"Няхай моладзь анёлы ахоўваюць..."

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Міхаіл СОЛАПАЎ, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, уладальнік 6 ордэнаў і 22 медалёў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:
— Апошнім часам неаднойчы даводзілася чуць, што сучасная моладзь — не тая, якой была раней: маўляў, няма ў ёй таго энтузіязму. Думаю, тое не зусім так. Вядома, час зараз іншы, і гэта не можа не адбівацца на людзях. Але сапраўднае пачуццё патрыятызму выяўляецца ў стрэсавых, пераломных сітуацыях на мяжы жыцця і смерці, як гэта было ў ваеннае ліхалецце. Самае страшнае — сцерці з памяці ўсё, што мы перажылі. Наадварот, да гэтага трэба вяртацца зноў і зноў, каб асэнсоўваць тыя падзеі, выносіць з іх урокі...

/i/content/pi/cult/486/10396/2-3.jpg

Міхаіл Рыгоравіч Солапаў са студэнтамі Акадэміі музыкі. / Фота Сяргея Ждановіча

— Апошнім часам неаднойчы даводзілася чуць, што сучасная моладзь — не тая, якой была раней: маўляў, няма ў ёй таго энтузіязму. Думаю, тое не зусім так. Вядома, час зараз іншы, і гэта не можа не адбівацца на людзях. Але сапраўднае пачуццё патрыятызму выяўляецца ў стрэсавых, пераломных сітуацыях на мяжы жыцця і смерці, як гэта было ў ваеннае ліхалецце. Самае страшнае — сцерці з памяці ўсё, што мы перажылі. Наадварот, да гэтага трэба вяртацца зноў і зноў, каб асэнсоўваць тыя падзеі, выносіць з іх урокі...

Напрыканцы красавіка 1945-га я быў паранены, трапіў у шпіталь. Некалькі сутак зашкальвала тэмпература, стан быў такі, што ўсе думалі: памру. І раптам, скрозь непрытомнасць, чую крыкі: “Перамога!”. Думаў, мне гэта сніцца. Расплюшчыў вочы — хлопцы ўзрадаваліся: жывы! Выцягнулі мяне на насілках на вуліцу, а там — усё ў чырвані: сцягі, палотнішчы чырвоныя развешаны проста на вокнах, дамах — паўсюль. Бачу, ідзе салдат, крычыць: “Перамога! Ура!” Спыняецца, здымае гімнасцёрку, адрывае кавалак ад нацельнай кашулі. Дастае кінжал, рэжа ім... сваё перадплечча. Навошта? А ён крывёю, што ліецца з раны, абмазвае кавалак кашулі — і ўзнімае яго замест сцяга... І крычыць ізноў, цяпер ужо размахваючы “сцягам”: "Перамога! Ура!” Гэта мяне так уразіла, так усхвалявала, што тэмпература адразу пачала падаць. Напрыканцы дня доктар ужо не сумняваўся, што я буду жыць...

...А пачалася вайна, калі мне было шаснаццаць. На 23-е чэрвеня быў прызначаны апошні іспыт за першы курс музычнага вучылішча ў Курску, дзе я вучыўся. Напярэдадні вырашыў адаспацца. Прачнуўся — і тут аб’явілі: вайна. Народ быццам падмянілі, усе глядзяць кудысьці ў невядомасць. Прыйшлі ў вучылішча, там нас сустрэла дырэктар. Звычайна такая ўсмешлівая, цяпер яна таксама была засяроджаная, напружаная. Іспыт нам залічылі “завочна”, бо многія, і я ў тым ліку, адразу пайшлі ў ваенкамат, дабравольцамі. Мне даручылі разносіць павесткі, і гэта было вельмі цяжка. Жанчыны пачыналі плакаць, быццам асабіста я адбіраю ў іх бацьку, мужа, сына, брата. А мне хацелася самому хутчэй на фронт. У майго пакалення ўяўленне пра вайну было выключна ўзнёслае, рамантычнае. Баяўся, што хутка ўсё скончыцца, пабіць фашыстаў не паспею... Замест гэтага мяне да канца лета адправілі ў саўгас. Мужчын там ужо не засталося, а я ўмеў кіраваць трактарам. Увосень уся наша сям’я захварэла на сыпны тыф. Тры дні я быў у непрытомнасці. Маці падрыхтавала ўсё для пахавання, а я раптам ачуняў. Яна ж у той самы дзень памерла... Бацька ўжо быў у арміі, яго адпусцілі на пахаванне. Калі ён вяртаўся ў войска, прыхапіў і мяне. Спачатку я быў у музузводзе, потым мяне залічылі ў ваеннае вучылішча, адразу на трэці курс. Я скончыў яго малодшым лейтэнантам і пачаў сам рыхтаваць байцоў да фронту.

Але ж тэарэтычныя веды і практыка — розныя рэчы. Я гэта зразумеў, калі ў сакавіку 44-га трапіў, нарэшце, на фронт — пад Гомель. Перад гэтым мяне паклалі ў шпіталь, прызначылі харчаванне, бо я важыў усяго сорак з нечым кілаграмаў. “Адкармілі” да 52-х — і я рушыў вызваляць Беларусь, быў камандзірам узвода разведкі 57-га танкавага палка. Добра памятаю свой першы франтавы дзень. Мы былі ў палатцы, і тут пачалі бамбіць. Усе пабеглі да акопаў, а я стаю, думаю: чаго гэта яны бягуць? Хтосьці мяне за плечы — і ў акоп... Я падлічыў, што за вайну павінен быў загінуць трынаццаць разоў. Пэўна, анёл мяне зберагаў...

Цяперашнюю моладзь няхай таксама анёлы ахоўваюць — лепш, чым яны зберагалі нашае пакаленне. Але памятаць пра вайну трэба. Пакуль памятаем — новай вайны не будзе...

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА