Апладысменты — сімптом правалу

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

P.S. да выстаўкі авангарда ад куратара
Выстаўка “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта” ўжо завяршылася (выключэннем з’яўляецца яе “вулічная” частка). І пакінуўшы пэўны часавы інтэрвал на тое, каб “адклалася”, варта падсумаваць наймаштабную падзею ў айчынным сучасным мастацтве нават цяжка вызначыць, за колькі гадоў. Прадстаўнікі арт-супольнасці ўжо даўно дыскутавалі з гэтай нагоды — пакуль наведвальнікі, не спалоханыя нават высокай цаной білетаў, фатаграфаваліся на фоне розных дзівосных “штук”. Калі ж зусім спрошчана, то вердыкт прафесіяналаў можна сфармуляваць прыблізна так: “Недахопы, вядома, былі (і кожны называў тое, што сам палічыў недахопам), але не выпадае сумнявацца ў тым, што такія падзеі як паветра патрэбны для культурнага асяроддзя”.

/i/content/pi/cult/490/10470/6-1.jpg

Наталля ШАРАНГОВІЧ. / Фота Юрыя ІВАНОВА

— Ведаеце, калі б усе прыйшлі, паапладзіравалі ды рушылі б далей, гэта быў бы поўны правал! — пераканана куратар выстаўкі, дырэктар Цэнтра сучаснага мастацтва Наталля ШАРАНГОВІЧ. — Значыць, гэта “мёртванароджаная” з’ява, не здатная зачапіць гледача ды прымусіць яго думаць. Я пераканана ў тым, што вялікія праекты ў галіне сучаснага мастацтва павінны прадугледжваць не толькі візуальную частку. Неад’емнымі іх складнікамі з’яўляюцца як творы, так і інтэлектуальныя рэфлексіі, якія яны правакуюць. Таму калі выстаўка выклікае жаданне пагаварыць — пра работы, аўтараў, “куды рухаемся” і г. д., — можна не сумнявацца ў тым, што яна і сапраўды “спрацавала”.

— Многія з водгукаў былі крытычнымі: шмат “не тых” твораў, а “тых” — няма...

— Сучаснае мастацтва  — гэта не манумент, да якога трэба ўскладаць кветкі, а з’ява, заўсёды спрэчная. Той жа фестываль “Дах”, “вытрымка” з якога была ў нас прадстаўлена, — можна ставіцца да яго па-рознаму, але няма сумневу ў тым, што за гады свайго існавання ён зрабіўся падзеяй. Або, скажам, беларускі перформанс: варты ён чагосьці ці не? Абмяркуем?..

Гэтым разам мы паставілі сабе за мэту выявіць ужо сфарміраваны культурны пласт, таму былі абраны тыя аўтары або з’явы, што сябе зарэкамендавалі. Натуральна, у нетрах куратарскай групы ўзнікалі спрэчкі: што і каго паказваць? Увогуле, паколькі на маёй памяці гэта першая выстаўка сучаснага мастацтва такога маштабу, пэўныя падыходы мы адпрацоўвалі “вопытным шляхам”. Прыкладам, ад пачатку стаяла дылема: адбор павінен быць мяккім альбо жорсткім? Цяпер, ужо з вышыні атрыманага досведу, я схіляюся ўсё ж да другога: трэба больш жорстка адстойваць сваю пазіцыю.

— Калі кажам пра рэтраспектыву або “агляд дасягненняў”, навошта ідэйныя падмуркі?

— Думаю, проста выставак сучаснага мастацтва не бывае. Прынамсі, добрых. Павінна быць тэма, канцэптуальная вызначанасць. Таму і гэтым разам узнік слоган “Ад квадрата да аб’екта”. Такім чынам мы імкнуліся задаць пэўныя рамкі, вызначыцца з тым, што хочам паказаць. Бо паказаць усё — немагчыма.

 — Яшчэ адна думка, якая гучала пад час абмеркаванняў, — спарадычнасць, што характэрная для нашага арт-працэсу. Нешта з’яўляецца, потым бясследна знікае, затым з’яўляецца новае, як быццам на пустым месцы... Казаць пра паступальнае развіццё ў дадзеным выпадку праблематычна…

— Наша куратарская група мае прапанову праводзіць падобныя маштабныя выстаўкі рэгулярна, з перыядычнасцю раз на тры гады. Напэўна, гэта ідэальны тэрмін. Квадрыенале — занадта рэдка, каб у памяці захоўвалася повязь паміж гэтай падзеяй і папярэдняй. Біенале — занадта часта. Ці назапасіцца ў нас за два гады ўдосталь яркіх праектаў, каб запоўніць імі вялікія плошчы? Гэтым разам мы падсумоўвалі набыткі, што назбіраліся за ладны адмежак часу, таму і было з чаго выбіраць. Але наступным разам такой “форы” ў нас не будзе. Падсумавалі, паставілі кропку — і ўсё, трэба рухацца далей.

Увогуле, паколькі ў нас няма традыцыі правядзення вялікіх праектаў, проста нічога не застаецца, як толькі паступова выпрацоўваць гэты свой уласны фармат. І наўрад ці гэтае “ноу-хау” выкрышталізуецца ўмомант — павінны прайсці гады...

— А чаму нельга скарыстаць замежныя ўзоры?

— Такая спакуса і сапраўды ўзнікае. Але трэба разумець, што варункі ў нас усё ж даволі спецыфічныя, і ўзяць ды перанесці на нашу глебу, скажам, “Дакументу” або Венецыянскае біенале проста не атрымаецца. Гэта будзе не самага лепшага ўзроўню копія… Натуральна, замежны довед неабходна аналізаваць ды засвойваць, але пры гэтым мы павінны выпрацаваць нейкую ўласную формулу, якая б найлепшым чынам адпавядала менавіта беларускім рэаліям арт-жыцця: тым пляцоўкам, што ёсць у наяўнасці, нашым мастакам...

Натуральна, будзе цалкам лагічна, калі такі праект з цягам часу стане міжнародным: нельга варыцца ва ўласным соку. Але справа тут не ў колькасці і нават не ў прадстаўнічасці, а ў тэматычнай выбудаванасці. Таму для нас вельмі важна, каб гэта быў менавіта куратарскі праект. Самі куратары раз ад разу могуць змяняцца, выбіраючыся, скажам, на конкурснай аснове. Бо калі мы хочам выгадаваць сваіх моцных куратараў, трэба даць ім шанец…

— Як падаецца, гэтая модная ва ўсім свеце прафесія ў нас яшчэ доўга будзе недаацэненай, асабліва калі яна прадугледжвае толькі ідэйны ўдзел у праекце. “Дарадцы” ў нашых варунках не надта запатрабаваны...

 — Сапраўды, нам патрэбны куратары, якія могуць не толькі згенерыраваць арыгінальную ідэю, але і давесці яе да лагічнага завяршэння, утрапёна працуючы на ўсіх стадыях рэалізацыі. У той самы час, я пераканана, што вялікія праекты павінны рабіць не самі мастакі, як гэта ў нас часцяком здараецца, але менавіта куратары. Бо кожны творца — індывідуальнасць, і чакаць ад яго адстароненага погляду на арт-працэс наўрад ці выпадае. Уласна, для творчасці такая суб’ектыўнасць цалкам прадуктыўная, але калі рыхтуеш вялікую калектыўную выстаўку, трэба ўмець назіраць за падзеямі менавіта “збоку”, а не знутры, і даваць ім максімальна ўзважаную ацэнку.

Яшчэ адзін важны, на нашу думку, спосаб такой ацэнкі — заснаванне айчыннай прэміі ў галіне сучаснага мастацтва. Натуральна, гэта будзе сур’ёзны стымул для творцаў — асабліва маладых, — і сёння такіх стымулаў ім моцна бракуе. Прычым стымул, канешне ж, не толькі фінансавы, хаця і гэты бок таксама не павінен быць сімвалічным. Як сведчыць досвед суседзяў, дзе такія прэміі ўжо ўручаюцца не адзін год, яны вельмі сур’ёзна павялічваюць увагу грамадскасці і да канкрэтных аўтараў, і да самой з’явы. Асобную намінацыю добра было б стварыць для спонсараў ды мецэнатаў: трэба ж нечым матываваць гэты рух.

— Здаецца, вы закранулі хваравітае пытанне: дзе айчынныя гугенхаймы і пінчукі?

— Наракаць на іх адсутнасць можна да бясконцасці, але мушу зазначыць і іншае: пазабюджэтнае фінансаванне рэальна знайсці і ў нашых варунках. Мы ў гэтым пераканаліся, штогод ладзячы праект на плошчы Якуба Коласа. У яго не было ўкладзена ні капейкі дзяржаўных грошай — толькі спонсарскія. Раней знаходзіць гэтыя сродкі было куды больш складана, але цяпер мы ўжо ведаем, з якога боку падыходзіць да партнёраў ды спонсараў, як падаць ідэю праекта, каб яны ацанілі і яго значнасць, і плён ад свайго ўдзелу.

— Цэнтр сучасных мастацтваў, якім вы цяпер кіруеце, існуе ўжо даволі працяглы час, але пакуль што гэтую пляцоўку нельга назваць “раскручанай”...

