Чатыры дні на іншай планеце…

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці
Хачу сказаць некалькі слоў з нагоды VІІІ Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, на якім мне ўдалося сёлета пабываць.

/i/content/pi/cult/489/10436/4-3.jpgЯк вядома, праект фестывалю быў распрацаваны даволі даўно, і першая “Берагіня” аб’яднала аматараў беларускага фальклору яшчэ ў 1999 годзе. Кожны раз канцэпцыя мерапрыемства ўдасканальвалася, і, на маю думку, цяпер фэст дэманструе нам амаль ідэальную мадэль традыцыйнай культуры, асноўны прынцып якой — сінкрэтызм. Як у традыцыйнай культуры розныя віды і жанры мастацтва адлюстоўваюць глыбінны сэнс духоўных каштоўнасцей народа і цесна звязаны паміж сабой, так і “Берагіня” ўяўляе з сябе цэласную ды звязную сістэму выхавання праз традыцыйную культуру.

Спачатку мяне як кіраўніка творчай дэлегацыі ад Міншчыны такі сінкрэтычны падыход нават абурыў: дзіцячаму калектыву трэба было падрыхтаваць праграму, якая ўключала сольныя і ансамблевыя спевы, інструментальную музыку, выступленні танцавальных пар, карагод, выстаўку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з самапрэзентацыяй, дэкламацыю народнай прозы (казкі, хуткамоўкі), дэфіле традыцыйных строяў свайго рэгіёна з тлумачэннямі, замалёўкі на Купалле… І ўсё гэта мусіць быць пабудавана на мясцовым матэрыяле. А значыць, першым этапам падрыхтоўкі павінны стаць экспедыцыі па зборы ды апрацоўцы матэрыялу. Пагадзіцеся, задача вельмі складаная. Асаблівыя цяжкасці выклікала недастатковае фінансаванне (касцюмы і абутак удзельнікаў павінны быць адпаведнымі) і нізкая цікавасць з боку дзяцей: каб падрыхтаваць праграму, якая адпавядала б усім умовам фестывалю, неабходна поўнае пагружэнне маленькіх артыстаў у культурную спадчыну свайго краю.

Але, трапіўшы на сам фестываль, я зразумела, што толькі такі сістэмны ды комплексны падыход і забяспечвае тую самую непаўторнасць ды “іншапланетнасць”, што выгадна адрознівае фестываль ад іншых мерапрыемстваў такога кшталту.

Значнай асаблівасцю сістэмы “Берагіні” з’яўляецца трывалы навуковы падмурак: на фестывалі плённа працаваў экспертны савет, у склад якога ўваходзілі прызнаныя спецыялісты: кандыдаты культуралогіі і мастацтвазнаўства, доктар філалагічных навук, прафесар, мастак... А яшчэ першы раз на фестывалі я бачыла такую грунтоўную філасофска-метадалагічную базу. Да таго ж, “Берагіня” адначасова з’яўлялася і творчай лабараторыяй, дзе кожны ўдзельнік мог атрымаць змястоўныя адказы ад любога прадстаўніка экспертнага савета, члены якога ўвесь час былі, што называецца, “навідавоку” і нікому не адмаўлялі ў дапамозе.

Аднак я была здзіўлена і нават шакавана адсутнасцю папярэдняй інфармацыі аб фестывалі: пра яго ведалі толькі арганізатары, удзельнікі, некаторыя прадстаўнікі прэсы ды жыхары Рудабельшчыны. Гэта ж фэст з велізарным размахам крылаў, арганізаваны на высокім мастацкім ды прафесійным узроўні, не горшы за еўрапейскія, якім можна смела ганарыцца!.. Але “Берагіня” прайшла ціха і незаўважна для большасці насельніцтва Беларусі, не кажучы ўжо пра блізкае і тым больш далёкае замежжа. На “круглым стале”, зладжаным для абмеркавання вынікаў фестывалю і распрацоўкі канцэпцыі наступнай “Берагіні”, было ўзнята пытанне анансавання фэсту па Беларусі і за яе межамі. Думкі ўдзельнікаў падзяліліся. Выказвалася меркаванне, што прыцягненне большай колькасці гасцей і, тым больш, замежных турыстаў прывядзе да змены фармату фестывалю: маўляў, з традыцыйнага мастацтва ён скаціцца да “папсовага” (менавіта такі тэрмін выкарыстаў запрошаны прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксей Шылін).

Я з тым не згодная. Прыцягненне большай увагі не азначае змену канцэпцыі. Класічная музыка не перастае быць класічнай, хаця на канцэрты збіраюцца сотні і тысячы людзей. Так і “Берагіні” зусім не абавязкова змяняць сваю сутнасць. Запрашэнне большай колькасці гасцей дазволіць папулярызаваць нашу культурную спадчыну, тым самым падтрымліваючы яе. Калектывы, якія рыхтаваліся да фестывалю, правялі велізарную і карысную працу: сабралі ўнікальны матэрыял па сваёй мясцовасці, сістэматызавалі яго, апрацавалі, падрыхтавалі прэзентацыю. Але вынік гэтай працы пабачыла вузкае кола людзей: група спецыялістаў і некалькі калектываў з іншых абласцей. На мой погляд, мы не павінны замыкацца, хаваць нашыя дасягненні, вырашаць агульныя праблемы вялікага маштабу маленькім колам энтузіястаў…

На Беларусі здаўна было прынята рабіць вялікую працу, вырашаць цяжкія для аднаго чалавека задачы талакой. Захаванне фальклорнай спадчыны нашай краіны — актуальная праблема сённяшняга часу. Сучаснасць вымушае прыцягваць да культуры (асабліва традыцыйнай) не толькі навуковыя ды мастацкія ўліванні, але і фінансавыя. Вось і аматарам беларускага фальклору варта крочыць у нагу з часам ды жыццёвымі патрабаваннямі, захоўваючы свой глыбінны сэнс і духоўныя каштоўнасці.

Чаму, напрыклад, Беларусь у Еўропе прэзентуе фестываль эстраднага мастацтва “Славянскі базар у Віцебску”? Чаму б не стаць такім маркерам і ўнікальнай з’яве аўтэнтычнай культуры — “Берагіні”? Я думаю, многія нашы блізкія і далёкія суседзі дорага заплацілі б, каб пабачыць, дакрануцца душой да непаўторнай беларускай культуры, каб мець магчымасць паўдзельнічаць у гэтым цудзе — у Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”...