Дзе ты, Шэрлак.by-2? І хто ты, герой нашага серыяла?

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Ці прыйдзе Жорж Сіменон на змену "Слядам Апосталаў"?
Ці любіце вы серыялы да такой ступені, каб пасля працы, ігнаруючы гастраном, ляцець стралой да "скрыні", у якой мужныя маскоўскія мянты ловяць чарговага маньяка або ў закінутай глушы чароўная абарыгенка ў 120-м эпізодзе нарэшце выпадкова сустракае свой лёс — прынца на белым "Бэнтлі", каб у 206-м катэгарычна ў ім расчаравацца? А потым яшчэ да глыбокай ночы суперажываць няпростым адносінам, што склаліся ў калектыве менеджараў сярэдняга звяна прадпрыемства па выпуску каўчукавай прадукцыі... Як выказаўся б пра такое мастацтва таварыш Сухаў, "серыял — справа тонкая"... У новым матэрыяле бачаннем таго, чаму айчынныя серыяльныя кінадзеячы не звяртаюцца да фактуры замежнай, дзеляцца дзве асобы, каго вы добра ведаеце, і нават раскрываюць і ўласныя патаемныя мары...

Акцёр Пусцільнік: "Пазбыцца б стэрэатыпаў!"

/i/content/pi/cult/490/10472/7-1.jpgДзмітрый ПУСЦІЛЬНІК, акцёр тэатра і кіно, тэлевядучы:

— Не скажу, што шмат здымаюся ў серыялах — беларускіх, расійскіх, сумесных,  але такой працы хапае. Калі мне цікавая драматургія, сама гісторыя, то я пагаджаюся на здымкі. Прафесія акцёра такая, што трэба быць у форме і гатовым да любых прапаноў, а ўжо потым разглядаць іх на прадмет таго, хочацца сыграць у канкрэтным праекце ці не. Часам даводзіцца ісці на кампраміс: ёсць сям’я, і трэба зарабляць грошы.

На жаль, цяпер серыялы эксплуатуюць пэўны тыпаж — бандыта, міліцыянера, ваеннага, прадажнага чыноўніка. Гэтыя "героі" не прайшлі і міма мяне, хоць я не стаў бы скардзіцца, што мне прапаноўваюць і я выконваю ролі толькі такога кшталту. Цяперашнія рэжысёры — і поўнаметражнага кіно, і серыяльнага — глядзяць перш за ўсё на фактуру магчымага акцёра: ім не так важная яго псіхафізіка, "нутро". І я іх разумею: кіно здымаецца хутка, працэс яго вытворчасці — максімальна мабільны, а значыць — трэба хутка падабраць склад выканаўцаў. Ды вось толькі якасць прадукту атрымліваецца адпаведная...

Шчыра шкада рэжысёраў, акцёраў, творчыя групы ў цэлым, якія вымушаны падпарадкоўвацца такому рытму, што дыктуюць ім прадзюсары. Вельмі спадзяюся, дажыву да таго часу, калі людзі кіно перастануць думаць спачатку аб прыбытку, а потым ужо пра якасць матэрыялу, паставіўшы на першае месца менавіта яго. А сёння я гляджу невядомы мне серыял і ведаю наперад, што ў ім адбудзецца цягам бліжэйшых пяці хвілін, пралічваючы карціну ад пачатку да канца. Шаблоны, калькі, адны і тыя ж блокавыя сцэны — вось што такое сёння сярэднестатыстычны
серыял, зняты на постсавецкай прасторы. "Адвёрткавая вытворчасць".

Не сорамна за маю апошнюю серыяльную ролю — у карціне "Сляды Апосталаў" Сяргея Талыбава, дзе я сыграў Ота Штольберга — гаўляйтара Нясвіжа. Усе тая мая крытыка ў дачыненні да серыялаў у меншай ступені адносіцца да гэтай работы. Мне даводзілася часам на здымачнай пляцоўцы прамаўляць тэкст аб’ёмам у пяць аркушаў — ад дыялогаў да маналогаў, — і ўсё на нямецкай мове! Гэта было нялёгка.

За што яшчэ мне як акцёру, як дзеячу кіно не сорамна з непасрэдна беларускіх серыялаў, знятых за апошнія гадоў дзесяць?.. Можа, "Талаш" Сяргея Шульгі? Калі б нешта па-сапраўднаму зачапіла, згадаў бы імгненна, але...

Ці быў бы цікавы беларускаму гледачу серыял, зняты ў нас і створаны на аснове якой-небудзь замежнай літаратурнай асновы, пра якую-небудзь рэальную асобу? Чаму б і не? Усё зводзіцца, зноў-такі, да таго, як гэта зробяць. Таленавіты рэжысёр можа такога накруціць вакол, дапусцім, рамана паміж... Юрыем Гагарыным і... Лізаветай II! А няздара самы нявінны, прамалінейны аповед можа зняць, нібы дрэнны дыпломнік. Чаму нашы сцэнарысты і рэжысёры не звяртаюцца да замежнага матэрыялу?.. Творчая баязлівасць, страх пайсці на эксперымент? Боязь цяжкасцей? Асцярога за сваё якое-ніякое рэнамэ, каб потым не выглядаць у вачах калег і гледачоў недарэчна?..

А ў мастацтве нельга баяцца! Можна, вядома, спасылацца на бюджэт: маўляў, "Беларусьфільм" не пацягне такі праект. Аднак, я думаю, калі б была ідэя, неардынарная заяўка, хоць бы накід драматургічнага матэрыялу, сінопсіс, хоць частка каманды, якая загарэлася б задумай, то нават наша не самая багатая кінастудыя ў свеце... не адмовіла!.. Я па досведзе ведаю, калі ў чалавека ёсць задумка, калі ён яе рухае наперад, а не чакае манны нябеснай, то і прадзюсары знаходзяцца, і спонсары, і пляцоўка. Калі ж няма ўнутранага "Хачу!", гарэння, імпульсу, нічога чалавек не дасягне, ні ў якіх сферах. Ці ёсць у нас такія сцэнарысты, рэжысёры, здольныя на гэткі "подзвіг"?.. Круцяцца ў галаве два-тры прозвішчы... Яны — людзі таленавітыя. Магчыма, патрэбен час? Яблык павінен саспець…

Я хацеў бы ў кіно сыграць што-небудзь... вострахарактарнае. Напэўна, якога-небудзь чэхаўскага персанажа. Нешта з Аверчанкі, Зошчанкi. У апошнія гады мне блізкія такія персанажы — з гумарам, блізкі сам жанр сацыяльнай сатыры, камедыі. З задавальненнем сыграў бы нешта з Булгакава. Цікава было б папрацаваць у рэзкім ключы, гратэскавым. Таму мне зараз цікавы менавіта жанр, а не пэўны герой. З заходняй прозы... Гашэк, з яго шыкоўным Швейкам. Мне вельмі падабаюцца творы Роальда Даля. Там такі смачны англійскi гумар! Можа, нешта “зрасцецца”. А пакуль — прапанавалі ролю міліцыянта... Але як жа ўсё ж такі хочацца збегчы ад клішэ ды стэрэатыпаў!..

Рэжысёр Бутар: "Мару зняць "Радавых"..."

/i/content/pi/cult/490/10472/7-2.jpgАляксандра БУТАР, рэжысёр, кліпмейкер:

— Наша кіно фінансуецца практычна толькі беларускай дзяржавай, айчынныя камерцыйныя структуры ў працэсе кінавытворчасці ўдзельнічаюць вельмі рэдка. Адпаведна, грошы выдаткоўваюць на карціны, сцэнарыі якіх грунтуюцца на нашай літаратуры, на нашай гісторыі, або дзеянне ў якіх адбываецца ў цяперашняй Беларусі. І гэта лагічна, калі дзяржава падтрымлівае ў першую чаргу ўсё нацыянальнае. Таму ў гэтым сэнсе айчыннаму кінематографу не цікавыя праекты, звязаныя не з нашай краінай.

Калі ж паспрабаваць пафантазіраваць, што нейкая прыватная кампанія вырашыла запусціць серыял, заснаваны на замежным матэрыяле, то перад яе ўладальнікамі адразу ж паўстае пытанне: а ці здолеюць яны вярнуць укладзеныя ў яго сродкі? Прасцей кажучы, ці здолеюць
прадаць серыял за мяжу (паколькі дэманстрацыяй яго толькі на тэрыторыі Беларусі грошы не адаб’еш)? Напрыклад, прэм’ерны паказ апошняга айчыннага серыяла (на беларускую ж тэму) "Сляды Апосталаў", знятага, дарэчы, дзяржавай сумесна з камерцыйнымі структурамі, адбыўся ў Расіі. А кожны серыял, набыты для паказу там, як і кожны расійскі прадукт, якую б якасць ён ні меў, змяшчае велізарную колькасць тэлевізійнай рэкламы. Да таго ж, калі звернеце ўвагу на цітры, то ўбачыце, што ў стварэнні такіх серыялаў нярэдка прымаюць удзел некалькі прыватных кампаній. А, калі гэта, дапусцім, літоўскі фільм, то ён, як правіла, ствараецца ў кааперацыі з некалькімі краінамі ЕС.

У нас жа няма ні рэкламшчыкаў, якія б ішлі ў кінабізнес, ні самога прыватнага бізнесу, што фінансуе кіно на сталай аснове. Таму любому беларускаму тэлеканалу больш выгадна набыць гатовы замежны кінакантэнт ды круціць яго, згодна з кантрактам, цягам пэўнага часу. У мяне была размова з вядомым айчынным тэлепрадзюсарам, які адкрыта сказаў: "Навошта мне марнаваць на вытворчасць адной нашай серыі 200 тысяч долараў, калі я магу купіць адну серыю "Сямнаццаці імгненняў вясны" за тысячу? І гэты серыял дакладна паглядзяць!" Гэта значыць, свой прадукт у нашых умовах — справа дарагая, а неабходнай колькасці гледачоў, каб выдаткі можна было акупіць, няма…

Што ж да творчага боку пытання, то ў нас ёсць і сцэнарысты, і рэжысёры, якія маглі б, што называецца, "падняць" замежны матэрыял. Але, зноў-такі, ці будзе такі серыял цікавы замежнаму гледачу? Не факт... Усё роўна гэта будзе "наш" фільм, прапушчаны праз наш менталітэт. Не ўпэўнена, што "беларускі погляд" на іх літаратуру, іх персаналій падасца ім жа вартым увагі. Існуе маса прыкладаў такіх серыялаў, і поўнафарматных стужак, знятых у Амерыцы, у Еўропе на, скажам, рускую тэму, якія выклікаюць і іранічныя ўсмешкі, і здзіўленне. Мне здаецца, замежнай публіцы якраз было б цікава паглядзець на нас, як на экзотыку, убачыць праект, дзе распавядаецца пра невядомыя ім краіну і людзей, з нейкімі характэрнымі праблемамі. І мне самой нецікава здымаць серыял пра якую-небудзь Францыю, дзе я не нарадзілася, не жыла, якой не дыхала. Я зняла б такі фільм, дзе герояў Шэкспіра змясціла ў нашы рэаліі. Было б цікава стварыць сумесны серыял пра наш час, дзе сутыкаліся б культуры розных краін. Але задумы мае зараз пра зусім іншае: мару зняць "Радавых" Дударава, я б паспрабавала папрацаваць з Караткевічавымі "Каласамі пад сярпом тваiм" — вось гэта атрымаўся б вялікі сумесны праект з Расіяй, Польшчай, Літвой, серый на дванаццаць... Мне, перш за ўсё, цікавае тое месца, дзе я жыву, людзі, сярод якіх жыву…

Такім чынам, мяркуючы па ўсім, не хутка мы з вамі дачакаемся серыяла, створанага на “Беларусьфільме”, у якім прафесар Роберт Лэнгдан, прачнуўшыся аднойчы ў шпіталі, пачне ўспамінаць усё... Ці апынёмся ў Канстанцінопалі — у самай гушчы прастадушнай рускай эміграцыі 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Хутчэй за ўсё, а 19-й з хвілінамі па буднях будзем і надалей сачыць за прыгодамі якога-небудзь ценявога дзялка, якi ўстаў на шлях выпраўлення, дзякуючы расійскім кінастудыям. У лепшым жа выпадку, налета, акурат да 70-годдзя Перамогі, чакаюць нас серыі чатыры найноўшага баевіка — пра часы Другой сусветнай, знятага ў родных павільёнах і на родных абсягах. З іншага боку, а яны нам патрэбны, серыяльныя аскары уайльды, шэрлакі ды іншыя марыны мнішак?..

У "К" № 21 рэжысёр Аляксандр Канановіч і акцёр Алег Гарбуз разважалі пра тое, які беларускі літаратурны або рэальны персанаж з мінулага ці дня сённяшняга варты таго, каб экранізаваць яго ў тэлесерыяле. А што наконт персанажаў замежных?

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"