“Восьмы дзень тыдня” і іншыя

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

Напрыканцы мінулага года прайшоў фестываль аматарскіх тэатраў Гомельшчыны, які ладзіцца адзін раз на тры гады. Паводле задумы яго арганізатараў — упраўлення культуры аблвыканкама і Абласнога цэнтра народнай творчасці, — фестываль павінен не толькі спрыяць павышэнню мастацкага ўзроўню аматарскіх тэатраў і прапагандаваць лепшыя творы беларускай і замежнай драматургіі, але і актывізаваць працу тэатраў з найменнем “народны”.

Фестываль стартаваў у Рагачоўскім доме культуры. У афішы дня былі сцэнічныя пастаноўкі купалаўскіх "Прымакоў", дудараўскіх "Вечара" і "Злому" ў творчым увасабленні народных тэатраў са Светлагорска, Жлобіна і Рагачова. Народны эстрадны тэатр "Мэтр" Рагачоўскага ГДК прадставіў яшчэ і аўтарскую праграму "Тэатральныя шаржы".
Фестывальную эстафету падхапіў Мазыр. На сцэне Гарадскога палаца культуры гледачы змаглі ўбачыць работы Маладзёжнага тэатра сатыры і гумару "Ком-Ікс" з Мазыра, народных тэатраў з Хойнікаў і пасёлка Капаткевічы Петрыкаўскага раёна. Яны паказалі спектаклі "Гарбата з вярблюдам" Георгія Марчука, "Каваль Сілуян і злы дух" Наталлі Марчук і "Верачка" Андрэя Макаёнка.
Завяршыўся фестываль занальным праглядам у Гомельскім доме культуры "Фестывальны", дзе адбылося творчае спаборніцтва народных тэатраў "Восьмы дзень тыдня" з самога "Фестывальнага", "Ісціна" Веткаўскага ГДК і народнага тэатра з Рэчыцы.
Шчымлівая нота восені чалавечага жыцця прагучала ў спектаклі "Вечар" у пастаноўцы тэатра "Спадчына" Светлагорскага гарадскога цэнтра культуры. Нароўні з дзейнымі асобамі тут былі адвечныя каштоўнасці прыроды - Сонца, Калодзеж, Вада. Нетаропкасць дзеі, маналогі Мульціка, які імкнецца жыць па духоўных і маральных законах. Спрэчкі пра сучасную моладзь і на тэму адзіноты старых змяняюцца надзеяй - "усё будзе добра".
Светлым воблачкам "праплыла" па сцэне даверлівая, наіўная і дзівосна добрая Арына Радзівонаўна ў выкананні Марыны Зубок у спектаклі "Верачка" народнага тэатра Хойніцкага РДК па п'есе А.Макаёнка. Пэўна, у кожным чалавеку жыве туга па такіх людзях, якія знікаюць пад націскам прагматызму і так званай крутасці.
Змяняліся спектаклі, героі, час, дзеі... І вось ужо на сцэне ўнукі Мульціка і Арыны Радзівонаўны. Нязмушанасць, смеласць маладосці, але і ўразлівасць, пошукі вялікага кахання і трагедыя адзіноты... Нягледзячы на норавы, якія нельга прыпісваць цэламу пакаленню, вобразы на сцэне даюць надзею на тое, што ўсе мы адчуем адказнасць "за тых, каго прыручылі", зразумеем, што за ўсё трэба плаціць - рана ці позна. Вастрыня сцэнічнага ўвасаблення спектакляў "Аляксееў і цені" па п'есе М.Арбатавай (народны тэатр "Восьмы дзень тыдня"), "Злом" па А.Дудараву (народны тэатр Жлобінскага ГДК), "Я забіў Лору П." па п'есе Ю.Максімавай (народны тэатр Рэчыцкага ГДК) прымушала задумацца над праблемамі сучаснай моладзі, у ліку якіх, на жаль і наркаманія, і алкагалізм.
Ярка, свежа і чыста прагучала беларуская класіка. Спектакль "Прымакі" ў пастаноўцы народнага тэатра з Рагачова цалкам сатканы з нацыянальнага каларыту, пачынаючы ад афармлення (проста музейнай рэдкасці мэблі, ручнікоў, касцюмаў і іншых атрыбутаў) і заканчваючы яркімі беларускімі характарамі. Усё ў гэтым спектаклі дыхае часам, пачуццём радасці і шчасця вечнага сюжэта - маладая пара з кранальным каханнем адно да аднаго і побытавыя адносіны бацькоў... Жывая музыка, іскрамётны тэмперамент выканаўцаў, асаблівая маўленчая мелодыка персанажаў скарылі глядзельную залу з першых мінут прагляду.
Вынікам плённай працы стаў таксама спектакль народнага спектакля "Ісціна" Веткаўскага ГДК. Блізкай па духу ўдзельнікам тэатра стала п'еса гомельскага пісьменніка і драматурга Васіля Ткачова "Курорт для зяця". Рэжысёр Таццяна Курбатава тонка ўлавіла своеасаблівасць драматургічнага матэрыялу. А звышзадачай спектакля стала ўвасабленне думкі пра адвечныя каштоўнасці сялянскай працы, узаемаадносіны паміж людзьмі, якія павінны грунтавацца на дабрыні, павазе і любові, зразумела, не выключаючы і пачуццё гумару, што як цудоўны народны лячэбны сродак дапамагае беларусам у цяжкіх жыццёвых сітуацыях.
Падводзячы вынікі, прыемна было адзначаць і досыць высокі ўзровень рэжысуры, і тое, што большасць народных тэатраў аддалі перавагу айчыннай драматургіі. Безумоўным жа пераможцам фестывалю стаў народны тэатр "Восьмы дзень тыдня" Дома культуры "Фестывальны", які стаў уладальнікам Гран-пры і дыплома лаўрэата. Першае месца падзялілі народныя тэатры Светлагорскага ГЦК і Рагачоўскага ГДК.
Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць арганізатарам і ўдзельнікам фестывалю. Асабліва ж - акцёрам. Акцёры-аматары - надзіва абаяльныя, шчырыя і арганічныя людзі. Яны - не толькі праваднікі ідэй аўтараў і рэжысёраў да гледачоў, але і ствараюць разам з імі дзівосную матэрыю - духоўнае жыццё. Зрэшты, толькі ў акцёраў ёсць магчымасць пражыць некалькі жыццяў і лёсаў.
Людміла АЛЕШЧАНКА,
Лілія БЫЧКОВА,
члены журы фестывалю
На здымку: сцэна са спектакля
"Аляксееў і цені" народнага
тэатра "Восьмы дзень тыдня".