“Прыватны выпадак” прыватнай галерэі

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Культурныя паслугі па месцы жыхарства
У нядаўнім адкрыцці галерэі Кастуся Качана ў Навагрудку ўзялі ўдзел Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, міністр культуры Барыс Святлоў, іншыя прадстаўнікі органаў улады. І ўжо толькі гэтая акалічнасць пераканаўча сведчыць: зялёнае святло з боку дзяржавы такім праектам забяспечана, а прыватная ініцыятыва — зусім не “наказуема”. Яе выключную значнасць для развіцця культуры сёння разумее кожны, і засталося толькі разабрацца з прыкрымі дробязямі ды ўдасканаліць алгарытм увасаблення сацыяльна карысных мараў. Важна і тое, каб захады працавалі ў комплексе, бы тыя часцінкі пазла ствараючы цэльны “культурны ландшафт”. Але ж з яго фарміраваннем у нашых гістарычных гарадах пакуль шмат праблем, якія наўрад ці маюць лёгкае вырашэнне.

/i/content/pi/cult/490/10467/4-3.jpg

Кастусь Качан ля першай у Навагрудку карціннай галерэі — прыватнай.

Вымушаны навабуд

Жыў на свеце мастак. І болей за ўсё ён любіў маляваць краявіды, асабліва — роднай Навагрудчыны. Здавалася б, каго гэтым можна здзівіць. Але ў творчасці важная душа і майстэрства. Таму мастак займеў вядомасць, прыхільнікаў, пакупнікоў — і, як вынік, сякія-такія грошы. Як натура рамантычная, ён вырашыў патраціць іх не на патрыманы “Porsche Cayenne”, але на стварэнне ўласнай галерэі — вядома ж, у Навагрудку, дзе дагэтуль такога не існавала. І вось у двух кроках ад замка паўстала дыхтоўная камяніца, стылізаваная пад шляхецкія сядзібы.

Выйшаўшы на балкон уласнай майстэрні, мастак можа бачыць свае ўлюбёныя краявіды — і руіны вежаў, і Фарны касцёл... Але на гэтым ідылія сканчаецца: позірк ўпіраецца ў невыразную будыніну “жыццесцвярджальнага” зялёнага колеру. Мяркуючы па свежым сайдынгу, яе наўрад ці варта залічваць да архітэктурных пралікаў былой эпохі. Такія бесцырымонныя “ўварванні сучаснасці” сведчаць не толькі пра брак комплекснага архітэктурнага бачання. Гэта адзін з парадоксаў развіцця нашых усё яшчэ патэнцыйных турцэнтраў. Як быццам, яны ў задуменні топчуцца на ростанях, не ведаючы, што абраць: нуднаватыя, але рэальныя патрэбы альбо ашаламляльныя, але прывідныя перспектывы.

У выставачных залах адчуваецца шляхетная музейная атмасфера і пах свежага лаку. Агулам рэалізацыя праекта запатрабавала ад мастака дзевяць гадоў, прычым асноўны аб’ём будаўнічых работ быў зроблены яшчэ ў 2008-м, за якія пяць месяцаў. Таму планавалася, што адкрыццё галерэі зойме пачэснае месца ў праграме вялікага фэсту, прысвечанага ўгодкам Грунвальдскай бітвы, які прайшоў у 2010-м. Але каб давесці справу да ладу, ва ўласніка тады не хапіла сродкаў. І паколькі ні на субсідыі дзяржавы, ні на льготныя крэдыты “прыватнік ад культуры” спадявацца не можа, справа замарудзілася.

Ды і сама першапачатковая задума спазнала карэктывы. Кастусь Качан меркаваў выкупіць два гістарычныя будынкі, якія былі ў непрыглядным стане, ды стварыць там не проста галерэю, але невялічкі арт-цэнтр, здатны запрашаць на рэзідэнцыю айчынных і замежных мастакоў. Новае будаўніцтва планавалася толькі на стадыі пашырэння комплекса — гэта значыць, у светлай перспектыве.

Але ў выніку ўсё атрымалася зусім іначай. Адзін з тых дамкоў мастак набыў разам з участкам за досыць невялікую суму. А ў другім цяпер працуе звычайная крама.

