Дайсці да Берліна

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

З франтавых дзённікаў артылерыста Пушкова
У 69-ы год Вялікай Перамогі ўсе мы, як заўсёды ў гэты вясновы час, асабліва адчуваем паняцце Радзімы. З гонарам і сумам азіраемся на тыя дзесяцігоддзі, што аддзяляюць нас ад пераможнага мая 1945-га. Што б мы ні рабілі і аб чым ні думалі, у якія складаныя перыпетыі жыцця ні траплялі б — ён, той дзень, жыве ў кожным з нас, б’ецца ў сэрцы нашым, як б’ецца полымя Вечнага агню на плошчы Перамогі беларускай сталіцы...

/i/content/pi/cult/486/10389/15-1.jpg

Іван Пушкоў (справа) з таварышамі-аднапалчанамі. 1945 г.

/i/content/pi/cult/486/10389/15-3.jpg

 

Дзённік Івана Пушкова.

Гады ідуць, і гады выстройваюць побач салдат Вялікай Айчыннай, партызанаў, падпольшчыкаў і тых хлопцаў, што яшчэ не паспелі атрымаць атэстат сталасці, ды — ірваліся на фронт... Больш за 130 прафесійных беларускіх мастакоў са зброяй у руках змагаліся ў Чырвонай арміі, партызанскіх лясах і падполлі. Амаль усе яны былі ўдастоены высокіх баявых узнагарод. Сярод іх — Герой Савецкага Саюза, лётчык-знішчальнік М.Зялёнкін — адзін з трох герояў-мастакоў ва ўсім СССР.

Сёння з членаў БСМ у жывых засталося ўсяго дзевяць чалавек — удзельнікаў мінулай вайны, але тых, хто не дажыў да светлага мая 2014 года, мы імкнёмся не забываць, бо яны ўнеслі значны ўклад у наша сучаснае мірнае жыццё. Хаця, на жаль, бывае, што і недаравальна забываем… І такое “забыццё” мяне заўсёды хвалявала і хвалюе. А можа, гэта такая спрадвеку натуральная “рыса” людская: забываць мёртвых, каб яны “не перашкаджалі” жыць жывым? Можа, напэўна, так павялося ў чалавечым родзе: чым большая агрэсіўная бездухоўнасць у грамадстве, тым усё большае бяспамяцтва і нейкая ржа раз’ядае душы — ні спачування, ні ўдзелу, ні добрага руху сэрца... І становіцца неяк усё нема, адзінока ў мікрасвеце мастакоў-ветэранаў, якіх мы ўзгадваем толькі ў дні вялікіх святаў. Вось і думаю: ці адолеем бяду, ці не абрасцём мохам, ці не страцім наша чалавечае, нацыянальнае, так ярасна ды беражліва пранесенае дзядамі і бацькамі праз нялёгкія гады маладосці і сталасці?

Ну хто, напрыклад, сёння ведае Івана Васільевіча Пушкова, якому мы прысвячаем гэты матэрыял? Ну, можа, толькі некаторыя яго калегі па пэндзлі, якіх, аднак, засталося — адзінкі. Пра моладзь я наогул маўчу. А быў чалавек гэты па-сапраўднаму ўнікальны. Яго я шмат гадоў вельмі добра ведаў, сябраваў з ім, бо Іван Васільевіч был не толькі добрым пейзажыстам-лірыкам, але і чалавекам з шырокай душой ды найбагацейшым сэрцам. У свой час ён на Гродзеншчыне лічыўся лепшым мастаком, выстаўляўся на найбуйнейшых выстаўках краіны і замежжа, быў заслужаным работнікам культуры Беларусі, чвэрць стагоддзя кіраваў Гродзенскай абласной арганізацыяй Саюза мастакоў БССР. Шмат разоў прыязджаў да мяне ў госці ў Мінск, а я — да яго ў Гродна...

Кавалер шматлікіх ордэнаў і медалёў, у тым ліку чатырох ордэнаў Айчыннай вайны, ён, гвардыі старшы лейтэнант, напрыканцы 1944-га быў прадстаўлены да звання Героя. Але ў апошні момант атрымаў ордэн Баявога Чырвонага Сцяга. Маўляў, Зорка Героя наступнай узнагародай будзе. Але вайна ўжо набліжалася да фіналу. Так што — трошкі не паспеў, хаця скончыў свой баявы шлях артылерыста і разведчыка ў Празе. А пачынаў яго, гэты шлях, 22 чэрвеня 1941-га. Адступленне з пагранічнай ракі Прут, бітва за Крым, Малая Зямля, Новарасійск, Украіна, вызваленне Беларусі, операцыя “Багратыён”, Прыбалтыка, Усходняя Прусія, Польшча, Берлін — вось асноўныя этапы яго ваенных паходаў.

Івана Пушкова даўно няма з намі (памёр у 1986 годзе), але засталіся яго цёплыя праніклівыя пейзажы, а яшчэ — тры ўнікальныя ваенныя дзённікі (1942 — 1945), якія ён незадоўга да смерці падарыў мне разам з папкай сваіх франтавых замалёвак. Уласна, гэта не столькі дзённікі ў іх вузкім разуменні, колькі роздумы аб жыцці, прыродзе, паэзіі, філасофіі, гісторыі. Ва ўсе гэтыя “аўтарскія адступленні” арганічна ўведзены падрабязныя апісанні баёў і ваеннага побыту, непасрэдна звязаныя з асобай аўтара.

У 2009 годзе наша газета друкавала некаторыя часткі з гэтых дзённікаў (гл. “К” №№ 7, 8, 9). Зараз увазе чытача мы прадставім яшчэ некалькі фрагментаў, звязаных менавіта з зімовымі баямі 1945-га ва Усходняй Прусіі ды некаторымі днямі апошняй агнявой пераможнай “берлінскай вясны”.

“23 студзеня 1945 г. Усходняя Прусія.

Учора наш дывізіён паходнай калонай прайшоў па яшчэ дымных вуліцах Гумбінена. Паўсюдна — груды бітай цэглы, шкла, шчэбеню, дроту з тэлеграфных слупоў, знявечаных аскепкамі... Спыніліся на паўднёва-ўсходнім баку ад вузла абароны праціўніка — Інстэрбурга. Чакаем загаду. Амаль за 20 кіламетраў ад нас — вайна ў разгары: гараць фальваркі, гаспадарчыя двары і маёнткі. Па лясах, па дарогах і гародах блукаюць бяздомныя жывёлы. У горадзе стаіць фісгармонь, а побач з ёй салдаты развялі вогнішча. З падвалаў выходзяць першыя рускія людзі — арлоўскія, смаленскія, ленінградскія. Тры гады ў журбе па сваёй радзіме пакутавалі яны ў нямецкай няволі. Збіраюць няхітрыя пажыткі і на каровах, запрэжаных у сані, накіроўваюцца на ўсход…

13 лютага 1945 г.

Сёння войскі 2-га і 3-га Украінскіх франтоў узялі Будапешт. А на нашым накірунку ідуць кровапралітныя баі. Праціўнік упарта супраціўляецца. Асаблівую актыўнасць выяўляе цяжкая артылерыя ворага. Снарадамі ўзрыты кожны метр зямлі. Сёння артабстрэл быў зроблены па маёй штаб-кватэры: двух кухараў параніла, аднаго салдата забіла, забіла чатырох коней. Атрымаў загад змясціць баявы парадак. Да сыходу дня нашы пяхотныя часткі прасунуліся наперад да Грох-Лабенена.

14 лютага 1945 г.

Жорстка шумяць устрывожаныя лютаўскім ветрам і непагаддзю, злосна насупіўшыся, цёмна-зялёныя хваіны гіганцкага лесу. Пранізлівы вецер расхрыстана гуляе між стромкімі стваламі дрэў і, быццам звар’яцелы, ірвецца і калоціцца змоклымі палотнамі намёта, дзе стаіўся мой штаб. У цэнтры намёта — трафейная нямецкая печ, і кожны імкнецца падсесці бліжэй і працягнуць да яе рукі. А вакол несупынна працуе цяжкая артылерыя з таго ды іншага боку. Зямля, быццам у ліхаманцы, дрыжыць цэлымі суткамі. Па леме носяцца з боку ў бок напужаныя ласі, козы, алені. Праходзяць цэлыя калоны вызваленых з нямецкага палону грамадзян…

25 красавіка 1945 г. Паўднёвая ўскраіна Берліна.

