Тры дні і год з імем класіка

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

4 — 6 лютага ў Бабруйскім раёне, у Мінску і на Валожыншчыне прайшлі асноўныя мерапрыемствы, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Раніцай 4 лютага з Мінска выехала дэлегацыя, у склад якой увайшлі начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры РБ Васіль Чэрнік, яго намеснік Віктар Маліноўскі, выканаўца абавязкаў дырэктара Інстытута літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук Валерый Максімовіч, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры, паэт, перакладчык Серж Мінскевіч, адказны сакратар Нацыянальнай камісіі РБ па справах ЮНЕСКО Алена Красоўская, а таксама нашчадкі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, госці з Торуня — пані Беата-Хрысціна Марцінкевіч-Хоміч і яе дачка, пані Барбара Печатоўская.

Пакуль мы ехалі, 84-гадовая пані Беата распавяла гісторыю свайго роду. Дзіцячыя і юнацкія гады яна правяла ў Валожыне. Дом, дзе жыла яе сям’я, стаіць дасюль. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч даводзіўся стрыечным братам яе дзеду па бацьку. Пані прыгадала, што яе бацька яшчэ ў 3— 4-гадовым узросце быў упісаны ў дваранскую кнігу Расійскай імперыі як шляхціч герба “Лебедзь”. Ён прыкладваў да дакументаў пячатку дзеда, такую ж, якую меў і славуты драматург,— з выявай белага лебедзя на блакітным фоне.

Як высветлілася, наша субяседніца мае і іншыя повязі з Беларуссю. Муж сястры яе маці быў родным братам Уладзіславы Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы. Пані Беата была знаёмая з паэтам і звала яго вуйкам. Летась яна прыязджала ў нашу краіну на святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння Песняра.

Першы пункт святочнай праграмы — вёска Панюшкавічы Сычкаўскага сельсавета, дзе нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

Ад дома, дзе ўпершыню ўбачыў свет, не захавалася і падмуркаў. Але там, дзе ён мог быць, усталяваны памятны камень. Ля яго адбыўся ўрачысты мітынг з ускладаннем кветак. Слова мелі старшыня Бабруйскага райвыканкама Міхаіл Шалкоўскі, Васіль Чэрнік. Падзялілася ўспамінамі з землякамі пісьменніка пані Беата. Актрыса Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча Ала Грахава назвала героя ўрачыстасцей бацькам беларускай драматургіі і распавяла пра спектаклі, пастаўленыя тэатрам паводле яго п’ес. Алена Красоўская перадала ўладам Бабруйскага раёна рэзалюцыю ЮНЕСКО аб святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча.

Экспазіцыя “Я выхаванец Бабруйскага павета”, прысвечаная пісьменніку, створана ў раённым музеі працоўнай і баявой славы ў вёсцы Сычкава. У этнаграфічнай зале дэлегацыю чакаў сюрпрыз: мясцовыя школьнікі, апранутыя ў народныя строі, досыць артыстычна разыгралі сцэны з “Пінскай шляхты”. Перад развітаннем пані Беата пераказвае дырэктару музея Людміле Восіпавай сямейную легенду. Вядома, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч складваў рукапісы сваіх вершаў, перакладаў, нататкаў у куфар, які, лічылася, згарэў падчас пажару ў Люцінцы. Аднак бабуля і цётка пані Беаты казалі ёй, што насамрэч сын пісьменніка Міраслаў-Эдвард адвёз той куфар у Адэсу, куды паехаў на заробкі, і пасля перадаў ім. На жаль, жанчыны вымушаны былі кінуць у спешцы сямейную рэліквію, пакідаючы Расію перад наступленнем бальшавікоў. Пачуўшы гэта, усім міжволі хочацца спадзявацца на цуд: раптам гэты куфар з яго неацэнным для беларускай літаратуры змесцівам яшчэ ўсплыве на паверхню Леты...

