас у тых фрагментах, дзе раскрываецца тэмбр і сыходзіць стандартная гугнявасць сярэднестатыстычнага юнага спевака. Крыўдна, але зусім не адчуваецца эмацыйнага развіцця, адкрыта не хапае голасу ў кульмінацыях. А пра што спяваецца? Набор прыгожых слоў, якія за адсутнасцю сувязі паміж імі лёгка перагортваюцца ў калейдаскопе. А ёсць яшчэ англамоўныя песні, вось толькі не так гучаць многія з англійскіх фанем. Часам крытык раіць музыканту: паслухай тое і тое — ды скапіруй або “выкрадзі” злёгку. Я раіць не буду: хлопцы і так цудоўна ўсё ведаюць — у іх проста іншая задача.

В.: Яшчэ адзін дэбютны поўнафарматнік ад каманды, некалі вядомай як “Inomarki”. Тут — шэсць старых, але перазапісаных кампазіцый, і столькі ж навінак. Матэрыял альбома — руска- і англамоўны. Асобныя меламаны і спецыялісты па-ранейшаму лічаць калектыў па рангу “кавер-бэндаў”, ставячыся ў сувязі з гэтым да яго з некаторай пагардай. Сапраўды, “іншамаркі” пачыналі з “рымэйкаў”, дый цяпер іх выконваюць, але “Vox Mira” — іншая. І, ужо паверце мне ці паслухайце самі, аўтарскія трэкі —добрыя! Нягледзячы на тое, што асабліва скрупулёзныя і музычна адукаваныя з крытыкаў знойдуць і тут схаваныя ды, на іх погляд, відавочныя цытаты з класікаў сусветнага року, намёкі на іх або “прывітанні” ім жа. Як, напрыклад, у трэку “Wake Up”, дзе асабіста я — валодаючы ведамі ў адпаведнай “матчастцы” — пачуў фрагмент, навеяны творчасцю вялікіх “Queen”. Але ўсе адсылкі — да месца, добрыя і смачныя, а ў цэлым праца — гэткае трошкі “ню-рок-рэтра” — пакідае вельмі прыемнае ўражанне. Кода “Я граю няпростую ролю” — немудрагелістая быццам бы, але такая кранальная...

Гурт “J:Морс”, альбом “Фотаздымкi 2003 — 2014”

А.: Такім чынам, адзінаццаць кампазіцый, напісаных у розны час. Прафесійна вывераныя аранжыроўкі, якасны саўнд-дызайн, выдатная якасць запісу. Прафесійная праца з вобразамі, асабліва ў кампазіцыі “Web-дызайн (swing version)” — такая ўтульная, як... пакой акцёра, трохі лялечна-тэатральная, але адчувальная, вобразная. “J:Морс” стабільна і спакойна жыве ў сваім стылі. Выклікае любоў і павагу, мае сваю немалую папулярнасць. А поспех асабіста ў мяне выклікае радасць і гонар “за сваіх”. Але мне шкада, што толькі для Беларусі... А чаму? Можа, з інфраструктурай нешта не так? А можа, як кажуць біёлагі, “зменлівасць — залог выжывання віду”? Захацелася хуліганства ды эксперыментаў. І паслухаць, а як гэта будзе выглядаць з міжстылявымі інкрустацыямі: неакласіка, харавыя фактуры, мадальны джаз, і, вядома, этна, асабліва вакальныя аплікацыі! Я выбіраю “зменлівасць” нават і ў рамках улюбёнага кірунку.

В.: А вось і анонс будучага вялікага вяртання! Ужо культавы і легендарны гурт, які радаваў апошнімі гадамі толькі рэдкімі афіцыйнымі канцэртамі, завёў пабочны праект “Нафта”, часткова змяніў за гэты час склад і менеджмент, рыхтуе да выпуску новую праграму. А пакуль дорыць альбом рэдкіх і нявыдадзеных трэкаў, дэма-, “жывых” ды іншых версій ды такіх рарытэтаў, як, да прыкладу, дарожка “Пiва”, англамоўны варыянт песні “Маё сонца”, свінгавы “Web-дызайн” або “Анёлы не спяць” — кампазіцыя, запісаная сумесна з хорам “Фэст”. Натуральна, зборнік атрымаўся рознастылявы (наколькі падобнае вызначэнне дастасавальна да таго, што робіць калектыў). Пры ўсім маім роўным стаўленні да Уладзіміра Пугача & Ко, рэліз і для мяне стаў чаркай фірмовага бальзаму, у адрозненне ад многіх музычных “вадкасцей”, вымушана праглынутых мной за апошнія гады…

Чытайце таксама:

Аўдыя & Відэа-1

Аўдыя & Відэа-2

Аўдыя & Відэа-3

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"