А дзе эфект ад таго, што ёсць?

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё
…Паэт чытаў горача, экзальтавана. Перад помнікам Янкі Купалы. “Няма мовы, няма беларусаў, няма краіны!..” І нібыта высакародным быў яго гнеў і шчымлівым — яго боль, але нешта не давала душы адгукнуцца ў адказ…

/i/content/pi/cult/489/10437/4-15.jpgА я? — думалася з трывогай. — А мае дзеці, а тыя, хто стаіць побач, а сотні маладых людзей, якія наладжваюць курсы мовы, а дзясяткі герояў маіх тэлеперадач? Нас што, таксама няма? Канешне ж, можна зразумець паэтычную гіпербалу, высакародны парыў, але хацелася спытаць, а ці верыць ён ва ўласнае існаванне і што зрабіў, каб яго радкі не гучалі так апакалепсічна.

…Сын выдатнага беларускага творцы, апраўдваючыся перад сваім выступленнем, дзе ён чытаў уласныя вершы не па-беларуску, тлумачыў так: “Я нарадзіўся ў Мінску, і ні дома, ні на вуліцы не чуў беларускай мовы…” Зачапіла не тое, што вершы не па-беларуску, былі б добрыя, а што дома ў беларускага творцы ён не чуў роднай мовы…

Сябра — сын майго былога калегі, выдатнага журналіста і маці, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, — прызнаецца ў друку, што не валодае мовай і таму не піша на ёй, бо трэба адчуваць смак слова роднага, а ён па тых жа прычынах быў з дзяцінства гэтага пазбаўлены.

Мой сын Максім, убачыўшы ў дзённіках аднаго з класікаў цэлыя абзацы, занатаваныя не такой мовай, якой былі напісаны ўлюбёныя ім творы, доўга хадзіў прыгаломшаны, хаця і меў ужо досвед, калі ў доме творчасці “Іслач”, куды я яго прывозіў малога, з пакоя, дзе жыла сям’я палымянага паэта, несліся словы, што надта ўжо дысанавалі з вершаванымі заклікамі трыбуна…

Абыякавасць мае багатую гісторыю і даўнюю традыцыю. Таму, калі ў мяне пытаюцца, на якой мове я размаўляю дома, з сябрамі, я не крыўдую. Разумею, людзям хочацца дакапацца да праўды, апраўдаць тое, што іх трывожыць, бо ведаю людзей, якія шкадуюць, што адарваліся ад роднага слова, імкнучыся стаць “гарадскімі”, “сучаснымі”...

Гэта тыя, хто ўсё ж адарваўся. А як далучыць да вытокаў тых, хто нарадзіўся ў гэтых беларускіх сем’ях, хто ні дома, ні ў садку, ні ў школе не чуў напоўніцу багацця нашай мовы? Можна, канешне, закідваць папрок на адрас дзяржаўных устаноў, неразваротлівых чыноўнікаў, але давайце прыгадаем: а колькі кожны з нас прыклаў намаганняў, каб выправіць сітуацыю не лозунгамі ды пратэстамі, а прынцыповай уласнай патрыятычнай пазіцыяй?

Чаму настаўнік беларускай мовы, прыходзячы ў клас, нібыта саромеецца гэтай мовы, пераходзячы ў час перапынкаў і класных гадзін на іншую? Я ўжо не раз згадваў, што ў маёй рускамоўнай школе мая настаўніца беларускай мовы гаварыла з намі заўсёды толькі па-беларуску, што ў нас праводзіліся ранішнікі ды іншыя пазашкольныя мерапрыемствы таксама на роднай мове.

Можна шмат папрокаў выказаць і на адрас работнікаў культуры. Паглядзіце на рэпертуар калектываў самадзейнасці, на арганізацыю вечарын, святаў. Сорамна сказаць, але вяселле ўласнага сына, дакладней, урачыстасць у Доме шлюбаў аднаго з самых, здавалася б, беларускамоўных раённых гарадкоў, прайшла па зусім іншых лякалах, а потым мне работніцы ўстановы апраўдваліся, што хацелі па-беларуску, але баяліся нарабіць памылак…

Няма сцэнарыяў? Дык у нас толькі афіцыйна прызнаных літаратараў пад тысячу. А Універсітэт культуры? А беларускія філфакі практычна ў кожным абласным цэнтры? А выдавецтвы, а часопісы? Дзяржава ўкладвае грошы, і немалыя. Трэба больш? Але дзе аддача ад таго, што ёсць?

Казаць гарачыя прамовы, безумоўна, прасцей, чым займацца штодзённай чорнай, не заўсёды ўдзячнай працай. Але калі не пачынаць з сябе, жаданы эфект толькі будзе аддаляцца…

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё