Мне не хапіла… настрою ў конкурсе

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Алег ЧЭЧАНЕЎ, акцёр Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, рэжысёр
Артыкул Надзеі Бунцэвіч “Каб месца сустрэчы стала падзеяй...”, прысвечаны Нацыянальнаму фестывалю песні і паэзіі, што прайшоў у чэрвені ў Маладзечне, прымусіў мяне ўзгадаць свой леташні запіс у блогу: тады фестывалю споўнілася 20 гадоў. Плюс хочацца падзяліцца меркаваннямі з нагоды ўбачанай сёлета праграмы.

/i/content/pi/cult/490/10469/4-1.jpg...Далёкі 1993-ці. На той момант эмблема фестывалю “Мала93ечна” —гульня літар, лічбаў і гучання на беларускай мове — вяршыня крэатыву. Яна красавалася па ўсім горадзе. Арганізатары прынялі мудрае рашэнне пакінуць тую выяву ў першапачатковым варыянце — як памяць аб бліскучым старце гэтай падзеі. Канцэрты першага фестывалю праходзілі на футбольным стадыёне. Толькі-толькі распаўся СССР, і ў паветры імправізаванай залы панавала непаўторная энергетыка: адчуванне свабоды ды змен… І адтуль, з таго часу, рэхам даносіцца песня, якую выконвалі ўсе ўдзельнікі канцэрта. Ад яе беглі мурашкі па скуры: “Беларусь, Беларусь...”.

На закрыццё першага фестывалю быў запрошаны Юрый Антонаў. Маладзечанцы ганарацца тым, што спявак у часы сваёй маладосці жыў тут і навучаўся ў мясцовым музычным вучылічшы. На падмостках выступіла Тамара Гвердцэтэлі. І вось што запомнілася: не скупіўся тады глядач на кветкі, адорваючы імі як заезджых выканаўцаў, так і сваіх. А што самі беларусы? Аляксандр Саладуха ў 1993 годзе, як пішуць, — спявак з перспектывай. Ліка Ялінская — нядаўна Міс Мінска, прыгажуня, зорка беларускай эстрады. Яшчэ жывыя Уладзімір Мулявін (яго дзецішча — “Песняры” — знаходзіцца на чарговым піку папулярнасці) і Якаў Навуменка — кумір гледачоў сярэдняга і старэйшага пакаленняў...

Фестывальныя дні кардынальна змянялі размеранае жыццё раённага цэнтра. Горад нагадваў вулей. Ён гудзеў, перасоўваўся і пастрэльваў у паветра коркамі ад бутэлек шампанскага. Шкляныя аскепкі, якія знайшлі на полі пасля першага футбольнага матча, сталі асноўнай прычынай пераносу фестывалю на Цэнтральную плошчу. Тыя з гараджан, хто не змог купіць білеты, бясплатна глядзелі канцэрты з-за металічных агароджаў. Гледачы ў партэры давалі волю сваім эмоцыям: хтосьці танчыў у праходах, хтосьці падпяваў любімым песням. І ніхто не перашкаджаў публіцы дэманстраваць свае пачуцці. Так было на першых фестывалях. Памятаю адзін фэст, калі ўсе пагоркі ды газоны вакол плошчы ў адзін вечар ператварыліся ва ўсеагульны гарадскі пікнік. Маладзечанцы прыходзілі з дзецьмі, з сябрамі, накрывалі абрусы-самабранкі і ладзілі нефармальны адпачынак амаль на прыродзе. І самае галоўнае — пасля заключнага салюту гараджане акуратна разыходзіліся па дамах. Свята было для нас і ўнутры нас…

