"А бібліятэка будучыні вам не патрэбная?"-2

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

Абмяркоўваем набалелую тэму
Артыкул "А бібліятэка будучыні вам не патрэбная?", які быў надрукаваны ў № 24 за 2014 г., выклікаў абмеркаванне ў нашай пошце і на старонках ў сацыяльных сетках. Друкуем першыя водгукі і запрашаем вас да далейшай дыскусіі. Сёння на старонках "К" — меркаванні прафесіяналаў у бібліятэчнай справе Марыны Петрашкевіч і Наталлі Свірыда, а таксама "погляд з боку" ад журналіста і літаратара Віктара Марціновіча, якім ён нядаўна падзяліўся на адным з інтэрнэт-рэсурсаў.

Але мы — не масавікі-забаўнікі!..

/i/content/pi/cult/488/10411/7-1.jpgЯ бібліятэкар адной з мінскіх дзіцячых бібліятэк. Працую амаль восем гадоў, і за гэты час у мяне склалася сваё меркаванне.

Зусім рэзка наконт існуючай бібліятэчнай справы ў Мінску па шэрагу прычын выказвацца не буду. Але ўсё ж хочацца прыняць удзел у палеміцы наконт бібліятэкі будучага. Дакладней будзе сказаць — месцы бібліятэкі ў будучым.

Безумоўна, бібліятэка патрэбна ў будучым. Звычайная бібліятэка са звыклымі функцыямі, якія яна выконвала цягам не аднаго стагоддзя. Для заўтрашняга пакалення патрэбна ўстанова крокавай даступнасці са зручным графікам працы, разнастайным фондам і ўтульнымі месцамі для чытання-адпачынку.

У вялікіх гарадах увесь час нехта або нешта перашкаджае чытачу акунуцца ў свет кнігі. Бібліятэка павінна прадаставіць такое месца. У яе памяшканнях трэба размясціць утульныя канапы, крэслы-качалкі, гамакі, вялікія арэлі (напрыклад, падобныя на садовыя), дзе чытачы змогуць вольна сядзець, падагнуўшы ногі пад сябе або закінуўшы іх на суседняе крэсла, і нават ляжаць. А вось тут ужо будуць да месца і кава, і гарбата, і бутэрброд, і пачак чыпсаў — хто з чым прывык чытаць. Галоўнае, каб мэбля для чытання не была сканцэнтравана ў адным месцы, каб пах кавы суседа па канапе не казытаў нос галоднага студэнта…

У дзіцячых бібліятэках (у аддзелах літаратуры для дзяцей дарослых бібліятэк) будуць да месца разнастайныя настольныя гульні (ад папяровых “брадзілак” да шашак і шахмат), размалёўкі, пазлы, наборы для творчасці, цацкі (машынкі, лялькі, гумавыя звяры, канструктары, кубікі). І абавязкова — пляцоўка, дзе з пералічаным дабром можна бясконца гуляць. Гэтыя рэчы прыцягнуць дзіця ў бібліятэку. Пад час наведання для гульні дзіцячы позірк спыніцца на цікавых кнігах, якія малеча абавязкова захоча прачытаць (пры ўмове якаснага раскрыцця фонду на прывабных выстаўках). Такім чынам дзіця на радасць бацькам, бібліятэкарам і настаўнікам ператворыцца ў сталага чытача. Арганізацыя разнастайных літаратурных конкурсаў, завязаных на чытанні шэрагу кніг, з вызначэннем пераможцаў і ўручэннем прызоў таксама прыцягне ўвагу дзяцей розных узроставых групп.

Што да музыкальных, танцавальных, тэатральных вечароў, заняткаў гімнастыкай, святочных імпрэз, прагляду кінафільмаў, разнастайных кружкоў і секцый, то яны могуць праводзіцца толькі па асабістай ініцыятыве бібліятэкара. Ва ўсіх астатніх выпадках яны мусяць праходзіць пад адным дахам з бібліятэкай, але ў асобных памяшканнях на чале са спецыялістам у дадзенай галіне. Не трэба рабіць з бібліятэкара масавіка-забаўніка ўніверсальнага профілю. Дарэчы, на арганізатара масавых мерапрыемстваў ва Універсітэце культуры студэнты вучацца пяць гадоў, а моладзь на бібліятэчным факультэце спасцігае зусім іншае. Бібліятэкар павінен займацца сваёй бібліятэчнай справай: перад пачаткам заняткаў або вечара прапіярыць для ўдзельнікаў мерапрыемства кніжныя навінкі, распавесці пра тую або іншую кнігу, зрабіць агляд новых часопісаў. А імпрэзы, якія ён ладзіць у памяшканні бібліятэкі, павінны быць скіраваны на раскрыццё фонду, рэкламу кніг і прапаганду чытання.

