“Доўгія вёрсты вайны”

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Гэта назва выстаўкі ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі, створанай да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яна распавядае пра бітвы Вялікай Айчыннай вайны, пра нашых землякоў — удзельнікаў гэтых бітваў. Запісы песень ваенных гадоў, плакаты і газеты таго часу ствараюць насычаны эмацыйны фон.

/i/content/pi/cult/486/10387/14-1.jpg

Ветэран Пётр Яхант.

/i/content/pi/cult/486/10387/14-3.jpg /i/content/pi/cult/486/10387/14-4.jpg

 

Васіль Машчар. Загінуў у 1944 г.; Я.Лазар (справа). Загінуў у 1944 г.

З вёскі Асташын паходзіць генерал-палкоўнік Мікалай Нічыпаравіч Нагорны. У час Вялікай Айчынай вайны ён быў начальнікам штаба супрацьпаветранай абароны краіны. Дзякуючы ягонаму баявому вопыту многія фашысцкія самалёты не даляцелі да Масквы. Адна з вітрын выстаўкі прысвечана гэтаму мужнаму чалавеку, які першыя баявыя ўзнагароды і воінскае званне камбрыга атрымаў за свае арганізацыйныя здольнасці яшчэ ў Іспаніі. Наш зямляк быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны і Кутузава.

У самыя цяжкія дні вайны артылерыяй Заходняга фронту, які супрацьстаяў фашыстам на маскоўскім напрамку, камандаваў генерал-лейтэнант Іван Паўлавіч Камера з вёскі Малыя Жухавічы. Баявы вопыт наш зямляк набываў пад час Грамадзянскай вайны і ў баях з белафінамі. Мужна змагаўся з ворагам пад Масквой. Ён ваяваў да мая 1944 года, потым трапіў у шпіталь. Чатыры ордэны Баявога Чырвонага Сцяга, ордэны Леніна, Суворава і Айчыннай вайны І ступені — адзнакі яго мужнасці і гераізму.

У экспазіцыі ёсць фотаздымкі нашага земляка, якія дэманструюцца ўпершыню.

Генерал-маёр артылерыі Аляксандр Васільевіч Трусевіч з вёскі Паланая ў ваенны час займаўся забеспячэннем караблёў і часцей марскога флоту артылерыйскай зброяй. Сярод тых, хто абараняў Маскву, былі радавыя байцы з нашага раёна: Гаўрыіл Мамончык, Барыс Заяц, Мікалай Ваўчок, Фёдар Лабоцкі, Іван Сяляўка ды іншыя. На выстаўцы ў адной з вітрын можна ўбачыць ваенныя фотаздымкі, дакументы і асабістыя рэчы ўдзельніка абароны Масквы, вызвалення Прагі і ўзяцця Берліна Мікалая Быкава.

Генерал-маёр Рыгор Іванавіч Быліч з вёскі Заполле і генерал-лейтэнант Аляксандр Дзмітрыевіч Пулка-Дзмітрыеў з вёскі Вялікая Слабада ўдзельнічалі ў Сталінградскай бітве. Хартановіч Уладзімір Навумавіч, які абараняў Ленінград, пакінуў кнігу ўспамінаў “Трудные дни ленинградской блокады”, у якой распавёў пра бітву за горад.

Сярод тых, хто загінуў на фронце, — паэт Алесь Мілюць з вёскі Скорычы, франтавы ліст якога дэманструецца на выстаўцы. На адным з фота, якое было зроблена ў Вільні ў 1937 годзе, мы бачым жыхара вёскі Зарэчча — Васіля Антонавіча Машчара з дачкой Валянцінай. У 1944-м Васіль Антонавіч загінуў на вайне. Яго дачка, Валянціна Васільеўна Лагута, якая доўгі час працавала настаўніцай матэматыкі ў Карэліцкай школе, перадала здымак з сямейнага альбома для экспазіцыі. Іосіф Раманавіч Карачан і Мікалай Раманавіч Карачан з вёскі Вірышча, родныя браты Героя Сацыялістычнай Працы Евы Раманаўны Карачан, таксама загінулі на вайне. Побач з фотаздымкамі братоў — ліст з фронту, які 11 кастрычніка 1944 года даслаў дадому Мікалай Раманавіч. У лісце ён піша: “…Шкада мне вельмі, што вам прыйшлося цяжка, але ўсё нічога… Калі я застануся жывы і здаровы ды вярнуся да вас, тады зажывём па-новаму… Вайну мы спадзяёмся хутка скончыць, разбіць варожую бярлогу і з перамогай вярнуцца дадому жывымі і здаровымі...”

Пра трагедыю асірацелых сем’яў сведчаць шматлікія пахавальныя лісты (“пахаронкі”), змешчаныя ў экспазіцыі.

Выстаўка “Доўгія вёрсты вайны” дае магчымасць задумацца не толькі над тым, якой цаной была здабыта перамога.

На вернісажы ў музеі прысутнічалі ветэраны працы і адзін з удзельнікаў Вялікай Айчыннай — 90-гадовы жыхар Карэлічаў Яхант Пётр Данілавіч, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”.

Госці музея наведалі Залу Вялікай Айчыннай вайны, дзе створаны інтэр’ер для правядзення музейнага занятку “Партызанская школа”. Пад час яго дзеці могуць пазнаёміцца з франтавымі і партызанскімі прыказкамі, з газетамі ваенных гадоў “Раздавім фашысцкую гадзіну!” і “Партызанская дубінка”, прачытаць вершы вядомых беларускіх паэтаў, напісаныя ў час вайны, даведацца пра гісторыю стварэння песні “Свяшчэнная вайна”, паўдзельнічаць у віктарыне...

Святлана КОШУР, старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея