Дваццаць французаў пераехалі б у Бабруйск...

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Фабрыс КАРЭЙ, заснавальнік, мастацкі кіраўнік тэатральнай франка-беларускай асацыяцыі "Demain le Printemps" ("Заўтра вясна"): "Вашы акцёры не бачылі рэальнага жыцця"
Выключна французскі шарм і еўрапейская непасрэднасць увасобіліся ў звычайнай майцы і лёгкіх штанах (аніякіх табе турбот наконт знешняга выгляду!)… Так сустракаў мяне рэжысёр з Францыі Фабрыс КАРЭЙ. Нягледзячы на спякоту майскага Мінска, мы пагутарылі пра французскі і беларускі тэатры. У чым іх розніца і што іх яднае? І, увогуле, вечнае пытанне: дзе лепш? Асацыяцыя, якой кіруе Фабрыс, заснавана ў Парыжы дваццаць гадоў таму. Яна аб’ядноўвае французскіх і беларускіх акцёраў ды выкладчыкаў тэатральнага мастацтва ў працы над ажыццяўленнем франка-беларускага культурнага абмену ў галіне тэатра.

/i/content/pi/cult/489/10452/13-1.jpg

Фабрыс КАРЭЙ,  заснавальнік, мастацкі  кіраўнік тэатральнай  франка-беларускай асацыяцыі "Demain le Printemps"  ("Заўтра вясна").

— Як жа трапілі ў Беларусь?

— Апынуўся тут у 1993 годзе. У Парыжы прымаў беларускіх журналістаў. Яны мне распавялі пра Акадэмію мастацтваў, і мяне гэта зацікавіла. Неўзабаве яны даслалі мне запрашэнне — і я паехаў. Першае, што ўбачыў у Акадэміі, — чарнавы варыянт дыпломнага спектакля "Лысая спявачка" (Лідзія Манакова запрасіла Мікалая Пінігіна на тую пастаноўку). Гэта было геніяльна! Я падумаў: ну, я, напэўна, больш чым на год застануся тут. І вось адразу паступіў на трэці курс, таму што ўжо правучыўся два гады ў кансерваторыі ў Францыі. Па-руску ведаў толькі словы "да", "нет", "водка", "перестройка".

— Досыць стэрэатыпна...

— Нічога не разумеў у вашым жыцці. Я жыў у інтэрнаце. Аднойчы іду раніцай у Акадэмію і бачу, што ў краме ёсць яйкі і сыр. Выдатна! Увечары вяртаюся — ні яек, ні сыру. Потым я зразумеў, што трэба ўстаць у чаргу. З раніцы яйкі ўбачыў — стаў у чаргу. Паўгадзіны прастаяў, а прадавец не хоча мне яйкі даваць! Я нічога не зразумеў! Толькі потым да мяне дайшло, што патрэбны талоны, якія тады былі ў абарачэнні...

— Ці не захацелася адразу ж ірвануць назад у Францыю?

— Не! Потым я хадзіў на заняткі, нічога не разумеючы, рабіў усё, што мне казалі. Але ж я бачыў той спектакль, ведаў, што калі рабіць, як кажуць, то можна дасягнуць такога. Трэба проста слухаць. І павінна быць мэта.

— Да прыезду ў Беларусь у вас былі ролі, вы спрабавалі сябе як рэжысёр?

— Вядома ж. Але ў нас там крыху іншая школа. Яна пачыналася з Мальера. Тады малады акцёр вучыўся капіраваць свайго майстра. Калі ён пачынаў іграць ужо лепш за апошняга, з’яўлялася свабода: ён пачынаў тварыць. Сістэма Станіслаўскага, якая распаўсюджана ў Расіі і Беларусі, — гэта трошкі іншае. У нашай школе больш ад копіі, ад інтанацыі, шмат — ад тэксту. Мы бяром партытуру ролі, добра вывучаем яе, а потым пачынаем іграць. Але таго недастаткова, каб заяўляць пра школу. Наогул, у Францыі няма фармату, па якім можна вучыць мастацтву, няма акадэмічнай формы, няма плана, дзе распісаны этапы навучання. У нас часам які-небудзь дзядзечка можа адпусціць сабе бараду і сказаць, што ён вучань Таўстаногава. І вуаля — ён акцёр!..

— Падаецца, у Францыі і без таго шмат акцёраў ды значная канкурэнцыя?

— Велізарная! Дужа шмат людзей хоча быць акцёрамі, і маецца багата разнастайных школ ды методык. Так, пры наяўнасці 350 прафесійных профільных школ, існуе толькі адзін тэатр, эквівалентны вашым нацыянальным рэпертуарным трупам: "Камедзі Франсэз". Астатнія — прыватныя, якія толькі часам атрымліваюць гранты ад Урада.

— У Беларусі існуе паказчык сярэдняй запаўняльнасці глядзельнай залы...

— Дзяржава дае грошы, каб развіваць тэатр, спансіруе яго: робіць рамонт, плаціць зарплаты. Для чаго? Каб прыйшоў глядач! Навошта дзяржаве, каб зала была пустой? Гэта зразумелы ход. У нас — тое ж самае. Вы хочаце зрабіць спектакль — вам патрэбен спонсар. Спонсар кажа: "Я хачу, каб вы паставілі такую і такую п’есу", а калі вы хочаце іншую — ён не дае грошай. Пляцовак — мноства. Маленькая трупа хоча іграць спектакль на сцэне — заплаці за арэнду і выконвай. Некаторыя прадзюсары робяць камерцыйныя праекты, запрашаюць кіназорак, ставяць бойкія камедыі, разгортваюць рэкламу. Нацыянальнай жа сцэне дзяржава дае грошы, агаворваючы ўмовы: "У гэтым месяцы ставіць спектакль будзе такі рэжысёр". Апошні набірае акцёраў, рэпеціруе, паказвае спектакль — і да пабачэння. Ёсць асобныя трупы, якія атрымліваюць грошы. Напрыклад, Тэатр Арыян Мнушкінай — гэткі "міні-"Камедзі Франсэз".

У Беларусі існуе дзяржаўная стратэгія, і ўсе ведаюць, у чым яна заключаецца. Можна выказвацца, спрабаваць нешта змяніць, усё адкрыта. А ў нас у кожнага спонсара — свая стратэгія. Гэта адна з прычын таго, што нашым акцёрам вельмі цяжка знайсці працу.

Колькі слоў пра тэатральную адукацыю. У вашых студэнтаў заняткі — з раніцы да ночы. Але затое ў іх ёсць усе прадметы. У нашай школе галоўнае — мова, тое, што мы называем "арт драматык". А тэатральнага майстэрства практычна няма: яно ўключана ў комплекс сцэнічнай мовы. І няма вакалу, танца. У некаторых школах іх выкладаюць, але — за вялікія грошы. Атрымліваецца, наша школа — гэта 20 гадзін у тыдзень. Яшчэ столькі ж вы будзеце працаваць дзе-небудзь, каб аплаціць вучобу. У выніку, ваш мозг не настроены цалкам на тэатр. І ні адзін банк не будзе даваць студэнту грошы на вучобу. Калі малады чалавек хоча стаць урачом, то банк спакойны, ён разумее, што ён свае грошы акупіць. Ведаеце, я думаю, можна знайсці дваццаць французскіх акцёраў, якія пагадзіліся б прыехаць у Бабруйск і жыць ва ўмовах, у якіх жывуць вашы акцёры. І яны былі б шчаслівыя проста працаваць! Ёсць дах, святло, магчымасць тварыць — гэта галоўнае.

— Ну, грошы акцёрам таксама патрэбны...

— Вашы акцёры не бачылі рэальнага жыцця. Праца яго стварае. А калі ён увесь час шукае тую працу, значыць, ён ужо і сам сабе агент. Дарэчы, на тэатры ў нас практычна ніхто не заробіць грошай. Большасць людзей чымсьці паралельна займаецца. Здаецца, самыя лепшыя павінны зарабляць, але гэта не заўсёды так.

— Што цяпер у Францыі больш за ўсё ставяць? Камедыі?

— Прыватныя тэатры больш займаюцца камедыямі. Дзяржаўныя праекты — сучаснымі пастаноўкамі або класікай (французскай, сусветнай). У французаў асаблівая любоў да рускай культуры: да Чэхава, Дастаеўскага…

— А вашы ўлюбёныя драматургі?

— У мяне іх шмат. Напэўна, у першую чаргу, гэта Чэхаў і Мальер.

— Вы чыталі што-небудзь з беларускіх драматургаў?

— Не, але я глядзеў спектакль "Пан Тадэвуш" у Купалаўскім тэатры. Гэта спектакль вельмі высокага ўзроўню. Ён ішоў і ў Парыжы 18 чэрвеня з субцітрамі…

— Купалаўскі тэатр і "Вяселле" вазіў у Парыж ...

— Але паказалі спектакль не ад імя Тэатра імя Янкі Купалы, а ад імя рускай трупы. Французы яго ўспрынялі не як беларускі праект. Крыўдна, я ж разумею, наколькі важна, каб людзі ўсведамлялі, што перад імі — менавіта беларускі тэатр. У якой краіне нарадзіліся гэтыя акцёры? У Беларусі! Хто зрабіў з іх такіх прафесіяналаў? Акадэмія і Купалаўскі тэатр. Таму што без тэатра не можа быць акцёра. Школа дае зерне, але потым трэба, каб акцёр яго вырасціў. Праз пяць-дзесяць-пятнаццаць гадоў чалавек робіцца выбітным акцёрам.

— Фабрыс, што наконт вашых праектаў на будучыню?

— Галоўная задача — падзяліцца досведам наяўнай у Беларусі тэатральнай школы. Мы хацелі б пасупрацоўнічаць з Кітаем, зрабіўшы тэатральны абмен. І яшчэ ёсць жаданне арганізаваць культурны абмен, але ўжо для рускамоўных акцёраў.

— Вы жывяце паміж Мінскам і Парыжам увесь час... Мне здаецца, ці ў вас ужо дзве душы?

— Я не магу выбраць. Аднолькава добра мне і там, і там. Я ніколі не з’язджаю — я заўсёды вяртаюся, а ў сваім нататніку не пішу: "З’язджаю ў Парыж". Пішу: "Вяртаюся ў Мінск", "Вяртаюся ў Парыж". Я заўсёды на Радзіме. Люблю і Францыю, і Беларусь…

Паліна ПЛАТАВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