Магілёў — гэта…

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

На шляху да тоеснасці рэгіёна
У Магілёве да Дня горада, які адзначаецца 28 чэрвеня, культурны абшар папоўніўся выставачнай залай. Як ні дзіўна, але пры наўянасці вядомых на ўсю краіну музеяў (адзін з іх — Мастацкі, нават выяўлены на грашовай купюры) абласны цэнтр пэўны час не меў агульнагарадской залы, адмыслова абсталяванай для зменных экспазіцый. Дакладней, фармальна такая зала існавала, але па прызначэнні не скарыстоўвалася. Бо даўно не рамантавалася, яе абсталяванне і дызайн састарэлі маральна і фізічна, яна была эканамічна нерэнтабельнай і не мела руплівага гаспадара.

/i/content/pi/cult/489/10445/9-1.jpg

А.Еўдакіменка. "Горад".

/i/content/pi/cult/489/10445/9-3.jpg

Леніна Сівакова. "Птушкі".

/i/content/pi/cult/489/10445/9-4.jpg

Г.Конанава. "Новае. Прэм'ера (Магілёўскі драматычны тэатр)".

/i/content/pi/cult/489/10445/9-5.jpg

М.Несцярчук. "Майскі сад".

/i/content/pi/cult/489/10445/9-6.jpg

А.Вераб'ёў. "Узвышанае і зямное".

Тры месяцы таму такі гаспадар з’явіўся — Музей гісторыі Магілёва, а з гарадскога бюджэту былі выдаткаваны сродкі на рэканструкцыю памяшкання. Каштавала рэканструкцыя 3,5 мільярда рублёў. За даволі кароткі тэрмін залу не толькі давялі да ладу, але і пашырылі за кошт сумежнага памяшкання. Цяпер тут акрамя экспазіцыйнай прасторы ёсць невялікі салон, дзе можна набыць творы мастакоў Магілёўшчыны. Умовы экспанавання ў зале такія, што тут можна выстаўляць нават музейныя рэчы, якім неабходны спецыяльны рэжым захоўвання. Магіляўчане не без падстаў лічаць, што пасля рэканструкцыі іх выставачная зала стала адной з лепшых у краіне.

Першая выстаўка ў абноўленай зале  — рэтраспектыва твораў магілёўскіх мастакоў апошняга дзесяцігодззя. Аднак, па аналогіі з кінематографам, дзе, каб прывабіць публіку, трэба арганізаваць удзел у фільме “зорак”, арганізатары выстаўкі аздобілі экспазіцыю творамі славутых землякоў, чые імёны ўжо належаць гісторыі мастацтва — беларускай, расійскай, сусветнай. Гэта Павел Масленікаў, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Марк Шагал. Апошні прадстаўлены графічнымі работамі. Адносна Шагала могуць запярэчыць: ён, маўляў, — віцябчанін. Але, па-першае, аўтарытэтныя мастацтвазнаўцы прызнаюць наяўнасць у гісторыі культуры такой з’явы, як Віцебска-Магілёўская мастацкая школа. Па-другое, існуе меркаванне, што дзед Шагала, які, мяркуюць, даў унуку асновы мастацкай граматы, распісваў у Магілёве сінагогу і праз гэта спрычыніўся да культурнай гісторыі горада.

Славутыя імёны ў мінуўшчыне — гэта добра, а што наконт дня сённяшняга? Мяркуючы па экспазіцыі, якая, на маю думку, даволі аб’ектыўна адлюстроўвае творчы патэнцыял магілёўскіх мастакоў, таленавітых людзей у
Прыдняпроўі — нямала. Але чагосьці надзвычайнага, “выбуховага” — такога, каб, пабачыўшы твор на выстаўцы, занурыцца ў Сеціва, адшукаць іншыя работы пэўнага аўтара, я ў экспазіцыі не заўважыў.

Уводная яе частка складаецца з твораў, якія так ці інакш можна аднесці да тэмы 70-й гадавіны Вызвалення. Гэта партрэты ветэранаў, а таксама рэаліі і сімвалы нашага мірнага жыцця, за якое дзяды нашы пралівалі кроў. Далей — сюжэтныя карціны, нацюрморты, партрэты, што могуць задаволіць густы самых розных гледачоў, выхаваных на традыцыях рэалізму.

Нешта падобнае можна пабачыць на выстаўках у іншых абласных цэнтрах Беларусі і на рэспубліканскіх мастацкіх імпрэзах у сталічным Палацы мастацтва. Адно мне падаецца, што Магілёў як сталіца значнага культурна-гістарычнага рэгіёна знаходзіцца ў пошуку сваёй тэмы, уласнага брэнда, які вылучаў бы яго сярод іншых гарадоў ды мясцін нашай краіны. Скажам, віцебскія мастакі актыўна эксплуатуюць спадчыну Шагала і Малевіча, часам даволі ўдала адаптуючы эстэтыку рэвалюцыйнага авангарда да нашай культурнай рэчаіснасці. У Гродне ў пашане беларускае Сярэднявечча. Гродзенцы ўжо нямала зрабілі для вяртання ў грамадскую свядомасць і ў нацыянальную культурную прастору імёнаў ваяроў, дзяржаўных дзеячаў, навукоўцаў і людзей культуры Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай дый надалей шчыруюць у гэтым напрамку. Шматзначная, шматпланавая тэма Палесся як “краю непалоханых птушак” і адначасова бурлівага сумежжа культур і цывілізацый, геніяльна ўвасобленая Гаўрылам Вашчанкам, дамінуе ў творчасці мастакоў Гомельшчыны.

Гістарычны лёс неаднойчы ставіў Магілёў у цэнтр падзей, лёсавызначальных для Беларусі і Еўропы. Мастацкае асэнсаванне гэтай спадчыны было б для горада і краю карысным ва ўсіх адносінах.

На згаданай выстаўцы дамінуе жывапіс. Мне запомнілася работа Леніны Сіваковай “Птушкі”, дзе за простай выявай чытаюцца няпростыя стасункі чалавека і жывой прыроды; краявід Аксаны Еўдакімавай “Горад”, у якім магілёўская канкрэтыка глядзіцца як сімвал горада ўвогуле; сюжэтная кампазіцыя “Новае. Прэм’ера (Магілёўскі драматычны тэатр)” Ганны Конанавай  — псіхалігічна дакладны партрэт фанатаў тэатральнай дзеі.

Сярод графікі ўвагу прыцягнула “Гарачая пара” Аляксандра Ціткова як адлюстраванне пары годы праз урбаністычныя рэаліі. Таксама згадаю вонкава някідкія нацюрморты Ларысы Журавовіч. Традыцыйныя для беларускага мастацтва паводле чыннікаў, яны звернуты да ўдумлівага гледача, які разумее сапраўдную цану простых каштоўнасцей жыцця.

Скульптура ў экспазіцыі запомнілася работамі Аляксандра Мінькова, Уладзіміра Конанава, Андрэя Вераб’ёва. Для гэтых мастакоў пластыка — як выйсце ў іншую рэальнасць. Вобразна кажучы, яны не адлюстроўваюць матэрыяльны свет, але імкнуцца да матэрыялізацыі думак і эмоцый. Яно, зразумела, цяжэй, чым “працаваць люстэркам”. На гэтым шляху больш, чым на пратаптанай дарозе рэалістычнай ілюзіі, шанцаў спатыкнуцца, але рызыка  — натуральны чыннік творчасці.

Увогуле, экспазіцыя ў адноўленай выставачнай зале Магілёва — цікавая. І для жыхароў горада, і для тых, хто неабыякавы да культурнага стану рэгіёнаў. Добра ўжо тое, што яна паставіла перад культурнай грамадой пэўныя пытанні. І першае сярод іх, як мне падаецца, — неабходнасць пошуку сваёй, магілёўскай, тоеснасці. Само ж абмеркаванне выстаўкі — гэта ўжо крок у названым напрамку.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"