Толькі два-тры колеры і…

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Мастацтва жыве побач з намі. “Пасялілася” яно і ў бібліятэцы г.п. Радашковічы. Менавіта там адкрылася выстаўка “Людзі вакол, або 13…” маладога мастака Сяргея Шчамялёва.

/i/content/pi/cult/489/10462/11-1.jpg

Фрагмент экспазіцыі.

Бібліятэка не ўпершыню выступае пляцоўкай культурнага жыцця Радашковічаў: раней тут праходзілі выстаўкі работ народных майстроў, мясцовых мастакоў, неаднаразова адбываліся сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі і краязнаўцамі (сярод іх — Уладзімір Арлоў, Алена Масла, Уладзімір Содаль, Міхась Казлоўскі…). Пасля рэарганізацыі, якая прайшла летась, пры бібліятэцы сталі дзейнічаць аб’яднанне для людзей сталага ўзросту “Крыніца” і дзіцячы літаратурна-драматычны гурток “У гасцях у казкі”.

Гэтым разам у чытальнай зале бібліятэкі размясцілася экспазіцыя, што налічвае 14 карцін, кожная з якіх па-свойму адметная. Пяць работ — жывапісныя, дзевяць — графічныя.

Сяргей Шчамялёў нарадзіўся ў вёсцы Булаўкі Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў мастацкую школу ў Расонах, затым — аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. З 2013 года ён працуе мастаком у мастацка-канструктарскім аддзеле ААТ “Белмастацкераміка”, што ў Радашковічах.

Мастак прымаў удзел у выстаўках рэспубліканскага і міжнароднага фармату. Апошнюю складаюць яго новыя работы, створаныя напрыканцы 2013-га — у 2014 годзе. Як адзначае сам Сяргей Шчамялёў, ягонай мэтай з’яўляецца спроба прымусіць людзей задумацца пра тое, што час — зараз, а не пасля. Недарэмна сярод беларускіх мастакоў Сяргей вылучае Міколу Селешчука і яго карціну “Не хадзі за мной, я сама заблудзіла” (1988 г.). Аўтара выстаўкі сапраўды хвалююць праблемы чалавечых узаемаадносін, сітуацыі, што выходзяць за межы побытавых, пачуцці, якія хаваюцца ў глыбінях душы…

Не абмінае Сяргей Шчамялёў і такую складаную тэму, як пытанні жыцця і смерці. Сама назва выстаўкі “Людзі вакол, або 13…”, па словах яе стваральніка, можа тлумачыцца сімвалічна. Як вядома, з лічбай 13 звязаны разнастайныя забабоны ды прымхі. Чалавек у жыцці выступае як адзінка, а лічба 13 у дадзеным кантэксце набывае сэнс завершанасці ўсяго жыцця, мяжы, страху, смерці. Гэта своеасаблівы напамін, што жыццё не вечнае, і пражыць яго варта зараз.

Колькі слоў пра манеру пісьма мастака. Карціны звяртаюць на сябе ўвагу наяўнасцю шрыфтоў. У кожным творы зашыфравана пасланне нам, гледачам, якое адкрыецца толькі пільным. Мастак гаворыць з намі пра тое, што думае і адчувае сам, укладае ў карціну аповед, які схаваны, прытоены, але ад гэтага яшчэ больш цікавы. Графіка дапамагае мастаку выказвацца тады, калі для перадачы думкі неабходны мінімум колераў, а не іх бясконцае мноства. Два-тры колеры даюць магчымасць паглыбіцца ў праблему, якую хацелася б раскрыць.

Сяргей Шчамялёў заклікае кожнага з нас задумацца — пра жыццё, чалавека, лёс. І — стаць крыху лепшымі…

Марына ЧАРНЯКЕВІЧ, бібліятэкар Радашковіцкай гарпасялковай бібліятэкі