Партнёрства з Кітаем

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

Нядаўна адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі і Дзяржаўным музеем імператарскага палаца Гугун Кітая. Подпісы пад дакументам паставілі генеральны дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў і дырэктар кітайскага музея Шань Цзісян.

Такім чынам, цяпер беларускія музейшчыкі атрымалі выдатную магчымасць ездзіць на стажыроўку ў Кітай, а кітайскія — у Беларусь. Акрамя таго, падпісаны дакумент дае ўстановам культуры магчымасць абменьвацца выставачнымі праектамі і навуковымі даследаваннямі.

Шань Цзісян заўважыў, што падпісанае пагадненне — першы крок да сумеснага супрацоўніцтва. “Мы збіраемся наладжваць культурныя адносіны ў самых розных напрамках. Нам вельмі хацелася б арганізаваць абмен прафесійнымі кадрамі паміж рэспублікамі, таму мы з задавальненнем прымем вашых навуковых супрацоўнікаў да сябе на стажыроўку”, — сказаў дырэктар Дзяржаўнага музея імператарскага палаца Гугун.

Таксама на мінулым тыдні ў Інстытуце культуры Беларусі прайшоў “круглы стол” “Беларусь і Кітай — міжнародны культурны дыялог”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел міністр культуры нашай краіны Барыс Святлоў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін, супрацоўнікі Пасольства КНР у Беларусі, беларускія навукоўцы, рэдактары айчынных літаратурных часопісаў.

Як падкрэсліў пад час свайго выступлення кіраўнік Міністэрства культуры, такія сустрэчы вельмі важныя для міжкультурнага дыялога паміж нашымі краінамі, таму яны абавязкова павінны стаць традыцыйнымі. У сваю чаргу, Цуй Цымін адзначыў, што сёння Беларусь і Кітай маюць вельмі цесныя кантакты на самым высокім узроўні. Так, калі казаць пра культурны складнік, то абодва бакі па чарзе арганізуюць Дні культуры, мастацкія выстаўкі, канцэрты, творчыя выступленні, тыдні кіно і іншыя разнастайныя культурныя мерапрыемствы.

Сярод выступленняў адзначым прамову доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса, які распавёў пра шэраг выбітных асоб, што здаўна звязвалі і звязваюць Беларусь і Кітай. Напрыклад, пра вядомага знаўцу ўсходніх традыцый, культуры і мовы Іосіфа Гашкевіча — першага консула Расійскай Імперыі ў Японіі, ураджэнца Беларусі. Справа ў тым, што да паездкі ў Японію славуты беларус шмат часу пражыў у Кітаі, дзе вывучаў мову і традыцыі жыхароў Паднябеснай. Таксама Іосіф Гашкевіч друкаваў шматлікія артыкулы ў перыядычным расійскім друку, у якіх распавядаў пра асаблівасці кітайскай культуры.

Яшчэ адзін знакаміты беларус, які мае дачыненне да Кітая, — Язэп Германовіч, больш вядомы пад творчым псеўданімам Вінцук Адважны. Гэты ўраджэнец Гальшанаў і беларускі святар шмат часу аддаў місіянерскай працы ў Харбіне (Кітай), быў там арыштаваны і перададзены кітайскай паліцыяй ў рукі савецкіх органаў бяспекі. Асуджаны на 25 гадоў зняволення, ён доўгі час адседзеў у лагерах у Сібіры. Пасля смерці Сталіна Вінцук Адважны быў вызвалены з турмы і з’ехаў за мяжу, дзе напісаў свае ўспаміны на беларускай мове “Кітай — Сібір — Масква”...

Усе гэтыя ды іншыя выступленні яскрава пацвердзілі думку пра тое, што ў Беларусі і Кітая існуюць шматлікія культурныя сувязі, якія, безумоўна, з цягам часу будуць яшчэ больш пашырацца. А напрыканцы сустрэчы ў холе Інстытута культуры Беларусі для ўдзельнікаў форуму зладзілі невялікі майстар-клас па традыцыйным кітайскім жывапісе. Таксама тут жа можна было паглядзець выстаўку кітайскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама аўтарскую выстаўку Марыны Эльяшэвіч “Паднябеснае святло”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"