Завяршаецца першы дзень святкаванняў у Бабруйску, у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. У яго фае Бабруйская ЦБС зладзіла выстаўку. У ролі экскурсавода — галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС Вольга Стэльмак. Тут сабраны матэрыялы пра Дуніна-Марцінкевіча і яго сучаснікаў, этнаграфічныя экспанаты, з дапамогай лялек прадстаўлены выразныя сцэнкі з яго п’ес. Але выстаўка — толькі “пралог” да літаратурна-музычнай кампазіцыі “Я любімаму краю адданы”. Распачынаюць яе дзеяй “Гімн чыстаму каханню” навучэнцы дзяржаўнай сярэдняй школы-каледжа мастацтваў пад кіраўніцтвам рэжысёра Людмілы Падбярозкінай і харэографа Марыны Калеснікавай. Далей на сцэну выходзяць прафесійныя акцёры тэатра, увасобіўшыся ў персанажаў “Ідыліі” ды “Пінскай шляхты”, якія заводзяць публіку, агучваючы тэксты класіка ў папулярным цяпер жанры мюзікла. І завяршае праграму народны ансамбль песні і музыкі “Бабруйскія музыкі” Цэнтра культуры і адпачынку Ленінскага раёна г. Бабруйска.

... А тым часам у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбывалася прэзентацыя DVD-дыска “Жыве паміж намі Дудар наш”, першага тома двухтомнага выдання твораў В.Дуніна-Марцінкевіча, выпушчанага выдавецтвам “Мастацкая літаратура”, і “Пінскай шляхты” на 5-ці мовах, якая выйшла ў выдавецтве “Хурсік”.

DVD-R падрыхтаваны Нацыянальнай бібліятэкай пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі РБ па справах ЮНЕСКО і змяшчае бібліяграфічныя спісы, поўныя тэксты выданняў Дуніна-Марцінкевіча, звесткі пра яго жыццёвы і творчы шлях, каля 100 электронных копій з арыгінальных твораў беларускіх мастакоў.

Падчас прэзентацыі адкрыліся кніжная выстаўка “Ён першы сеяў зярняты...”, дзе прадстаўлены больш за 100 дакументаў з фондаў НББ, і выстаўка твораў маладых мастакоў, якія адлюстроўваюць памятныя мясціны пісьменніка.

На наступны дзень, 5 лютага, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіла міжнародную навуковую канферэнцыю “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у еўрапейскім кантэксце”. Удзельнікаў канферэнцыі віталі намеснік старшыні Прэзідыума НАНБ Анатоль Лесніковіч, намеснік міністра культуры РБ Віктар Кураш, старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКО Уладзімір Шчасны, старшыня Бабруйскага райвыканкама Міхаіл Шалкоўскі, старшыня Валожынскага раённага савета дэпутатаў Анатоль Кулак. Пасля пленарнага пасяджэння вялася праца ў дзвюх секцыях: “Творчая спадчына Дуніна-Марцінкевіча: асоба, традыцыі, паэтыка” і “Творчасць Дуніна-Марцінкевіча: еўрапейскі і нацыянальны кантэкст”.

Кульмінацыйнай падзеяй стаў урачысты вечар у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, прысвечаны юбіляру, з шырокім удзелам творчай інтэлігенцыі. Намеснік міністра культуры Віктар Кураш зачытаў прывітальны ліст Савета Міністраў РБ, падпісаны віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Косінцам, і перадаў удзельнікам урачыстасцей кветкі ад аргкамітэта святкаванняў і Міністэрства культуры. У спектаклі “Ідылія”, пастаўленым выдатным беларускім рэжысёрам Мікалаем Пінігіным, ігралі зоркі Купалаўскага тэатра: народныя артысты Генадзь Аўсяннікаў, Мікалай Кірычэнка, Арнольд Памазан, заслужаныя артысты Віктар Манаеў, Зінаіда Зубкова, Георгій Маляўскі, артыст Алег Гарбуз.

А 6 лютага пасля падвядзення вынікаў канферэнцыі ўдзельнікі і члены Рэспубліканскага аргкамітэта выправіліся на Валожыншчыну, у любы край драматурга. Да дэлегацыі далучыліся прапраўнукі В.Дуніна-Марцінкевіча з розных мясцін Польшчы: Тадэвуш Кшыжаньскі, Дусь-Агнешка Кшыжаньска і Станіслаў Плаўскі.

Найперш працэсія скіравалася ў вёску Тупальшчына Пральніцкага сельсавета, дзе на ўзгорку перад касцёлам пахаваны, згодна з тэстаментам, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Да яго магілы былі ўскладзены кветкі, затым адбыўся мітынг. Сярод выступоўцаў быў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі Язэп Янушкевіч — аўтарытэтны даследчык лёсу і спадчыны В.Дуніна-Марцінкевіча, аўтар кніг аб ім. Ён звярнуў увагу прысутных на тое, што лічыцца, быццам побач з драматургам пахаваны яго жонка Марыя і дачка Цэзарына, але гэтыя звесткі патрабуюць удакладненняў.

У Люцінцы таксама нічога не засталося ад сядзібы, дзе ў творчасці і клопатах аб асвеце падданых сялян бавіў час Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, гаспадар шматдзетнай сям’і. Але ёсць памятны знак, пастаўлены ўжо нашымі сучаснікамі.

Памяць аб таленавітым земляку зберагаюць і ў Пяршаях, цэнтры сельсавета. Тут на базе вучэбна-педагагічнага комплексу “Дзіцячы сад — сярэдняя агульнаадукацыйная школа” ў 1961 г. Быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей імя В.Дуніна-Марцінкевіча.

Рарытэтныя экспанаты — старадаўні посуд, знойдзены вучнямі ў Люцінцы на месцы панскага маёнтка, фатаграфіі сваякоў пісьменніка.

З музея госці былі запрошаны ў Пяршайскі СДК на літаратурна-мастацкае свята “Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы”.

— У ХІХ стагоддзі, да прыезду сюды Дуніна-Марцінкевіча, Валожыншчына была глухім кутком, а цяпер яна вядомая ўсяму культурнаму свету,— сказаў, адкрываючы свята, намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Пётр Бібік. — Праводзім вялікую працу па захаванні нашых традыцый, ушаноўваем адораных людзей.

Віктар Маліноўскі, адказны каардынатар рэспубліканскіх мерапрыемстваў, сардэчна прывітаў усіх прысутных, выказаў жыхарам раёна падзяку за клопат аб мясцінах, звязаных з творчасцю славутага земляка. Далей ён зрабіў агляд тэатральных пастановак п’ес Дуніна-Марцінкевіча, згадаўшы добрым словам і Пяршайскі народны тэатр.

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Эдуард Багдановіч выказаўся так: “Вельмі пашчасціла Валожыншчыне, ды і ўсёй Мінскай вобласці, што ў нас нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, драматург і перакладчык Міцкевічавага “Пана Тадэвуша” на беларускую мову. Наша задача — зберагчы яго скарб і перадаць нашчадкам”.

Тое ж пажаданне выказаў і дырэктар Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец: “У багатым шматгранным, шматколерным вянку беларускай літаратуры ззяюць творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Яны дазволілі беларускаму народу загаварыць на сваёй мове, не страцілі актуальнасці і сёння. Мы павінны захаваць для нашчадкаў нашу багатую культурную і літаратурную спадчыну”.

І творы славутага земляка сапраўды заззялі на сцэне Сельскага дома культуры — у выкананні акцёраў Пяршайскага народнага тэатра пад кіраўніцтвам Марыі Петрыкевіч. На свяце выступіў таксама хор музычнай капэлы “Sanorus” (мастацкі кіраўнік — Аляксей Шут) з песнямі на вершы Янкі Купалы. І завяршылі праграму творчыя калектывы Ракаўскага дома культуры.

Гэтыя тры дні паклалі пачатак юбілейным мерапрыемствам, прысвечаным 200-годдзю з дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча, якія будуць праводзіцца па ўсёй краіне на працягу года.

Святлана ІШЧАНКА,наш спецкар.Мінск — Бабруйскі раён —Валожынскі раён — Мінск

Фота аўтара