“Дударыкі” скараюць!

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

У красавіку ў Штаб-кватэры UNESCO ў Парыжы адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 60-годдзю далучэння Беларусі і Расійскай Федэрацыі да UNESCO, і канцэрт з гэтай нагоды, у якім прынялі ўдзел Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Фальклорны ансамбль “Дударыкі” і Нацыянальны рускі акадэмічны народны хор імя Пятніцкага.

/i/content/pi/cult/486/10382/11-1.jpg

 

 

“Дударыкі” з Хорам Пятніцкага: выступленне ансамбля ў Штаб-кватэры UNESCO.

/i/content/pi/cult/486/10382/11-3.jpg

 

 

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі П.Латушка (у цэнтры) і прадстаўнік Беларускага фонду культуры Т.Стружэцкі сярод удзельнікаў калектыву.

/i/content/pi/cult/486/10382/11-5.jpg

 

...І беларускі сувенір — на добрую памяць.

Калі паўстала пытанне, які творчы калектыў можа годна і найбольш яскрава прадставіць нашу краіну ў UNESCO, адразу ўзнікла думка, што гэта павінен быць цікавы дзіцячы калектыў, які прэзентуе беларускае традыцыйнае мастацтва. Досвед удзелу ў шматлікіх міжнародных форумах кожны раз пацвярджае менавіта такі падыход: Беларусь цікавая свету перш за ўсё добра захаванымі фальклорам і традыцыйнай культурай.

Усім гэтым патрабаванням цудоўна адпавядае фальклорны ансамбль “Дударыкі” — адзін з самых адметных дзіцячых калектываў, які мае багатыя творчыя традыцыі, цікавы і разнастайны рэпертуар, вялікую калекцыю музычных інструментаў. Створаны ў 1970 — 1971 гадах выдатным музыкантам Дзмітрыем Ровенскім, выхадцам з Капыльшчыны (ён сам прайшоў цікавую школу ў “Капыльскіх дударах”), ансамбль назапасіў вялікі творчы досвед, стаў вядучым калектывам краіны. Кожны яго ўдзельнік не толькі выдатна валодае некалькімі музычнымі інструментамі, многія з якіх зроблены кіраўніком разам з дзецьмі, але добра спявае і танчыць, ствараючы на сцэне яркія канцэртныя нумары ды кампазіцыі.

Сёння ў рэпертуарнай палітры ансамбля — разнастайныя народныя музычныя творы і песні, танцы, найгрышы на старадаўніх народных інструментах, а іх у ансамблі — больш за 30 найменняў. Цікава і тое, што ўсе артысты вучацца граць, спяваць і танцаваць у сваёй роднай беларускамоўнай гімназіі № 14 г. Мінска. Тут адкрыты класы гармоніка, скрыпкі, цымбалаў, духавых інструментаў, народных спеваў і танцаў. Менавіта ў “Дударыках” упершыню ў краіне дзяўчынкі зайгралі на барабане, бубне, гармоніку, дудцы, акарыне, жалейцы і нават на дудзе.

У 2003 годзе ў гімназіі быў адкрыты Музей народных музычных інструментаў, што налічвае звыш 350 экспанатаў (64 найменні), большасць з якіх зроблены вядомымі беларускімі майстрамі. Удзельнікі ансамбля пераабсталявалі музычны клас пад звычайную сялянскую хату з бажніцай, цаглянай печчу, люлькай, калаўротам, абрусамі, куфрам ды іншымі рэчамі сялянскага побыту. Як сапраўдныя музычныя інструменты гучаць у канцэртах пілы, косы, набіліцы, шаргуны, маслабойкі, падковы, прасы...

Яшчэ ў 1993 годзе “Дударыкам” было прысвоена званне “ўзорны”, а ў 2010-м ансамбль стаў Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь.

За 40 гадоў сваёй дзейнасці ансамбль даў 1 700 канцэртаў, у тым ліку каля 500 — за мяжой. Калектыў неаднаразова і вельмі цёпла прымалі ў Англіі, Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Італіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Тайвані, Фінляндыі, Францыі, Шатландыі, Чэхіі.

Ансамбль “Дударыкі” з’яўляецца найлепшым прыкладам захавання беларускай духоўнасці і самабытнасці, вялікай самаадданасці беларускаму народнаму мастацтву і служэння на карысць нашай Радзімы...

Але вернемся да паездкі ў Парыж. Па дарозе, па ініцыятыве і пры дапамозе Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы, быў арганізаваны канцэрт ансамбля “Дударыкі” ў Доме дружбы, на якім прысутнічалі нашы суайчыннікі, кіраўнікі і актывісты таварыстваў “Польшча — Усход” і “Польшча — Беларусь”, беларускія дыпламаты. Трэба было бачыць, з якой радасцю і цеплынёй сустракалі прысутныя кожны канцэртны нумар! А для “Дударыкаў” гэты канцэрт быў яшчэ і добрай рэпетыцыяй перад выступленнем у UNESCO.

Задоўга да канцэрта многія гледачы з вялікай зацікаўленасцю знаёміліся з выстаўкай беларускіх народных музычных інструментаў, якія ансамбль прывёз са сваёй калекцыі: фатаграфавалі, бралі ў рукі, спрабавалі граць...

30-хвіліннае выступленне (такі быў рэгламент для абодвух калектываў) прайшло на адным дыханні — ярка, дынамічна і непаўторна. Вянок веснавых песень Вяснянкі змянялі Ашмянскія і Смаргонскія кадрылі, Чэрніцкія найгрышы, вальсы, Крупіцкая полька у апрацоўках В.Давідовіча, М.Сіраты, У.Грома. Высокая сцэнічная культура, адметныя строі, творчы імпэт і шчырыя беларускія ўсмешкі скарылі залу. Для большасці гледачоў выступленне “Дударыкаў” было сапраўдным адкрыццём: напэўна, такога яркага сцэнічнага прадстаўлення не чакалі. За кулісамі ж за выступленнем “Дударыкаў” з цікавасцю назіралі артысты Хору імя Пятніцкага, а пасля сумеснага канцэрта сабраліся разам на агульны фотаздымак.

Нацыянальнае мастацтва нашай краіны ў Штаб-кватэры UNESCO было прадстаўлена папраўдзе ярка і адметна.

Тадэуш СТРУЖЭЦКІ