— Гэты будынак знаходзіўся ў прыватнай уласнасці, прычым гаспадароў там было шмат, і ў гэтых варунках цяжка прыйсці да згоды, — распавядае Кастусь Качан. — Адзін хацеў прадаваць, другі не хацеў, і цягнулася тое гады два. Потым, калі справа, нібыта, вырашылася, балансавы кошт атрымаўся завялікім — 52 тысячы долараў. І я зразумеў: давядзецца будаваць новую камяніцу.

Твор архітэктара Лявонція Зданевіча — амаль эталонны ўзор таго, якім павінен быць “навабуд” у гістарычным месцы. А вось той старэнькі дамок з ахоўнаю шыльдаю ды забітымі вокнамі, які яшчэ не так даўно можна было ўбачыць на подступах да замка, некуды знік. Грамадскасць, натуральна, усхвалявалася. І гэта зразумела: ніякі дыхтоўны навадзел не можа замяніць нават самы шараговы ўзор гістарычнай забудовы.

Як распавёў мастак, замены і не адбылося. Будынак галерэі паўстаў на той частцы пляцоўкі, дзе раней былі прагнілыя “шпакоўні”. А што да самога помніка спачдыны...

— Дом цікавы, але... аварыйны, — тлумачыць Качан. — Спецыялісты, якія рабілі абследванне, прыйшлі да высновы, што для эксплуатацыі ён непрыдатны, і адзінае выйсце — разабраць і адбудаваць наноў паводле выкананых абмераў. Дазвол на гэта быў атрыманы, і працы, як бачыце, ужо вядуцца.

І сапраўды, за парканам заўважны відавочныя прыкметы будаўнічай актыўнасці. Пакуль яшчэ ў сутарэннях — хаця б яны, хочацца верыць, застануцца аўтэнтычнымі. У дадатак, высветлілася, што гэты дом мастаку ўжо не належыць.

— У мяне не засталося ні сіл, ні сродкаў, таму я намовіў узяцца за будынак свайго земляка, чалавека заможнага, — распавядае Кастусь Качан. — Ён прызнаўся, што грошы яму не трэба — хочацца нешта зрабіць для Навагрудка. Тут будзе зала для выставак і камерных імпрэзаў, а ўверсе — тры пакоі для мастакоў, якія б прыязджалі на пленэры.

Пытанні юрыдычнага статусу прыватных музеяў вырашаюцца па-рознаму. Некаторыя наогул лічаць за лепшае яго не мець (што, аднак, поўнасцю выключае легальную камерцыйную дзейнасць, уключна нават з продажам квіткоў), некаторыя рэгіструюцца ў якасці аграсядзібаў. Кастусь Качан вынайшаў “ноу-хау”.

Дамок быў набыты як жылы. Праз нейкі час ён дэ-юрэ пераўтварыўся ў “комплекс будынкаў карціннай галерэі”. Гучыць гэта паважна, але нясе і шмат праблем. Уключна нават з “камуналкай”, якая для падобных установах налічваецца зусім па іншых, “камерцыйных” тарыфах. Таму ў выніку юрыдычных пературбацый дом ізноў стаў жылым, а Кастусь Качан зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрмальніка, які мае права аказваць “паслугі па месцы жыхарства”.

Адсюль і выснова: энтузіяст знойдзе выйсце з любой сітуацыі. Але, вядома, было б куды лепей, каб такі вельмі “прыватны выпадак”, як прыватная галерэя, займеў уласную юрыдычную базу, адэкватную свайму камерцыйнаму патэнцыялу.

Лішне нават казаць, што ён пакуль нулявы. Квіток у галерэю каштуе ажно дваццаць тысяч, але прыбытку — ніякага. Зрэшты, яно і зразумела. Большасць турыстаў прамінае Навагрудак ледзь не транзітам: паглядзелі галоўныя адметнасці — і далей у шлях. Чаму так стаецца, тлумачыць, пэўна, не трэба.