Сёння трэба ўспомніць і ўзнавіць папулярнае ў савецкія часы кіраўніцтва чытаннем. У бясконцай колькасці аўтараў і кніг чытачу цяжка арыентавацца, а анатацыі, змешчаныя ў кнігах, не заўсёды адлюстроўваюць іх змест. Бібліяграфічныя спісы кшталту “сентыментальны раман” і “крывавы дэтэктыў”, “раман з элементамі дэтэктыву” і “юмарыстычныя прыгоды”, “фэнтазі са звыклымі нам дамавікамі, лесавікамі і русалкамі” і “фэнтазі з замежнымі тролямі, гоблінамі і гномамі” значна спросцяць чытачу пакутлівы працэс выбару кніг. Простая і даступная форма падобных бібліяграфічных спісаў са спасылкамі на афіцыйныя сайты, дзе можна бяспечна запампаваць кнігу, зробіць іх запатрабаванымі сярод чытачоў. Прычым падобныя спісы павінны змяшчаць апісанні кніг не толькі асобнай бібліятэкі, а і найбольш папулярных ды якасных выданняў. Галоўнай задачай бібліятэкі мусіць стаць рэклама кнігі. А возьме чытач папяровую кнігу ў дадзенай бібліятэцы ці набудзе яе ў кнігарні, запампуе на электронную кнігу ці будзе чытаць з манітора камп’ютара ў рэжыме онлайн — гэта ўжо яго справа. Галоўнае — ён будзе чытаць, а бібліятэкі застануцца запатрабаванымі.

Сёння, як і заўтра, грамадству патрэбна не бібліятэка будучага, а бібліятэка — дасугавы цэнтр, альтэрнатыва бессэнсоўным камп’ютарным гульням. Калі не зрабіць бібліятэку папулярнай сярод дзяцей зараз, то потым яна не будзе патрэбна ўвогуле, бо чалавек чытаючы знікне як від…

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ, бібліятэкар І катэгорыі Дзіцячай бібліятэкі № 8 горада Мінска

Таму што набалела…

/i/content/pi/cult/488/10411/7-2.jpgНарэшце ўзнята наспелая даўно тэма. Мне імпануе пункт гледжання Юрыя Чарнякевіча (яго меркаванне датычыцца ў большай ступені развіцця гарадскіх бібліятэк): не трэба з бібліятэкі рабіць немаведама што (толькі не бібліятэку). Сэнс жа дзейнасці сельскай бібліятэкі — у пазіцыі Кастуся Антановіча.

Але палеміку весці бессэнсоўна, калі не вывучыць досвед развіцця сучасных публічных бібліятэк у краінах Еўропы і, напрыклад, працу ў гэтым кірунку бібліятэк Масквы (там задумаліся пра гэта даўно — і працэс рэалізацыі пайшоў). І не трэба займацца скарачэннямі дзеля незразумела якой выгоды. Тое ж датычыцца інтэграцыі (камусьці трэба прэмію даць за вынаходніцтва новага тыпу бібліятэкі — інтэграваная). Варта спачатку паклапаціцца, каб прафесіяналы выпрацавалі канцэпцыю (праект) развіцця (арганізацыі) публічнай бібліятэкі, патрэбнай грамадству і агульнадаступнай (бясплатнай).

А запозненыя разважанні не маюць сэнсу пасля бяздумных скарачэнняў, неабгрунтаванага ў ціску платных паслуг і перспектывы знішчэння чытальных залаў.

Эксперыменты прадаўжаюцца. Між тым, прафесійных кадраў у бібліятэках не будзе, пакуль заробак застанецца ў памеры 1,6 млн. рублёў пасля заканчэння ВНУ.

Адсутнасць прафесіяналізму адчуваецца і ў многіх з тых, хто кіруе працэсамі ў сферы культуры. Дзе канцэпцыя развіцця бібліятэчнай справы Беларусі? (Маю на ўвазе менавіта навуковы падыход.) А матэрыяльна-тэхнічная база, якая застаецца на ўзроўні 80-х гадоў мінулага стагоддзя! Дык мо хопіць “эксперыментаў”? Наперш патрэбна фінансаванне прадуманых бібліятэчных праектаў. Даўно існуе дзірка ў бюджэце, але першымі ў яе пачалі правальвацца бібліятэкі. Наступствы — непрадказальныя. Прабачце за такі камент. Набалела...

Наталля СВІРЫДА, намеснік дырэктара Гродзенскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы

Як прайсці ў бібліятэку?

/i/content/pi/cult/488/10411/7-3.jpgЧыталкі ўвайшлі ў наша жыццё мякка і незаўважна. Шмат каму нават падалося, што нічога не змянілася. Ну, там літаркі надрукаваныя на паперы, а тут створаныя электроннымі чарніламі… Але чым больш я карыстаюся электроннымі прыладамі, чым больш супастаўляю гэты досвед з тым, што быў раней, калі кнігі былі важкімі, тым больш упэўніваюся: змянілася наогул усё, мы проста пакуль гэтага не адзначылі і не зразумелі. Электронная эпоха нясе цывілізацыі змены, супастаўныя з вынаходніцтвам друкарскага станка. Паспрабую вылучыць адметнасці.

E-reader ужо фактычна забіў кніжную індустрыю. Прафесія пісьменніка зрабілася камерцыйна прыбытковай праз вынаходніцтва ратацыйнай друкарскай машыны, якая значна знізіла выдаткі на друк кніг і зрабіла іх даступнымі нават для тых, хто не ведаў, як іх чытаць (памятаем пра непісьменнасць у Еўропе ў XVIII — ХІХ стст.). Новы тэхналагічны выбух XXI стагоддзя, які абяцаў яшчэ больш знізіць выдаткі, фактычна скончыў эпоху прафесіі: пісьменнікі цяпер павінны быць заможнымі людзьмі, не зацікаўленымі ў прыбытку ад выдавецкай дзейнасці, як лорд Байран, Джонатан Свіфт ці, даруйце, Платон. Расійскі выдавецкі рынак ужо пахаваны гэтай файнай тэхналогіяй: у Сеціве кніжачкі даступныя ўсе і разам.

Паспрабуем прааналізаваць, як мы паводзім сябе з электроннай кнігай. Перш за ўсё, мы па-іншаму “набываем” творы. Раней мы чулі пра нейкага новага цікавага аўтара, напрыклад, пра праваслаўнага песіміста Дзяніса Гуцко, які робіць шмат шуму ў Расіі. Мы акуратна набывалі адну кніжку Гуцко, каб зразумець, што гэта такое і ці спадабаецца. Мы былі абмежаваны грашовым фактарам — не маглі адразу забраць усё, што выдадзена тым аўтарам.

Логіка нашых дзеянняў на сайце з бясплатнымі запампоўкамі прынцыпова іншая: мы сцягваем адразу ўсё, што ёсць, — пасля разбяромся. Калі праз месяц успомнім пра таго Гуцко, будзем пачынаць чытанне наўздагад, зыходзячы з прывабнасці назваў кніг. Прагартаўшы пяць старонак тэксту, мы адкінем яго, калі ён нам не спадабаецца: мы не плацілі грошай за гэтую кніжку і не будзем вышукваць у ёй нешта асаблівае, калі яна хутка не “зачэпіць”.

Другая адметнасць электроннага чытання вынікае з таго факта, што кніжка заўсёды побач. Раней, збіраючыся ў адпачынак, мы рупліва адбіралі два-тры томікі, прычым сачылі за тым, каб яны былі не самымі важкімі. Цяпер у адпачынак мы можам узяць усё напісанае чалавецтвам — рукі не адарвуцца. Адчуванне сталай прысутнасці электроннай кнігі (г. зн., усіх кніг, якія мы прачыталі) дадае ўпэўненасці ў тым, што чытанне і памяць — працэсы аўтаномныя. Мы чытаем няўважліва, бо ў любы момант і ў любым месцы можам дастаць чыталку і прыгадаць, як там звалі галоўных герояў і ў чым была інтрыга.

Электронная папера нараджае і новыя практыкі калектыўнага спажывання тэкстаў. Вось карцінка з мінулага: закаханыя ўтаропіліся ў адну і тую ж кніжку, гартаюць старонкі, іх валасы сплятаюцца над ёй. Сёння ён проста перадаў бы ёй тэкст праз Bluetooth, і далей яна чытала б яго на сваім “таблеце”. А яшчэ кажуць, што тэхналогіі аб’ядноўваюць…

Лічбавыя кнігі рызыкуюць перафарматаваць шэраг літаратурных прафесій. Пра трагедыю пісьменніка і выдаўца мы ўжо згадалі, але цікавыя ролі гэтая эпоха прапануе крытыкам. Калі раней крытыку варта было сканцэнтравацца на адным творы і дэталёва яго разбіраць (бо чытач гатовы быў набыць адну кнігу, а не ўсе!), цяпер ад крытыкаў публіка чакае адказу на спрадвечнае пытанне “Што б такое пачытаць?”. Прычым адказу разгорнутага і пажадана рубрыкаванага. Калі прааналізаваць запыты, з дапамогай якіх людзі шукаюць кнігі, можна зразумець, што ўжо цяпер узнік попыт на сайт, на якім можна было б увесці ўзрост, пол, колер валасоў, знак задыяка і ў адказ атрымаць рэкамендацыю — 100 кніжак жанру “пра каханне”, якія папулярны на гэтым тыдні.

Адзін мой знаёмы ў змрочныя дзевяностыя “накасіў” некалькі тысяч долараў вельмі цікавым відам дзейнасці: ён дапамагаў складаць бібліятэкі. Прыкладна на тым этапе, калі шпалеры ў доме ўжо наклеены, а більярдны стол яшчэ не прывезлі, ягоныя заказчыкі, беларускія “ыліты”, задаваліся пытаннем: а якія кнігі паставіць у бібліятэцы? Такая лакацыя, як “бібліятэка”, у доме была запланавана, бо якое ж жытло “ыліт” без бібліятэкі. А вось што туды паставіць — пытанне! Важна ж не толькі, каб вокладкі пасавалі да кіліма (за гэта тут галоўны дызайнер праекта адказвае), — важна і што там, у тых вокладках. Бо раптам дызайнер пад кілім падбярэ поўны склад твораў У.І. Леніна: у тых кніжачак такое прыемнае вохрыстае адценне… Але “пацаны не зразумеюць”. “Пацанам” наогул трэба паказаць, што ўладальнік хаты — начытаная, тонкая душа і на дом назбірала не гандлем нафтай, а ўласнымі галавой, розумам, адукацыяй. І вось тут з’яўляўся мой знаёмы з доўгім спісам, які за тыдзень напаўняў лакацыю “бібліятэка” належнымі кнігамі. У яго было некалькі тыповых варыянтаў: спіс для прыхільнікаў класікі, “традыцыі і сучаснасць”, city intellectual і нават гік-спіс (Петрушэўская ды іншыя).

Дык вось, цяпер для майго знаёмага — чорныя часы. Лакацыі “бібліятэка” знікаюць з хат “ыліт”, а тыя эстэты, якія па сваёй волі захоўваюць папяровыя тамы ў сябе дома, не маюць патрэбы ў library-consulting — яны самі каго хочаш пракансультуюць. Усе астатнія бібліятэкі носяць у сваіх кішэнях. Ведаеце, што з’яўляецца самым інтымным крокам? Даць сваю чыталку некаму на пару дзён. Чалавек зразумее і адчуе вас, калі, канешне, ён такі ж прыхільнік літаратуры, як і вы. Чыталка адразу пакажа ўсё: чым цікавіцеся, што прачытваеце, што пачынаеце, але не заканчваеце, а што, спампаваўшы, так і не адкрываеце. Ніводная прыватная бібліятэка не давала такога ўражання аб прыхільнасцях уладальніка…

Магчыма, гэта яшчэ не ўсё. Тэхналогія чыталак дагэтуль удасканальваецца. Цалкам магчыма, што праз дзесяць гадоў яны будуць дапісваць кнігі ў залежнасці ад пажаданняў чытачоў. Але ўжо сёння можна зрабіць выснову: Гутэнбергавай эпохі больш няма, яна скончылася…

Віктар МАРЦІНОВІЧ, журналіст, літаратар

 

Чытайце таксама артыкул "А бібліятэка будучыні вам не патрэбная?", які і выклікаў абмеркаванне.