О, дзе ж ты, Tэа?

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Прагнозы — справа няўдзячная
Сёння, а дакладней — у ноч на нядзелю, стане вядомы пераможца конкурсу песні “Еўрабачанне-2014”, які гэтым разам прайшоў у сталіцы Даніі — Капенгагене. Беларусь на форуме прадстаўляў спявак Tэа (Юрый Вашчук). З-за таго, што “К” здавалася ў друк 7 мая, мы, натуральна, не маглі ведаць, уласна кажучы, ці адолеў наш выканаўца стадыю другога паўфіналу, які адбыўся ў чацвер і ў якім Юрый удзельнічаў. Таму нам даводзіцца толькі гадаць і будаваць здагадкі аб тым, як выступіў (ці выступіць сёння) беларускі артыст. Разам з намі гэтай адказнай справай мы папрасілі заняцца двух чалавек, што маюць самае непасрэднае дачыненне да фестывалю.

/i/content/pi/cult/486/10385/12-3.jpg

Уладзімір МАКСІМКАЎ, у 2004 годзе, калі Беларусь дэбютавала на “Еўрабачанні”, — генеральны прадзюсар Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі:

— Я Юрыя Вашчука ведаю даўно, гэта вельмі адораны чалавек. Спадзяюся, удзел у “Еўрабачанні” з’явіцца для яго добрым трамплінам для заваявання новых творчых вышынь, але пры гэтым ён не будзе выкарыстоўваць конкурс для таго, каб выгадаваць з сябе вялікага артыста. Няхай проста ўдасканальваецца, развіваецца як кампазітар, аранжыроўшчык, моцны вакаліст. Да самога ж “Еўрабачання” ў мяне стаўленне адназначнае: гэтае мерапрыемства не мае ніякага дачынення да мастацтва. Гадаць на кававай гушчы я не стану, таму што музыку, якая гучыць на конкурсе, я не разумею і не люблю. І няхай не крыўдуе Тэа, якому я жадаю выхаду ў фінал...

Яўген АЛЕЙНІК, кампазітар, прадзюсар, сябра беларускага журы конкурсу, адзін з аўтараў песні “I Love Belarus”, з якой Настасся Віннікава выступіла на “Еўрабачанні-2011”:

— Юра варты фіналу. Растлумачу, чаму. Я доўгі час не перасякаўся з Тэа на прафесійнай ніве. Аднак у гэтым годзе лёс нас усё ж сутыкнуў. Пасля таго, як песня маёй групы “Aura” стала афіцыйнай песняй Чэмпіянату свету па хакеі, тэлеканал “Беларусь 1” прапанаваў запісаць дуэт калектыву і Тэа. А што? Забіяцкі Тэа і прыгажуня Юлія Быкава: прадстаўнік на “Еўрабачанні” і спявачка Чэмпіянату — усё вельмі арганічна. Тым больш, што абодва мерапрыемствы праходзяць у адзін час. Я спачатку трохі засумняваўся ў магчымасці запісу ўдзельніка “Еўрабачання” пад час яго падрыхтоўкі да конкурсу: вельмі ж шмат спраў трэба зрабіць перад паездкай на апошні. Па сваім досведзе памятаю, што падрыхтоўка Настассі Віннікавай адымала амаль увесь вольны час. Але я памыліўся: Юрась прыехаў, мы запісалі дуэт, усё прайшло выдатна. З гэтага моманту пачалося наша знаёмства. І, натуральна, я стаў больш прыслухоўвацца да таго, што кажуць людзі пра майго знаёмага Тэа.

Музыканты аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, у якім ён спявае, адзначаюць пунктуальнасць і працаздольнасць Юры. Усе ў адзін голас запэўніваюць, што гэта самы надзейны і адказны саліст. Прадзюсары тэлепраграмы “Наперад у мiнулае” ўвогуле літаральна моляцца на Тэа: ён за некалькі гадоў зрабіў для перадачы больш за 120 аранжыровак народных песень! Выканаўцы, якія працуюць з Юрам, адзначаюць яго пачуццё музычнага стылю. Ад сябе хачу адзначыць тое, што ён самастойна напісаў і спрадзюсіраваў сваю конкурсную песню, чым сэканоміў тэлеканалу нямала сродкаў. Я вельмі рады, што Юра зрабіў працэс падрыхтоўкі да “Еўрабачання” максімальна нацыянальным. З замежнікаў у камандзе — толькі рэжысёр Ціне Матулесі (Швецыя), педагог па вакале Алекс Панайі (Кіпр) ды піяр-менеджар Кэтрын Локет (Вялікабрытанія). І, на мой погляд, якраз шведская тэлерэжысура і PR-падтрымка ад носьбіта англійскай мовы — гэта годныя замены айчынным спецыялістам. Хоць мой пункт гледжання за гады не змяніўся: трэба гадаваць нацыянальных спецыялістаў і мінімізаваць паслугі замежнікаў. Прыемным для мяне момантам у знаёмстве з Тэа з’явіўся і той факт, што ён улічыў маю прапанову ды ўключыў у склад бэк-вакалістаў выдатнага выканаўцу Арцёма Ахпаша, вакал якога, як мне здаецца, вельмі ўдала спалучаецца з голасам Юрыя.