“Слаёны пірог” гісторыі

Інфраструктура цэнтра Навагрудка — даўно ўжо “притча во языцех”. Прыкметай прагрэсу за 5-7 апошніх гадоў стала з’яўленне ў кавярні (адзінай ва ўсёй турзоне!) нармальнага кававага апарату — раней была толькі распушчальная. Але напагатове і больш радыкальныя зрухі: на цэнтральнай плошчы будуюцца два гатэлі. Алгарытм аднолькавы: знесці старую камяніцу і зрабіць яе рэпліку — натуральна ж, адаптаваную да патрэб інвестара.

Можна доўга спрачацца пра дапушчальнасць такога падыходу, і праўда ў кожнага будзе свая. Актывіст у справе аховы спадчыны абавязкова зазначыць, што пры сучасным развіцці тэхналогій “безнадзейных” помнікаў быць не можа. Уласнік будзе спасылацца на будаўнічыя нарматывы, ад выканання якіх залежыць бяспека людзей, а таксама, зразумела ж, на каштарыс.

Напэўна, кампрамісным варыянтам можа стаць захаванне калі не гістарычнай цэглы, дык хаця б гістарычнага аблічча помніка. Тым больш, і з гэтым пакуль праблемы. Прыкладам, не так даўно на той самай плошчы адкрыўся пасля рэканструкцыі Раённы дом культуры. Падзея папраўдзе доўгачананая: рамонт ішоў не адзін год, месцічы цярпелі праз адсутнасць цэнтральнай “культурнай” пляцоўкі... Праблема толькі ў тым, што выгляд гэтай гістарычнай камяніцы, унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, змяніўся бадай да непазнавальнасці: знікла ляпніна на фасадзе, паўкруглы франтон... Карацей, усё тое, што і ўяўляе з сябе асаблівасці, неабходныя для надання аб’екту статуса помніка.

Зрэшты, як патлумачыла загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталля Жышко, цяперашні выгляд — часовы. Здадзена першая чарга аб’екта, і наступным этапам стане аднаўленне тых пакуль што страчаных адметнасцяў. Пра тэрміны даведацца не ўдалося.

Адзін са згаданых гатэлей — акурат той даўгабуд “Еўропа”, які мала хто ўжо спадзяваўся пабачыць. Тым не менш, работы на ўчастку сёлета аднавіліся ды ідуць поўным ходам. Прычым поруч з будаўнікамі працуюць археолагі. Раскопкі вядуць валанцёры — мясцовыя шкаляры-старшакласнікі пад кіраўніцтвам дасведчанага спецыяліста.

— Я прыехала на колькі дзён, а затрымалася на месяц, — распавядае старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Ірына Ганецкая. — Вось і сёння мы думалі, што дайшлі да “мацерыка”, але... адкрыўся яшчэ пласт, цяжка пакуль вызначыць, якой эпохі.

Прэамбула простая. Гаспадар аб’екта, вядомы будаўнік Валерый Поткін, — чалавек адказны, і таму перад пачаткам работ запрасіў археолагаў. Спацыялісты пачалі капаць... і не могуць скончыць. Невялічкі па сваіх памерах шурф паглябляецца ўсё далей і далей. Спачатку XVIII стагоддзе, потым — XVI, затым... Артэфактаў — поўны кош, але больш каштоўным можа стаць новае пра гісторыю горада.

— Калі б такія даследванні праводзіліся часцей, можна было б вызначыць трасіроўку сярэднявечных вуліц, — распавядае Ірына Ганецкая.

Варта адзначыць дзве акалічнасці. Па-першае, раскопкі праходзяць, фактычна, у адвольным месцы цэнтра Навагрудка. То бок, тут дзе ні капні — занурышся ў глыбіню стагоддзяў. І па-другое — паводле айчыннага заканадаўства, археалагічныя даследванні павінны папярэднічаць любым будаўнічым работам, якія закранаюць “гістарычную глебу”. Лішне казаць, што на практыцы гэтага не адбываецца, і археолагаў замяняе экскаватар.

