Тэрапія літаратурай

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Адзін дзень з жыцця бібліятэкі
У рэдакцыю прыйшоў ліст з Вялікай Ухалоды, што на Барысаўшчыне. Менавіта тут, як паведаміла вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Барысаўскай ЦРБ Алена Капыток, працуе Надзя Мацюшонак — адна з лепшых у раёне. Сёння мы знаёмім чытачоў з яе досведам.

2 мая, пятніца, 7.30 раніцы. Наўкола — вясна. Па дарозе на працу атрымліваю асалоду ад лёгкага ветрыку і думаю пра доўгачаканае лета. Ад майго дома да бібліятэкі — прыкладна два кіламетры. Кожны дзень я праходжу іх з задавальненнем: раніцай — ад таго, што іду на любімую працу, увечары — ад таго, што вяртаюся дадому, дзе мяне чакаюць дарагія майму сэрцу людзі.

Здалёк бачу будынак школы. Вось я і прыйшла. Так атрымалася, што сельская бібліятэка знаходзіцца ў школьным памяшканні. Разам з нашай установай размешчаны паштовае аддзяленне і ашчадная каса банка. Вось такое цікавае суседства. Аднак нам гэта не перашкаджае. Хутчэй, наадварот, — аб’ядноўвае.

8.00. Каля ўвахода сустракаю сваю калегу — і мы разам заходзім у бібліятэку. Вось і пачаўся новы працоўны дзень.

Памяшканне ў нас прасторнае, сонечнае, шмат кветак. Прыемным сюрпрызам сённяшняй раніцы стаў кактус: за ноч ён выпусціў стрэлы дзвюх цудоўных кветак. Мы любуемся раслінай, ставім кактус на кафедру: няхай і ў нашых чытачоў будзе добры настрой!

На гадзінніку — 8.10. Да адкрыцця яшчэ дваццаць хвілін, але першыя чытачы з нецярплівасцю зазіраюць у дзверы. Гэта нашы самыя галоўныя “кліенты” — першакласнікі! Яны кожны дзень разы па тры звяртаюцца за часопісамі. “Рюкзачок”, “Качели”, “Вясёлка”, з цікавасцю гартаюць новыя кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў Алены Масла, Раісы Баравіковай, Уладзіміра Ліпскага ды іншых.

8.20. Нашы маленькія няўрымслівыя чытачы пабеглі на ўрокі. Надышоў час прыводзіць у парадак фонд і працоўныя месцы. Прабачце, зусім забылася прадставіцца: Надзея Уладзіміраўна Мацюшонак, бібліятэкар сельскай бібліятэкі вёскі Вялікая Ухалода, што знаходзіцца ў Барысаўскім раёне. Працую тут з 1998 года.

Маю калегу завуць Алена Уладзіміраўна Бабіцкая. У 2011-м яна скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка, атрымала прафесію педагагічнага псіхолага і прыйшла працаваць у нашу бібліятэку. Вельмі гэтым ганарыцца і рада, што можа рэалізаваць тут свае прафесійныя навыкі ды ўменні.

А я рада, што ў нашым невялікім калектыве з’явіўся спецыяліст, які ўмее прафесійна працаваць з камп’ютарам. Сама я гэтаму толькі вучуся. Па серадах езджу ў Цэнтральную бібліятэку, дзе метадыст па аўтаматызацыі Павел Алейнік праводзіць заняткі для бібліятэкараў па інфарматызацыі бібліятэчных працэсаў.

8.30. Добрай раніцы, чытачы! Наша бібліятэка адкрыта для вас!

8.45. Праглядваю ранішнюю прэсу. Учора прыйшоў свежы нумар прафесійнага часопіса “Бібліятэка прапануе” — трэба азнаёміцца з артыкулам, прысвечаным сучаснай дзіцячай літаратуры беларускіх аўтараў. Напрыканцы года ў бібліятэцы мы правядзём своеасаблівы кастынг такой літаратуры сярод дзяцей і бацькоў. Трэба вывучыць фармуляры чытачоў, зрабіць падборку літаратуры, аформіць выстаўку-інсталяцыю па гэтай тэме.

Тым часам мая калега Алена Уладзіміраўна ўключае камп’ютар, падключае Інтэрнэт. На сёння ў нас некалькі заданняў для самаадукацыі: пацікавіцца досведам працы мультымедыйных цэнтраў у публічных бібліятэках, азнаёміцца з сайтам Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі. Мы толькі распачалі працу ў гэтых напрамках, і думаем, што досвед калег будзе карысны.

9.00. Саджуся за кафедру выдачы і пачынаю запаўняць Дзённік працы. Наша бібліятэка карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў вёскі; штодня мы абслугоўваем ад 20 да 60 дарослых і дзяцей, выдаём ад 100 да 300 кніг, часопісаў і газет.

9.45. А вось і званок з урока. Акурат праз хвіліну памяшканне запаўняецца школьнікамі розных узростаў — ад пачаткоўцаў да старшакласнікаў. Мы спяшаемся абслужыць іх усіх як мага хутчэй, бо праз пяць хвілін празвініць званок на ўрок. Дзяўчынкі са старшых класаў просяць “Мёртвыя душы” Гогаля, дзяцей у класе — шэсць чалавек, кніг хапіла на ўсіх.

— Надзея Уладзіміраўна, ці прыйшоў новы нумар “Вясёлкі”? — у бібліятэку зазірае другакласнік Кірыл Ігнатовіч.

— Так, Кірыл. Учора атрымалі.

Тым часам у бібліятэку заходзяць дарослыя чытачы, бачаць аншлаг каля кафедры і садзяцца, усміхаючыся, на крэслы пачакаць, пакуль мы выдадзім літаратуру для хлопчыкаў і дзяўчынак.