Цяпер займуся самай няўдзячнай, але такой любімай усімі чытачамі работай — аналізам галасавання і прагнозамі. Мне ўвогуле самому цікава, як усё будзе, бо рэдакцыя мяне папярэдзіла, што артыкул выйдзе 10 мая. Так што кідайце у мяне камяні, калі я памыляюся, і хваліце, калі маю рацыю. Усё роўна “Еўрабачанне” — гэта шоу, і любое сур’ёзнае яго абмеркаванне ў прэсе... недапушчальнае...

Пачнём з плюсаў: самы малалікі — усяго 15 удзельнікаў — паўфінал за ўсю гісторыю “Еўрабачання”. Адносным плюсам з’яўляецца і адсутнасць у нашым паўфінале відавочных фаварытаў з топ-рэйтынгу фіналу. Па маіх адчуваннях, паўфінал досыць слабы. Аднак прашу не прымаць гэтыя словы як прымяншэнне заслуг Тэа, калі ён выйшаў у фінал!

Аб праблемах, самай вялікай з якіх з’яўляецца практычная адсутнасць суседскага фактара. Ізраіль, Літва, Грузія і Польшча — вось, бадай, і ўвесь “ураджай”. Прычым Польшча — зусім непрадказальная ў год яе вяртання на конкурс. Астатнія краіны не былі заўважаны ў залішніх сістэматычных сімпатыях да беларускіх удзельнікаў. Акрамя ўсяго, у нашым паўфінале з вялікай шасцёркі пануюць Вялікабрытанія, Італія і Германія. Гэта значыць, што нават хісткія надзеі на французскую памяць аб “Нармандыі-Нёман” могуць знікнуць.

І самае трапяткое — канкрэтны прагноз. Я быў бы вельмі рады пачуць у фінале Беларусь, Ірландыю, Нарвегію, Ізраіль, Аўстрыю, Румынію, Славенію, Літву, Мальту і Грэцыю.

Пра фінал і мае асабістыя сімпатыі ды меркаванні. Адразу скажу, што песня Украіны ў сёлетняга выканаўцы — не параўнальная з двума папярэднімі шэдэўрамі. Аднак, калі Гайтану ў 2012-м, на мой погляд, незаслужана засудзілі, то ў прадстаўніка гэтага года велізарная фора перад астатнімі. Такім чынам, мае ўлюбёнцы. Аўстрыя: песня проста клас — у “жанры” бондзіяд (успомнілася Шырлі Бэсi); незвычайны голас і прыгожая аранжыроўка. Ірландыя: зачаравальны пачатак, класічны “еўрабачаны” прыпеў. Нідэрланды: адчуваю слабасць да гуртоў, якія граюць у стылі “Lady Antebellum”; вельмі рамантычны трэк. Нарвегія: арыгінальны голас, прыгожая, інтымна выкананая песня. Мне здаецца, многія адзначаць менавіта гэты твор з-за атмасферы шчырай размовы паміж выканаўцам і гледачом. Нарвежскі спявак выгодна адрозніваецца ад букмекерскага фаварыта з Арменіі менавіта ў жаданні пагаварыць з гледачом, а не выплюхнуць на яго паток гукаў. Іспанія: сустракайце велічную краіну, якая заўсёды славілася моцнымі галасамі. Швецыя: мой асабісты фаварыт. Вось ужо дзе скарысталіся перавагамі аддаленасці ад кантынента і стварылі свой, асаблівы, свет папулярнай музыкі! Але варта адзначыць, што на шведскую школу аказала велізарны ўплыў амерыканскае кантры. Песня гэтага года — надрыўны поп-шэдэўр, варты заняць месцы ў топах радыё па ўсім свеце (прагноз на выхад у фінал Яўген даў да першага паўфіналу. — А.К.).

Ну, і ўсё гэта трэба пачуць жыўцом. Бо мы ж дакладна ведаем, што няма мяжы магчымасцей сучасных студыйных тэхналогій. Удачы ўсім, і ў першую чаргу — Тэа. Беларусь, наперад!..

Так, Беларусь, наперад! Нягледзячы ні на што, мы па-ранейшаму будзем верыць у беларускіх хлопцаў і дзяўчат, якiя год за годам штурмуюць пік “Еўрабачання”. У тое, што аднойчы ён акажацца заваяваны менавіта краінай “Песняроў” і “Троіцы”. Верыць і... бязлітасна крытыкаваць — сам конкурс і наш удзел у ім... Вось, бачыце, як бы між іншым і мы спрагназавалі цяперашні вынік Тэа... Зрэшты, набяромся цярпення: да вечаровай трансляцыі форуму засталося не так шмат часу. Юра, ты ў фінале, ау?.. Тады — да перамогі!ф

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"