Лёс раскопа ды выяўленых у ім рэшткаў драўляных пабудоў пакуль да канца не вызначаны. Але вядзецца размова пра стварэнне на гэтым месцы археалагічнай экспазіцыі — непасрэдна ў гатэльным дворыку. Неаспрэчна, тое будзе куды лепшая прынада для наведвальнікаў за які-небудзь банальны салярый.

Шлюб у галерэі

На пачатку галерэя працавала па сапраўдным музейным графіку — пяць дзён на тыдзень. Цяпер  — толькі ў пятніцу ды выхадныя. Прычын некалькі: і наведвальнікаў пакуль небагата, і персанал прадстаўлены толькі самім мастаком ды ягонай жонкай.

На сёння ў дзвюх залах экспануюцца творы гаспадара, але ён абедзвюма рукамі за тое, каб сюды прыязджалі і зменныя выстаўкі, а яго землякі маглі, як кажуць, “далучыцца да хараства”. Раней для гэтага папросту не было належнай пляцоўкі. Але экспазіцыйная прастора прыватнай галерэі задаволіць нават самых патрабавальных.

Праблема толькі ў адным: гэтыя выстаўкі павінен нехта арганізоўваць. І, адпаведна, несці сякія-такія выдаткі — на транспарціроўку твораў, друк афіш і буклетаў ды вернісажны “келіх шампанскага”. Для адной асобы яны завялікія, але для мясцовых улад — наўрад ці. І выстаўкі — гэта толькі адзін з магчымых варыянтаў дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва, якія з’явіліся пасля адкрыцця галерэі.

— Натуральна, супрацоўніцтва гэтае мы абавязкова будзем наладжваць, — кажа начальнік аддзела ІРКСМ Марына Шабановіч. — Думаю, Кастусь Іванавіч не дасць схлусіць, што мясцовыя ўлады ставяцца да яго ініцыятывы з вялікай павагай.

Сам мастак пагаджаецца: паразуменне тут і сапраўды поўнае. Застаецца толькі ўвасобіць яго ў
нейкія канкрэтныя праекты.

— Думаю, да твораў Кастуся Качана цудоўна дапасаваліся б рэканструкцыі абрадаў нашага краю. Той жа “Багач”, напрыклад, — дзеліцца сваімі ідэямі Наталля Жышко. — Альбо, скажам, камерныя канцэрты старадаўняй музыкі Беларусі...

Балазе, выконваць яе ёсць каму ў Навагрудку, ды і першы досвед ужо меўся: высокіх гасцей на адкрыцці вітаў калектыў настаўнікаў Школы мастацтва, і ўсім вельмі спадабалася. Без сумневу, падобныя дзеі (наўрад ці да іх падыходзіць моднае слова “анімацыя”) ацанілі б і турысты.

Дарэчы, што да абрадаў... Як распавёў мастак, да яго ўжо пачалі звяртацца маладыя — з просьбай зарэгістарваць шлюб альбо правесці фотасесію ў гэтай цудоўнай атмасферы.

І сапраўды, галерэя — не толькі новая культурная пляцоўка, а яшчэ і адна з “першых ластавак” таго Навагрудка, што з’яўляецца не “проста райцэнтрам”, але той культурнай і турыстычнай “мекай”, пра якую многія мараць ужо столькі гадоў. Ластаўка вясну не робіць, аднак... Як распавёў мастак, над навагрудскімі ўзгоркамі лунае шмат задумаў. Прыкладам, воданацяжная вежа непадалёк ад замка неўзабаве мае пераўтварыцца ў рэстаран з агляднай пляцоўкай, ды і Лявонцій Зданевіч атрымаў новы заказ...

Некалькі апошніх гадоў Кастусь Качан бывае ў Мінску хіба наездамі: Навагрудак зрабіўся яго сталым месцам жыхарства. І хаця з гэтай прычыны ўзніклі сякія-такія праблемы (“Не ўсе пакупнікі да мяне цяпер даязджаюць”), але... мастак не губляе імпэту ды аптымізму.

— Як я адужаў гэтыя клопаты? — Качан адказвае на тое пытанне, што я прыхаваў наастачу. — Ну, ведаеце, я ж хлопец сялянскі, гаспадарлівы, турботаў не баюся. І вось, неяк падумалася: калі не я, дык хто?