У нядаўна адкрытым мультымедыйным інфармацыйна-адукацыйным цэнтры таксама кіпіць работа: да Алены Уладзіміраўны звяртаюцца студэнты-завочнікі, просяць дазволу адсканаваць дакументы і адправіць іх па электроннай пошце.

Адразу ж за імі прыйшла маладая мама з двухгадовай дачушкай.

— Вераніка, выбірайце кнігі, а Дашы мы пакажам кніжкі-цацкі з выстаўкі.

Час імкліва набліжаецца да 11.00. Я падбіраю кнігі для чарговай кніжнай выстаўкі. Асветніцкая праца займае асаблівае месца ў нашай бібліятэцы. Кожны дзень — мерапрыемства. Няхай невялікае, але абавязкова звязанае з літаратурай, кнігай, чытаннем.

Праз паўгадзіны выстаўка гатова. Дзеці з захапленнем разглядаюць кнігі. Асабліва іх цікавяць творы, што напісалі Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак. Справа ў тым, што яны ў мінулым годзе наведалі нашу бібліятэку, падарылі нам дзесяць сваіх кніг, і з таго часу дзеці пастаянна сочаць за новымі паступленнямі ды ў першую чаргу чытаюць менавіта кнігі знаёмых аўтараў.

Тым часам, пакуль я займалася выстаўкай, Алена Уладзіміраўна напісала аб маючых адбыцца падзеях у нашым блогу. Блогасфера — кірунак пакуль новы ў рабоце, але мы лічым яго перспектыўным. Блог “Сельская бібліятэка в.В/Ухалода” штодня праглядаюць больш за 300 разоў. Мы бачым, што гэтая дзейнасць запатрабавана як калегамі, так і нашымі чытачамі. Акрамя гэтага, у бібліятэцы распрацаваны і актыўна папаўняецца віртуальны праект “Інсайт бібліятэчны”, прысвечаны бібліятэрапіі. Сучасную тэму ўзялі вузканакіраваную: беларускія дзіцячыя пісьменнікі.

12.00. Пачынае працу школьная група падоўжанага дня. Сёння мы запрасілі дзяцей на кіналекторый па казачных героях, і я рыхтую гульнявую віктарыну для аматараў казак. Мы вырашылі паказаць дзецям мультфільм паводле казкі Сяргея Аксакава “Пунсовенькая кветачка”, а потым правесці віктарыну. Маленькія чытачы зручна размясціліся за сталамі з дзіцячымі часопісамі і кніжкамі. Увага! Цішыня! Кінасеанс пачынаецца...

12.45. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры просіць зняць ксеракопію метадычак, адначасова цікавіцца кніжнай выстаўкай “У дапамогу педагогам-прадметнікам”. Выбірае кнігу “Правілы сучаснай беларускай арфаграфii".

Дзверы адкрываюцца і ў бібліятэку зазіраюць дзесяцікласніцы.

— А ці можна пакарыстацца Інтэрнэтам?

— Вядома, праходзьце... Алена Уладзіміраўна, дапамажыце дзяўчынкам знайсці патрэбныя рэсурсы.

13.00. Надышоў час абеду. Паспяваю выйсці ў бліжэйшы магазін і палюбавацца вясновым пейзажам.

13.30. Адразу ж пасля абеду прыйшлі педагогі. Настаўніца гісторыі цікавіцца, ці ёсць у нас што-небудзь новае па гісторыі Беларусі, праглядае мясцовую газету “Гоман Барысаўшчыны”. Настаўнік фізікі прыйшоў зняць ксеракопію лабараторнай работы па фізіцы і выбраць новую кнігу. Ён захапляецца дэтэктыўнай літаратурай. У платным фондзе — новыя паступленні. Адна з кніг яго зацікавіла, мы афармляем платную паслугу “Выдача кніг на дом з фонду кніг, набытых за пазабюджэтныя сродкі”.

15.00. Заходзіць Нэлі Сямёнаўна — у мінулым настаўніца рускай мовы і літаратуры. Пасядзела, паразмаўляла з намі пра навіны сельскага жыцця, узяла часопісы “Гаспадар” і “Алеся”. Яна — наш пастаянны чытач з 1980 года.

15.30. Выпускніцы забягаюць, каб раздрукаваць тэксты з факультатыву англійскай мовы. Іх зацікавіла кніжная выстаўка “Абітурыенту і не толькі...”. Прагледзелі таксама “Даведнік абітурыента” і “1000 прафесій”. Пад час прагляду ў хлопцаў завязалася гутарка аб прафесіях, запатрабаваных сёння і ў будучыні. Вельмі цікавыя думкі ў нашай моладзі наконт гэтага. Трэба будзе запланаваць дыскусійны стол па гэтай тэме.

На гадзінніку — 16.40. Працоўны дзень набліжаецца да завяршэння, а чытачоў становіцца толькі больш. У нас так амаль заўсёды: большасць дарослых чытачоў прыходзіць да канца працоўнага дня. Мы абслугоўваем апошніх наведвальнікаў. На гадзініку — роўна 17 гадзін: вось і канец працоўнага дня.

Расстаўляем літаратуру на паліцы, прыводзім у парадак кафедру, выключаем камп’ютар.

Заўтра будзе новы дзень — новыя кнігі і новыя чытачы.

Дарога дадому праходзіць міма храма Святога Мікалая Цудатворца.

Заўтра трэба не забыцца адвезці ў аддзел апрацоўкі і камплектавання Цэнтральнай бібліятэкі 35 кніг, падораных настаяцелем храма айцом Аляксандрам нашай бібліятэцы.

Да пабачэння і да новых сустрэч!

З павагай да вас — бібліятэкар сельскай бібліятэкі вёскі Вялікая Ухалода

Надзея МАЦЮШОНАК