Колеры Альгерда

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Успамінаючы Малішэўскага праз чвэрць стагоддзя
Альгерд Малішэўскі… Цудоўны беларускі жывапісец-каларыст, адзін з нешматлікіх мастакоў, хто так таленавіта і віртуозна валодаў фарбамі на палатне, лічачы, што менавіта сапраўдны жывапіс — гэта перш за ўсё тое, што павінна выклікаць у гледача пачуццё аўтарскага “ўваходжання” пэндзля ў структуру палатна, каб яно стала не проста “афарбаванай карцінкай”, а эмацыйным арганізмам, праз які свет успрымаецца жывым, паўнакроўным і непасрэдным.

/i/content/pi/cult/489/10441/15-1.jpgСёлета споўніцца роўна чвэрць стагоддзя, як Альгерд Адамавіч пайшоў з жыцця, а яму было ўсяго 67. Здавалася б, надзвычайны жывапісец, выдатны педагог, які аддаў Мінскаму мастацкаму вучылішчу лепшыя свае гады, актыўны грамадскі работнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі і проста чалавек, з якім, прынамсі, мне, заўсёды было цікава сустракацца ды падоўгу размаўляць “пра жыццё і творчасць”, павінен быў сёння заставацца ў авангардзе беларускіх класікаў, якія па-сапраўднаму будавалі наша мастацтва ў яго лепшых узорах. Аднак, як гэта, на жаль, часта ў нас бывае, сёння ягонае імя, мо акрамя вучняў, мала хто ведае нават з маладога пакалення мастакоў і так званых рэалістаў, мадэрністаў ды іншых канцэптуалістаў. Дзякаваць богу, жывапісец Сяргей Альгердавіч Малішэўскі працягвае годна несці гэтую фамілію, хаця мала хто ведае, што ён — сын таго самага выдатнага, але напаўзабытага творцы, пра якога зараз ідзе гаворка…

Альгерд Малішэўскі аддана любіў жывапіс французскіх імпрэсіяністаў, любіў “барбізонцаў”, паважаў Веранэзэ, Тыцыяна, Эль Грэка, Ван Гога, Дэрэна, Канстанціна Каровіна, асабліва — Сезана, лічыў іх эталонам для кожнага творцы. Памятаю, як ён у 1977-м упершыню наведаў Парыж. Вярнуўшыся, адразу ж патэлефанаваў мне дадому і запрасіў у сваю новую майстэрню, якая ўжо тады была ў нашым толькі што пабудаваным доме па вуліцы Сурганава, куды мастак пераехаў з невялічкай майстэрні, што размяшчалася ў мансардзе дома па Ленінскім праспекце (прыкладна побач з колішнім магазінам “Сінтэтыка”).

Я, канешне ж, адразу да яго (там цяпер майстэрня Мікалая Кірэева). І толькі гаспадар адчыніў дзверы, тут жа пачаў усхвалявана распавядаць мне пра тое ўражанне, якое на яго зрабіла сустрэча з творамі гэтых майстроў. “Ведаеш, — казаў ён, — у Парыжы я канчаткова зразумеў, што сапраўдны жывапіс — гэта жывое даханне палатна, калейдаскоп светлавых эфектаў, свежасць першага ўражання… Гэта калі кожны сантыметр палатна, дакладна вывераны ў колеры, ведае сваё месца…” І толькі пасля гэтых слоў пляснуў рукамі ды павітаўся са мной…

/i/content/pi/cult/489/10441/15-2.jpg

А.Малішэўскі. "Чырвоная паляна", 1965 г.

/i/content/pi/cult/489/10441/15-3.jpg

А.Малішэўскі. "Мы вернемся", 1965 г.

На развітанне сказаў: “Яшчэ раз з’езджу у Парыж — і можна паміраць…” Цікава, што гэтую фразу потым, як успамінае Адам Глобус, ён абвясціў і сваім вучням у вучылішчы. Канешне ж, так жартаваў. Але ў Парыж, наколькі мне вядома, ён больш не ездзіў, а нечакана памёр напрыканцы лістапада 1989-га, проста на пероне мінскага вакзала, дзе сустракаў (ці праводзіў) кагосьці…

Што і казаць, Альгерд Адамавіч заўсёды імкнуўся да “ідэальнага”, з яго пункта гледжання,
жывапісу, пачынаючы з першых пейзажных эцюдаў 1950-х гадоў ды заканчваючы карцінамі і партрэтамі
1980-х. Ён стаў не толькі пейзажыстам ці толькі партрэтыстам. Ён абраў для сябе іншы шлях — спасціжэння жыцця, шлях, правераны досведам Вялікай Айчыннай вайны і вострай памяццю пра яе. У работах гэтага мастака — чалавечы боль і радасць, спакойная ўпэўненасць і заўсёдная незадаволенасць, урачыстасць фарбаў міру і безабароннасць кволай душы… У ягоных палотнах “пра час і пра сябе” — уся неўтаймаванасць душы жывапісца, захапленне роднай зямлёй і яе людзьмі. Кажучы “высоким штилем”, яго творы прысвечаны галоўнаму: народу і сучаснасці, тым праявам карэнных асноў народнага быцця, на якіх трымаецца чалавек з усёй яго веліччу. І першымі значнымі работамі на дадзеную тэму сталі цудоўны партрэт брыгадзіра-палявода Прыступчыка і кампазіцыя “Даяркі. Поўдзень”.

Малішэўскі быў чалавекам актыўным, камунікабельным, красамоўным, апранаўся, як сапраўдны дэндзі, і таксама, як дэндзі, не спяшаючыся, у дарагім паліто ды дарагіх акулярах, ранічкай ішоў у майстэрню. Што да сваіх вучняў, дык іншым разам быў з’едлівы, бязлітасны да халтуры. Ён казаў: “Мы павінны закрываць дарогу тым, у каго за душой пуста, тым, адзіная мэта якіх — выскачыць на паверхню. Нельга быць
спакойным, калі дылетантызм прыладжваецца да моды, каб быць падобным да наватарства…” Залатыя і заўсёды актуальныя думкі!..

Некаторыя яго афарызмы і прыдуманыя ім мянушкі калег увайшлі ў нефармальную, бытавую гісторыю беларускага мастацтва. І тут ён мала ў чым саступаў майстру падобных “афарызмаў” Івану Восіпавічу Ахрэмчыку. “Пухавіцкая акадэмія” — гэта пра тэатральна-мастацкі інстытут. Ён там жадаў выкладаць, але яго туды не ўзялі з-за ягонай прыхільнасці да “буржуазнага фармалізму”, баяліся, што ён “не таму” навучыць студэнтаў, скіруе іх у бок ад сацрэалізму. Вось ён, мабыць, не мог гэтага дараваць чыноўнікам ад мастацтва. Слова “більда” ў адносінах да вялікай, але дрэннай карціны — таксама яго вынаходка. Мянушкі? Ну, вось, напрыклад, такія: “Крывалетаў” і “Семіручкаў” — пра мастакоў-сяброў Крываручку і Семілетава, “Проста Сеня” — пра Віктара Пратасеню, і г.д. У сваю чаргу, той жа Ахрэмчык, аксакал пэндзля, таксама выдатны вынаходнік мянушак, называў Малішэўскага “Мальберт Мадамавіч Умалішэўскі”, намякаючы на яго заўзятую любоў да французскага жывапісу і не толькі, а хтосьці называў яго “Мальбертам Падрамнікавічам”, так бы мовіць, бліжэй да прафесіі…

Так, ён у сваёй творчасці быў няўрымыслівым жыццялюбам. Дысгармоніі жыцця супрацьпастаўляў гармонію мастацтва, бедам — радасць чалавечага існавання, суровасці часу — цеплыню сваіх карцін. Ужо па адной ягонай рэчы — “Нашы мацяркі” — разумееш: гэта быў гуманіст. Ягоны яскравы, прыязны, нібыта насычаны сонцам, талент служыў людзям, іхнім спадзяванням і шчасцю. Яго творчасць — рухомая, свавольная, нечаканая. Нават такія “банальныя” сюжэты, як аператары МТЗ, Полацкі нафтаперагонны, будаўнікі Чыжоўкі ды сям’я брыгадзіра, мастак ператвараў у феерверкі фарбаў, жывую размову прыроды — у эфекты, што ствараюцца кантрастамі альбо гармоніяй колераў. Здаецца, ён забаўляўся, спалучаючы жоўтае з сінім, рудое з ліловым, чырвонае з зялёным, вохру з блакітным. Гуляў у колеры, як дзеці гуляюць у кубікі. Гэтая “гульня” была ягоным жыццём. Малішэўскі даў новую ролю колеру ў жывапісе, выявіў ягоную самастойную каштоўнасць. І знайшоў для сваіх лепшых палотнаў найяскравейшыя фарбы, вырашыў найскладанейшыя каларыстычныя рэбусы. І калі аднаго з карыфеяў Рэнесанса, які лічыў колер у карціне другарадным, а лінію — галоўнай, прымаць у якасці полюса, дык Малішэўскі — полюс супрацьлеглы.

З-пад яго крыла выйшлі такія сёння вядомыя выхаванцы Мінскага мастацкага вучылішча, як Георгій Скрыпнічэнка, Мікалай і Марыя Ісаёнкі, Генрых Ціхановіч, Рыгор Іваноў, Яўген Кулік, Юрый Хілько, Уладзімір Гладкевіч, Віктар Шматаў, Сяргей Салохін, Генадзь Грак, Сяргей Кухто, Уладзімір Адамчык (Адам Глобус). Дарэчы, Адам Глобус — мабыць, адзіны з ягоных вучняў, хто пакінуў вельмі цікавыя пісьмовыя ўспаміны пра свайго выдатнага настаўніка. Астатнія — толькі ў кулуарах і за кубачкам гарбаты могуць успомніць добрым словам настаўніка “нумар адзін”, які прапрацаваў у вучылішчы амаль трыццаць гадоў. Напрыканцы 1960-х я некалькі разоў быў рэцэнзентам дыпломных работ выпускнікоў мастацка-педагагічнага аддзялення вучылішча, і, канешне, быў заўсёды побач з Альгердам Адамавічам, што давала мне магчымасць уважліва назіраць за ягонай педагагічнай дзейнасцю і ўступаць з ім у цікавыя дыялогі.

Так, Малішэўскага лаялі за “няўвагу” да малюнка, за “кампазіцыйную сырасць” у фігуратыўных палотнах. А мастак толькі адмахваўся і працягваў рабіць тое, што яму падабалася, г. зн., пісаць. “Мяне часта папракаюць: у цябе ўсё колер ды колер, — казаў мне ён. — А хіба існуе жывапіс без колеру? Колер — гэта вобраз. У кожным кавалачку палатна павінен спяваць жывапіс. Што ж да ўласна малюнка, то ён, як правіла, рэдка служыць у мяне самастойным выяўленчым сродкам”.

Скажу шчыра, я не заўсёды быў задаволены карцінамі Малішэўскага, асабліва зробленымі на тэмы, як мне тады здавалася, далёкія ад яго прыроднай мастакоўскай “ментальнасці”: вытворчасць, МТЗ, нафтавікі, медыкі, будаўнікі… Лічыў, яго канёк — пейзаж, нацюрморт і партрэт. А што да шматфігурных карцін, дык я думаў, што гэта — проста больш лёгкі шлях для таго, каб заключыць самавіты дагавор да той або іншай рэспубліканскай ці ўсесаюзнай “дацкай” тэматычнай выстаўкі, прымеркаванай да розных юбілейных дат. Так рабілі ўсе мастакі, незалежна ад іхніх жанравых прыхільнасцей. І таму “чыстыя” пейзажысты ды нацюрмартысты вымушаны былі маляваць буйныя палотны на тэмы рэвалюцыі, рабочага класа, калгаснага сялянства, пісаць партызанскія паходы і будаўнікоў “светлай будучыні”. Я ўжо не кажу пра вобраз Леніна — па-мойму, правадыра не пісаў і не рысаваў толькі лянівы. Нават рускія “фармалюгі” Пятроў-Водкін і Філонаў не абышлі ўвагай гэтага чалавека-магніта і “карміцеля” мастакоў: за Леніна, нават не зусім удалага па вобразе, добра плацілі. А калі хто і пісаў яго, які прымаў парад чырвонаармейцаў на фоне Маўзалея, дык не страшна: давалі аўтару заўвагу, каб да наступнага выстаўкама “прыбраць Маўзалей”, і… заключалі дагавор на вельмі значную суму...

Працяг аповеду пра Альгерда Малішэўскага — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"