Калі ён са мной сустракаўся, шчыра абдымаў мяне, ціснуў руку і казаў вельмі шчырыя словы падзякі за ўсё і за ўсіх, бо хто цябе пахваліць у правінцыі?.. Ды ніхто. А Генадзь Мікалаевіч рабіў гэта ад сэрца, па-бацькоўску цёпла, і адчувалася ў яго вачах радасць за нас. Ён ніколі не пытаўся ў мяне: над чым ты цяпер працуеш? Ён радасна казаў: “Чытаў твой матэрыял, чытаў! Маладзец!..” І гэтых слоў мне хапала да наступнай сустрэчы…
І хоць сустрэч з Генадзем Мікалаевічам у мяне было менш, чым у тых, хто з ім жыў у Мінску, мне адчувалася, што ён больш хіліўся да тых, хто жыў далёка ад сталіцы, хто за некалькі соцень кіламетраў прыязджаў сюды не так часта. “Ты, Сяргей, са Слонімскага раёна, а я — з Расонскага. Але памятай, што ёсць прыгожае слова “правінцыя”, дзе можна тварыць лепш, чым у сталіцы”, — казаў Генадзь Мікалаевіч. Гаворачы пра Слонімскі і Расонскі раёны, ён чамусьці пры вымаўленні вылучаў літару “С”. А сам усміхаўся і пачынаў распавядаць пра ўсе навіны літаратурнага жыцця ў беларускай сталіцы. На пытанні мае адказваў хутка і сам адразу свае адказы каментаваў. І яго было слухаць вельмі цікава. Таму пасля сустрэч з ім я вяртаўся дамоў нейкім натхнёным, творча і духоўна ўзбагачаным, што хацелася жыць і працаваць, працаваць!..
Яго сябра — прафесар Алег Лойка (1931 — 2008) апошнія гады жыцця пражыў у Слоніме. Я часта з ім сустракаўся, шмат гутарыў, шмат у нас было творчых планаў ды мар. І калі мы нешта задумвалі з Алегам Антонавічам, ён папярэджваў: “Трэба параіцца з Генадзем”. З Генадзем Бураўкіным яны былі добрыя сябры. Таму Алег Лойка шмат пра яго ведаў, распавядаў, асабліва пра той час, калі ён з’яўляўся старшынёй Дзяржтэлерадыё БССР і пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН.
Цяпер ужо няма гэтых вялікіх людзей нашай Бацькаўшчыны. Адыходзяць беларускія аксакалы — паважаныя, таленавітыя, умудроныя жыццём людзі. Адным з такіх быў і Генадзь Бураўкін — найвыдатнейшая АСОБА зямлі беларускай. Дзякуй Вам за ўсё, дарагі Генадзь Мікалаевіч!..