Мы ў арт-кантэксце. Чаму ж сумняваемся?

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Ганна ЧЫСТАСЕРДАВА, арт-дырэктар Галерэі сучаснага мастацтва “Ў”
Наша галерэя існуе столькі ж, колькі і мастацкі форум “Арт-Вільнюс” у суседзяў-літоўцаў: пяць гадоў. Адпаведна, з акурат такім жа досведам удзелу ў падзеі, казаць пра пэўныя тэндэнцыі як на прадстаўнічай падзеі, так і ў галерэйнай справе наогул можна з дастатковай пэўнасцю.

/i/content/pi/cult/489/10435/4-2.jpgСёлета арт-дырэктарам “Арт-Вільнюса” стаў наш добры знаёмец Эрык Шлосэр, вядомы, у тым ліку, і па кірмашы “Арт-Масква”. Дык вось, менеджмент форуму вырашыў сканцэнтравацца сёлета на адным напрамку мастацтва, і ім была абрана фатаграфія. Яно і не дзіва: літоўскія майстры фота прызнаныя ў свеце. Мы ж выбралі двух беларускіх фотамастакоў, якія займаюць высокія пазіцыі не толькі на лакальным, але і на еўрапейскім узроўні — Ігара Саўчанку і Андрэя Лянкевіча.

Удзел у арт-кірмашах дазваляе не толькі прэзентаваць краіну, галерэю і канкрэтнага творцу, але і знайсці партнёраў з замежжа, зацікаўленых калекцыянераў. Пра тое, што выбар аўтараў аказаўся “ў яблычак”, сведчыць і перамога Ігара Саўчанкі ў намінацыі “Лепшая фатаграфія/Лепшы фатограф”. Да ўсяго, вярнуліся і з новай выстаўкай: днямі ў галерэі “Ў” адкрыўся праект Вітаўтаса В. Станёніса “Фотаздымкі для дакументаў”, што яшчэ месяц таму дэманстраваўся на “Арт-Вільнюсе”.

Удзел у самых розных мастацкіх форумах для галерэі сучаснага мастацтва надзвычай важны. Але кірмаш у Вільнюсе ў гэтым выпадку асабліва блізкі нам праз блізкасць і самога горада (як геаграфічную, так і гістарычную). Урэшце, пра нібыта таннасць удзелу там казаць не буду: фінансавы бок для прадстаўнічых падзей застаецца важкім і ў нечым стрымліваючым фактарам для амбіцыйных задум. Хоць, зразумела, у выпадку з “Арт-Венай” і тым больш “Арт-Базэлем” выдаткі ўдзельнікаў вымяраюцца яшчэ большымі сумамі.

Скептык запытае: выбар лакацыі зразумелы, але ці апраўданы? Ды пяты год прадстаўленыя праекты і галерэі, якія збірае каманда форуму, пераконваюць: “Арт-Вільнюс” зусім не належыць да ліку выключна рэгіянальных кропак сустрэч прафесіяналаў. Брытанскія, нямецкія, французскія, мексіканскія, амерыканскія галерысты імкнуцца сюды.

Не толькі гэты, але і папярэднія гады ўдзелу ў “Арт-Вільнюсе” запэўнілі: беларускае мастацтва, праекты і мастакі менавіта з нашай тэрыторыі, — найвысокага ўзроўню; адпаведна, яны па заслугах ацэньваюцца прафесіяналамі з замежжа. А мы ж, прызнаемся шчыра, нярэдка сумняваемся, наколькі Беларусь уплецена ў той жа еўрапейскі кантэкст, наколькі мы можам выступаць на адным узроўні з прадстаўнікамі блізкіх і далёкіх нам краін.

Глядзець на прэзентаваныя на падобных кірмашах праекты цікава яшчэ і з той прычыны, што ўсе яны прайшлі праз пэўны адбор-“лістынг”, атрымаўшы такім чынам і прызнанне не толькі творчага, але і камерцыйнага патэнцыялу. Таму бачныя і агульныя трэнды, і, разам з тым, непадобнасць, а любая адзнака апошняй радуе. Вось сёлета ў нашым павільёне эксперты, гледзячы на здымкі Ігара Саўчанкі, праз пару хвілін маўклівага агляду прамовілі: “Гэта дакладна не літоўскае фота…” Падавалася б, ад Мінска да Вільнюса — усяго 170 кіламетраў, а якасная розніца для профі — відавочная.

Прызнаюся, пакуль я з цяжкасцю ўяўляю, як на Беларусі могуць ажыццявіцца арт-кірмашы кшталту вільнюскага. Прычынай — малая колькасць прафесійных галерэй (не салонаў па продажы жывапісу). Іх, што працуюць па еўрапейскім стандарце, займаюцца праектамі, выстаўкамі, маюць прафесійны куратарскі склад, не становіцца больш па ўсёй краіне. Няма творцаў і ініцыятараў зрухаў? Але на тым самым “Арт-Вільнюсе” розніцы паміж прадстаўнікамі мегаполісаў і правінцыйных мястэчак не заўважалася. Справа — у постаці мастака, з якім працуе галерэя, у яго ідэях, майстэрстве, што не мае геаграфічнай прывязкі. Так, розніца ў фінансавай забяспечанасці і магчымасцях, безумоўна, існуе. Але пра грашовыя цяжкасці скажуць вам і ў Лондане, і ў Празе, і ў аддаленым мястэчку, ці не так?..

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах