Пірамідка з зоркай — помнік гісторыі

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
У Мінску, непадалёк ад праспекта Незалежнасці, захаваліся старыя могілкі, якія называюць Вайсковымі. У дзяцінстве (а жыў я тады на Даўгабродскай, побач з гэтым містычным месцам) быў упэўнены: назва прыдалася гэтаму абшару таму, што тут пахаваны чырвонаармейцы, палеглыя пры вызваленні Мінска ў 1944 годзе. Такую тапанімічную версію я чуў ад дарослых, і яна лічылася фактам, які не падлягае сумневу. Падставай для бясспрэчнага меркавання была тая акалічнасць, што значную частку тэрыторыі могілак займаюць пахаванні часоў Вялікай Айчыннай.

/i/content/pi/cult/486/10393/4-28.jpgПазней я даведаўся, што Вайсковымі старыя могілкі былі ад пачатку, ад заснавання ў першай палове ХІХ стагоддзя...

Пасля Вялікай Айчыннай Вайсковыя могілкі былі фактычна нацыянальным некропалем: тут пахавана шмат выбітных дзеячаў культуры і навукі, кіраўнікоў высокага рангу. Потым гэтая функцыя перайшла да Усходніх могілак.

Ад дасведчаных людзей я чуў, што грунтоўная, можна сказаць — манументальная, агароджа (цяпер яна заменена на больш сучасную) з’явілася вакол тэрыторыі могілак пасля вайны дзякуючы Якубу Коласу. Да яго як да дэпутата звярнуліся грамадзяне, заклапочаныя тым, што асвечаная памяццю зямля ў разбураным вайной Мінску стала чымсьці накшталт “прахаднога двара”, і Колас парупіўся пра добраўпарадкаванне. Лёсам было наканавана і яму тут ляжаць…

У другой палове 1980-х гадоў узнікла ідэя радыкальнай перапланіроўкі той часткі могілак, дзе пахаваны воіны Вялікай Айчыннай вайны. Быў нават распрацаваны праект, паводле якога мусіў паўстаць геаметрычна правільны, аздоблены гранітам манументальны некропаль на месцы старых сціплых магіл... У гэтым кантэксце ўяўлялася мэтазгодным замяніць існуючую скульптуру савецкага салдата, які смуткуе, што візуальна замыкала алею пахаванняў (скульптуру даволі традыцыйную для падобных мемарыялаў), на больш сучасную. Яна павінна была сімвалізаць смерць у імя Айчыны. Фактычна гаворка ішла пра замену брутальнай пластыкі на эстэцкую. “Мой герой, — казаў аўтар, — прыгожы, як юны бог. Я хачу гэтай скульптурай сказаць, што на вайне было страчана цэлае пакаленне, якое толькі ўступала ў жыццё і якому жыць бы ды жыць...”

Патрэба ў такой перапланіроўцы, перабудове тлумачылася наступным чынам. У сталіцы ў час афіцыйных цырымоній кветкі і вянкі ўскладалі да сімвалічнага надмагілля на плошчы Перамогі, а можна было б — і на рэальныя магілы на Вайсковых могілках. Але для таго, каб задзейнічаць іх ва ўрачыстых рытуалах, пахаванням трэба было надаць манументальны выгляд.

Бачыў я той праект, і мне ён тады спадабаўся. Фігура паміраючага салдата дык увогуле была надзвычай выразнай. Але сёння я задаволены, што гэты, падкрэслю — выдатны, праект так і не быў рэалізаваны. Дакладней, не рэалізаваны цалкам. Бо рэканструцыя могілак усё ж адбылася, і частка абшару пазбавілася натуральнай спантаннасці і набыла ўніфікаванасць. Добра, аднак, што далей убок ад цэнтральнай алеі мемарыяла захавалася частка аўтэнтычнай гісторыі — сціплыя магілы, якія ўжо сталі намоленым месцам. А магілы гэтыя складаюць, да таго ж, сэнсавае адзінства з пахаваннямі вайскоўцаў ХІХ стагоддзя, “не выбіваючыся з сістэмы” ні маштабам, ні агрэсіўнай эстэтыкай. Ды і смуткуючы чырвонаармеец стаіць там, дзе стаяў заўжды, хіба што пераведзены ў больш трывалы матэрыял.

Пры радыкальнай перабудове мемарыяльнага абшару з’явіўся б прыгожы сімвал, але сышлі б у нябыт сапраўдныя артэфакты Вялікай вайны і цяжкіх першых пасляваенных гадоў.

Ведаеце, сціплая пірамідка з чырвонай зоркай, якая нейкім чынам альбо цудам захавалася з ваенных часоў, уражвае больш, чым гара бетону ці граніту… Бо яна сама ўжо стала знакам гісторыі.

Сёння наша дзяржава даволі багатая, і грамадства досыць свядомае, каб давесці да ладу ўсе існуючыя пахаванні абаронцаў Айчыны. Але робячы вялікую справу, варта думаць і пра захаванне духу гісторыі...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"