Два Мазалава — адно свята

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

21 чэрвеня на тэрыторыі помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя — былой сядзібы Манькоўскіх, што знаходзіцца ў аграгарадку “Мазалава” Віцебскага раёна, у мясцовым “амфітэатры”, адбылося раённае свята гульняў і ігрышчаў “Мазалаўскі карагод гульняў-2014”. Сёлета яно праводзілася ў рамках святкавання Года гасціннасці і было прысвечана 425-годдзю першай згадкі пра мястэчка Мазалава.

/i/content/pi/cult/485/10402/10-5.jpg

 

 

Вымнянскі народны хор і Аляксандр Шломан: пасля ўзнагароджання. / Фота аўтара

Гэта было ўжо чацвёртае па ліку свята. Многія яго ўдзельнікі з задавальненнем ды цеплынёй успамінаюць старажытную вёску на беразе ракі Лужаснянкі, вядомую яшчэ з канца ХVI стагоддзя, дзе свой добры след у свой час пакінулі многія вядомыя людзі. І перш за ўсё гэта — публіцыст, асветнік, грамадскі дзеяч XVIII стагоддзя Ігнат Манькоўскі, 250-годдзе з дня нараджэння якога святкуецца налета, пісьменнік Генадзь Бядняеў, краязнаўца Дзмітрый Газін ды іншыя…

Шаноўнымі гасцямі свята сталі ўдзельнікі дэлегацыі з аграгарадка “Мазалава” Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці (дадзеная сустрэча адбылася ў рамках праекта па культурным супрацоўніцтве паміж аднайменнымі населенымі пунктамі “Сцяжынкамі мазалаўскіх святынь: ад Віцебска да Магілёва”).

Нумары мастацкіх калектываў змяняліся гульнёвымі праграмамі… Незабыўным стала выступленне Клуба гістарычнага мадэлявання і рэканструкцыі “Нагльфар” Культурна-гістарычнага комплексу “Залатое кольца горада Віцебска “Дзвіна” і магілёўскіх артыстаў — інструментальнага ансамбля “Вясёлыя лыжкары”. Цікавай была прызнана гульня “Гарлачы”, падрыхтаваная мсціслаўцамі.

Пад час свята можна было наведаць майстэрню работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў раённага Цэнтра рамёстваў “Адраджэнне” і магілёўскіх рамеснікаў, пакаштаваць мазалаўскія прысмакі, вымнянскую юшку… Госці і ўдзельнікі свята пабачылі вясельны абрад, які выканаў народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка”.

Не абышлося і без конкурсу на лепшы рэцэпт прыгатавання славянскага квасу сярод жыхароў Прыдзвіння “Квасаўка-2014”. Самым смачным быў прызнаны квас “Дабрадзей”, які прадставіла Святлана Ліхавідава з Віцебска.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