— Спадзяюся, гэта часова. Тым больш, пагадзіцеся, сітуацыя змяняецца ўжо і цяпер: гэтыя сцены ўсё больш і больш набрыньваюць падзеямі. Цэнтр мне бачыцца як сінтэтычная пляцоўка з пастаянна адчыненымі дзвярыма, дзе заўсёды будзе нешта адбывацца: не толькі выстаўкі, але і спектаклі, перформансы, майстар-класы, творчыя лабараторыі, кінапаказы (цыкл апошніх ужо, дарэчы, распачаў наш супрацоўнік, вядомы фатограф і куратар Уладзімір Парфянок).
Музей — гэта заўсёды трохі кансерватыўная ўстанова, некаторыя аспекты яе дзейнасці патрабуюць спакою ды цішыні. А вось Цэнтр павінен стаць жывой пляцоўкай для крэатыўнага мыслення.

І самая важная мэта — паспрыяць ажыццяўленню тых шматлікіх смелых ідэй, якія лунаюць у нашым паветры. Людзі часта абмяркоўваюць іх за кубачкам кавы, але каб рэалізаваць, патрэбна дапамога, менеджмент, памяшканне, урэшце, свайго кшталту “легітымізацыя”. Мы гатовы падтрымаць паводле ўсіх гэтых пунктаў — вядома, калі ідэя сапраўды цікавая.

— Дарэчы, пра адчыненыя дзверы... Адна калега ўжо паскардзілася ў сваім артыкуле: маўляў, прыйшла на выстаўку, а дзверы акурат былі зачынены з-за нязручнага, на яе думку, графіка працы ўстановы...

— На сённяшні момант мы перажываем адказны перыяд рэарганізацыі, і таму графік сапраўды, магчыма, не вельмі зручны. Узнікае пытанне з тым жа штатным раскладам. Але, паўтаруся, гэта часова.

— Для ўвасаблення згаданых задум патрэбны і штат (не толькі наглядчыкаў), і матэрыяльная база, і ўкладанні ў рамонт...

 — Што да абсталявання... Сёе-тое ў нас ужо ёсць, але пры гэтым ставім мэту займець усё, што неабходна для аўтаномнага правядзення розных імпрэз: скажам, гук і святло. Пляцоўка вельмі цікавая: можна ладзіць адзін вялікі праект з некалькіх складнікаў, а можна — дзесяць дробных. Прыкладам, зручна будзе арганізаваць тут фестываль відэаарта, які даўно патрэбнен нашай культурнай прасторы.

Ну а інтэр’еры былых майстэрняў нагадваюць легендарны берлінскі “Тахелес”, што быў суперпапулярным праз сваю “нелакіраванасць”. Хаця, вядома, укладанняў памяшканне запатрабуе. Прыкладам, хацелася б стварыць адмысловую зону для дзяцей, дзе маглі б адбывацца нейкія адукацыйныя мерапрыемствы — зусім не такія, як у мастакай школе. Патрэбна таксама і пляцоўка для тэатральных паказаў.

Самая важная частка пытання тычыцца калектыву. Ён, бадай, сфарміраваны: невялікі (тут я праблем не бачу), але імпэтны. Імкнёмся, каб за кожны кірунак дзейнасці адказваў сапраўдны прафесіянал у гэтай галіне. Скажам, той жа піяр...

— Але ці можа ўстанова культуры канкурыраваць з камерцыйнымі “хэдхантарамі” на прафесіяналаў?

— Перадусім мы працуем не дзеля грошай. Мы робім нейкія рэчы, ад якіх атрымліваем задавальненне, калі нейкая добрая задума ажыццявілася, што адбываецца нейкі рух наперад. Я заўсёды была пераканана: у культуры павінны працаваць людзі, па-добраму апантаныя. Не проста пагаварылі, пажурыліся, але і зрабілі...

Прыкладам, не так даўно разам з Мінгарвыканкамам мы выступілі арганізатарамі Форуму вулічных тэатраў. Перыяд выпаў складаны: паралельна ішла выстаўка з яе суправаджальнай праграмай, рэарганізацыя, праз ліміт часу не ўдалося знайсці спонсара, але... У выніку ўсё атрымалася. Думаю, тыя людзі, якія не гатовы, калі трэба, працаваць без выхадных, у нашай справе і не затрымліваюцца. Сапраўды, многія маладыя творцы сёння ідуць у камерцыю, і гэта, вядома ж, заканамерна. Самае галоўнае, каб яны з галавой не патанулі ў гэтым заказным крэатыве. І менавіта праекты нашага Цэнтра павінны дазволіць ім ізноў адчуць сябе мастакамі ды рэалізаваць тое сапраўднае, што ў іх ёсць, хоць на час абстрагаваўшыся ад усіх гэтых штодзённых клопатаў…