З першым фестывалем звязана адна гісторыя. Цырымонію адкрыцця і закрыцця ставіў тэлерэжысёр. Паводле “геніяльнай” задумкі, на фінальным гала-канцэрце з верталёта на гледачоў павінны былі пасыпацца ружы. На ролю раскідвальніка была прызначана жанчына з аддзела культуры. Вестка стала для яе шокам. Не ведаю, якой цаной, але яна апынулася ў верталёце, прывязаная вяроўкай. Феерверк з жывых кветак належнага эфекту не дасягнуў. Верталёт зайшоў на чарговы круг — ружы пасыпаліся міма стадыёна на суседні квартал… А што гэта было — кветкі або не кветкі — глядач так і зразумеў, не разгледзеў ды не ацаніў... Калі машына прызямлілася, жанчына, якая павышала голас толькі ў выключных выпадках, у рэзкай форме выказалася на адрас арганізатараў ды фестывалю ў цэлым. Казалі, што на наступны дзень яна напісала заяву аб звальненні. Заяву не падпісалі.

Мінуў 21 год… Фестываль прайшоў стадыі перафарматавання. Ён стаўся звыклай з’явай у чарадзе буйных культурных падзей горада, і той першапачатковы глядацкі ажыятаж паступова схлынуў. Зорак постсавецкай эстрады больш не запрашаюць. Знік з афішы традыцыйны пункт: начны канцэрт беларускіх рок-гуртоў. Ён праходзіў звычайна пасля цырымоніі закрыцця, гала-канцэрта, а ўваход на яго быў вольны. Самы вялікі плюс — фестываль атрымаў пляцоўку Амфітэатра, абсталяваную па апошнім слове тэхнікі. Мінус — гэта надвор’е, якое немагчыма прадбачыць. У горадзе кажуць, што менавіта яно апошнімі гадамі ўносіць свае карэктывы ў святочны настрой. Фестываль — гэта не толькі дэфіле гараджан па вуліцах і дэгустацыя прысмакаў, якімі гандлююць на выязных пунктах грамадскага харчавання, — гэта, у першую чаргу, конкурсная праграма.

Пазнаёміцца з праграмай бягучага года мне дапамаглі даўняя знаёмая кампазітар Алена Атрашкевіч і ўсмешлівая дзяўчына. Запрашальныя білеты былі атрыманы з рук Аліны Молаш (уладальніцы Гран-пры, якой і аказалася тая дзяўчына). У чарзе ў Афмтэатр стала зразумела, што не я адзін праходжу на канцэрт па запрашэннях, а не па набытых білетах. Назіраючы за выступленнем канкурсантаў і адзначыўшы пра сябе вакальны талент Аліны, я адказаў на самае галоўнае пытанне: чаго мне як гледачу не хапае? Я не разбіраюся ў тонкасцях ды асаблівасцях спеваў у закрытым памяшканні, у адкрытым або пад акампанемент аркестра і гэтак далей... Мне не хапіла ў праграме хаця б тройкі шлягераў, якія ўзнімалі б настрой, якія можна было б спампаваць на свой камп’ютар або выкарыстаць у якасці рынгтона.

Памятаеце час захаплення конкурсам італьянскай песні ў Сан-Рэма? Многія “завісалі” ля экранаў тэлевізараў і чакалі трансляцыі ў наступным годзе. Выканаўцаў ведалі па імёнах, а іх песні гучалі на дыскатэках, з аўтамабіляў, адкуль заўгодна і дзе заўгодна. Чым мы горшыя? Не веру, што беларускія кампазітары не могуць скласці шлягер і перадаць права яго выканання не раскручанаму спеваку, а — маладому, пачаткоўцу. Хоць бы ў рамках фестывалю. Публіка не павінна сядзець з каменнымі тварамі, ёй патрэбна порцыя станоўчых эмоцый, драйву! Было б нядрэнна, каб песні канкурсантаў у іншай аранжыроўцы раскручвала радыё і тэлебачанне задоўга да фестывалю. Бо папулярызацыя беларускай песні не абмяжоўваецца двума днямі нацыянальнага фестывалю. Думаю, тыя гледачы, хто сочыць за фестывальнай праграмай, чакаюць у наступным годзе феерверк цікавых, нестандартных ідэй і адкрыццяў. Пятнаццаты па ліку — маленькі юбілей. Лічба абавязвае.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр