Гісторыя Мілы

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Ад Шклова да Мілана: цікавыя дзвюхтысячныя
Наша зямля ўрадлівая на цікавых асоб. Міла Ануфрыева — асоба звышцікавая. Скончыўшы школу ў правінцыйным Шклове, у самы разгар перабудовы яна прыехала cкараць Ленінград. А ў выніку заваявала не толькі Пецярбург і Маскву, але і Мілан, і Венецыю, ды працягвае скараць сэрцы ўсіх прыхільнікаў прыгожага ладу жыцця. Таму што па-іншаму, як толькі ўпартай барацьбой за месца пад сонцам, у свеце “высокай моды” не выжыць.

/i/content/pi/cult/489/10444/8-3.jpg

У “ліхія”, але цікавыя дзевяностыя Міла Ануфрыева не проста выжывала, а квітнела. І ўпрыгожвала жыццё многіх багатых, знакамітых і проста тых, хто хацеў апранацца з густам. Як ні дзіўна, менавіта дзяўчына з беларускай правінцыі першай прывезла ў Расію вопратку ды аксесуары самых вядомых італьянскіх марак і першай стварыла тое, што пасля стала называцца “мультыбрэндавы буцік”. Апранацца “ад Ануфрыевай” дваццаць гадоў таму было добрым тонам у расійскай эліты — банкіры, палітыкі, артысты і іх жонкі з Санкт-Пецярбурга ды Масквы наведвалі яе крамы ў самым цэнтры Паўночнай сталіцы суседняй дзяржавы. І ўсё ішло як па масле, справа ладзілася, але страшная хвароба на некаторы час прымусіла Мілу пакінуць Расію для лячэння ў замежнай клініцы. Некалькіх месяцаў адсутнасці аказалася дастаткова, каб яе крамы ў лепшай традыцыі “бізнесу па-расійску” з дапамогай здрады самай даверанай супрацоўніцы былі перапісаны на іншых асоб. А саму Мілу “папрасілі” пакінуць горад і краіну. Вядома, калі яна хацела, каб з ёй і яе сям’ёй усё было ў парадку…

З гісторыі Мілы Ануфрыевай можна было зрабіць узрушальную дакументальную драму аб нашым нацыянальным працалюбівым характары, аб жанчыне-“неваляшцы”, якая, страціўшы абсалютна ўсе сродкі да існавання ды змагаючыся са страшным захворваннем, здолела ачуняць ад усіх бедаў і навалаў ды пачаць жыццё і бізнес з абсалютнага нуля ў чужой краіне, да таго ж яшчэ і ўтрымліваючы мужа ды двух маленькіх сыноў. Але рэжысёр-дакументаліст Надзея Гаркунова абрала іншы жанр. І мела рацыю.

Кінапартрэт Мілы Ануфрыевай атрымаўся не надта працяглы па часе, затое — ёмісты і вычарпальны. А ўсё таму, што рэжысёр не пашкадавала часу і высілкаў ды аб’ехала ўсе гарады і краіны, дзе калісьці жыла і працавала яе гераіня (ад роднай хаты ў Шклове да цяперашніх апартаментаў у Мілане), ды папрасіла распавесці пра гісторыю Мілы яе сяброў і родных.

Атрымалася насычана і цікава. Хоць сама гісторыя Мілы Ануфрыевай далёка не завершана. Уся інтрыга стужкі “Signora Russa” (“руская сіньёра”, менавіта так называюць яе сябры-італьянцы) — у “падвешаным” лёсе галоўнай гераіні, у дынамізме, з якім разгортваецца яе жыццёвая драма, і ў тым, з якой сілай і неверагоднай годнасцю Міла вырашае свае праблемы.

Менавіта гэтую сілу ды годнасць здолела ўлавіць Надзея Гаркунова і перадаць на экране ў размовах са сваёй гераіняй. І тое, што цёмныя акуляры ды нязменная ўсмешка бізнес-лэдзі не перашкаджаюць убачыць за імі боль і жыццёвую трагедыю — заслуга менавіта рэжысёра ды выдатнага аператара Аляксандра Яршова. Як і тое, што самыя цяжкія моманты жыцця Мілы Ануфрыевай пададзены ў фільме максімальна тактоўна. Яно і не дзіва: Надзея Гаркунова — вельмі дасведчаны і неверагодна праніклівы інтэрв’юер, з велізарным досведам працы з самымі вядомымі персонамі. І да сваёй гераіні ды яе шакуючай гісторыі яна падыходзіць тактоўна, але з інстынктам сучаснага мастака, выбіраючы самыя галоўныя, самыя паказальныя месцы. Як у самым запамінальным эпізодзе на знакамітай плошчы Сан-Марка ў Венецыі, дзе разнамасны натоўп і вечнае свята жыцця толькі падкрэсліваюць унутраную адзіноту моцнай і незалежнай асобы…

 

Індустрыя стылю і прыгажосці, адваротны бок якой давялося пабачыць гераіні “Signora Russa”, добра ўспрыняла фільм Надзеі Гаркуновай. Асобная прэм’ера адбылася ў Мілане, дзе бліскучая публіка — сябры і бізнес-партнёры Мілы Ануфрыевай — вельмі эмацыйна ўспрыняла кінаверсію гісторыі сваёй сяброўкі. З энтузіязмам паглядзелі сенсацыйную карціну і на асобных паказах у Мінску. Хочацца спадзявацца, што “Signora Russa” будзе не толькі распаўсюджвацца ў прыгожых дызайнерскіх канвертах у спецыяльна распрацаваным фірмовым стылі (выпадак для нашага кіно ўнікальны), але і паказана па тэлебачанні. Дый працяг гісторыі, якая зусім яшчэ не скончана, напрошваецца сам сабой.

А пакуль унікальнасць гісторыі жыцця Мілы Ануфрыевай і высокі ўзровень рэжысёрскай работы Надзеі Гаркуновай пацвердзіла навіна з далёкай Каліфорніі: на прадстаўнічым Фестывалі кіно, тэлебачання і медыя-мастацтва “Accolade Competition” дакументальны фільм “Signora Russa” атрымаў узнагароду “Awards of Excellence”.

Зрэшты, і без узнагарод ды прызоў гэтая стужка вартая да прагляду.