Сёння нашы часткі (1-ы Украінскі і 2-і Беларускі франты) у паўночна-заходнім раёне Патсдама скончылі поўнае акружэнне Берліна. 3-і Беларускі фронт скончыў вызваленне Земландскага паўвострава і завалодаў (апошнім!) буйным портам і крэпасцю Пілау. Як змяняюцца падзеі! Бо трэба толькі ўзгадаць лета 41-га і 42-га гадоў і параўнаць з цяперашняй вясной: баі ў прадгор’ях Каўказа, на Волзе, Кубані — і зараз на вуліцах Берліна! Гонар і слава табе, наш Салдат!!!

1 мая 1945 г.

Сёння адзін з самых шчаслівых дзён! Першага мая мы сустракаем у сталіцы Германіі. Паўсюдна на ўсіх вуліцах з вокнаў дамоў — сцягі, якія вывесілі жыхары як сімвал скаронасці перад намі, пераможцамі. Несупыннай плынню ідуць калоны палонных і мірных грамадзян многіх краін. Вяртаюцца і грамадзяне-немцы ў свае кватэры. Надзвычай шматнацыянальны ты, Берлін! Каго толькі ні сустрэнеш на тваіх шчыльных і задымленых вайной вуліцах... Сёння трэці дзень як мы вядзём баі за Берлін. З ускрайку мы ўжо прабіліся да цэнтра, і зараз я са сваім штабам знаходжуся ў кватэры шведскага пасольства, і ў гонар пераможнага свята вясны п’ём 100-гадовыя віны іншаземных марак…

2 мая 1945 г.

Прыкладна а 12-й гадзіне прайшла чутка аб капітуляцыі Берлінскага гарнізона, а крыху пазней — аб капітуляцыі Германіі. Божа мой! Няўжо канец вайне? Не, у гэта цяжка паверыць… А 15-й гадзіне — паведамленне па радыё (падслухалі мае радысты) аб капітуляцыі Берлінскага гарнізона. Ура! Ізноў звон кілішкаў і шыпенне пеннага віна! Слава табе, савецкі салдат!

3 мая 1945 г.

З Берлінам скончана. Сёння мы вялі бой за Берлін на паўночна-заходняй ускраіне, вызвалялі адзін буйны заводскі раён. А 17-й гадзіне з чырвонымі сцягамі праехалі па берлінскіх вуліцах. Некаторыя немцы нават віталі нашы войскі. Паўсюдна вывешаны чырвоныя і белыя сцягі. На вуліцах, бліжэй да цэнтра, ужо ідзе ўборка. Адчыняюцца крамы. Людзі стаяць у чэргах. Дзіўна, на адным прыпынку сталы немец зладзіў нам цэлы канцэрт. Мы пачаставалі яго віном. Ён у знак падзякі со словамі “Рот фронт!” і “Гітлер капут!” пусціўся ў скокі!..

4 мая 1945 г.

Начавалі ў лесе на паўднёвай ускраіне горада. А 8-й гадзіне выехалі на поўдзень. Праехалі знаёмыя мясціны мінулых баёў: Кассен, Любек, Фінстэрвальдэ. На паўднёвым захадзе ад Барута зрабілі прыпынак. Потым едзем у накірунку Дрэздэна, а адтуль — бог яго ведае, ёсць чуткі, што ў Чэхаславакію. Куды б ні ехаць, дзе б ні ваяваць — толькі б хутчэй скончыць з гэтай доўгай бойкай…

5 мая 1945 г.

Імчым па аўтастрадзе Берлін — Брэслау — Дрэздэн. Дарога забіта ў тры рады бясконцай плыняй машын, тэхнікай і людзьмі. Савецкімі людзьмі, якія ўсталявалі сцяг Перамогі над Берлінам. Я еду ў трафейнай машыне былога турэцкага пасла. Некаторыя хлопцы сумуюць, што так мала давялося пабыць у Берліне…”

Далей дзённік абрываецца. Наступныя запісы зроблены ў снежні 1945 г. у мірным Гродне…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"