І зноў — “Арт-Жыжаль!”

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

Менавіта такую назву носяць Міжнародныя пленэры па кераміцы, якія адбываюцца на Беларусі вось ужо пяць гадоў. І пасля кожнага пленэру яго ўдзельнікі свае вынікі паказваюць гледачу. І вось, 24 студзеня ў мастацкай галерэі Дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, што ў Палацы Рэспублікі, адкрылася чарговая выстаўка “Кола агню”.

 /i/content/pi/cult/148/1038/Art1.jpg

Т.Васюк. “Сон”.

А пачыналася ўсё ў ліпені 2003 года пад Бабруйскам, у Вербках на Беразіне. Затым пленэры адбываліся кожны год. Вядомы беларускі мастак Валерый Калтыгін — арганізатар усіх міжнародных пленэраў. Ён складае канцэптуальную праграму пленэраў, запрашае мастакоў з суседніх краін — Польшчы, Літвы, Латвіі, Малдовы, Украіны, Расіі, Балгарыі, працуе з кіраўніцтвам горада Бабруйска і Магілёўскай вобласці па пытаннях арганізацыі такіх акцый.

Пленэры не разглядаюць праблему тыражных вырабаў. Іх задача — стварэнне унікальных твораў у гліне. Творчы працэс адбываецца пад уздзеяннем агню — стыхіі, якая зрабіла гліну новым хімічным рэчывам, трывалым, каменным, вогнестойлівым, воданепранікальным і прыгожым.

Варта хоць раз пабачыць працэс закопвання ракушачных ямак ці абвары вырабаў тэхнікай перапыненага агню ў кіслай мучной рошчыне, каб ніколі не забыць тое, што адбываецца на пленэры.

Усё гэта можна назваць творчым працэсам, у якім галоўную ролю выконвае Яго Вялікасць Агонь. Таму і назва пленэраў не выпадковая — “Арт-Жыжаль”. У беларускай народнай міфалогіі Жыжаль, Жыжа — бог агню, які спрыяе чалавеку ў побыце. Ён жыве ў хатняй печы, у кузні, у горне...

Кожны мастак выконвае індывідуальную праграму ў адпаведнасці з дэвізам і статутам
 /i/content/pi/cult/148/1038/Art2.jpg

А.Концуб. “Гарадскі раманс”.

пленэру, па выніках якога ўжо там, у Вербках, ладзіцца першая выстаўка. Затым выстаўкі “Кола агню” праходзяць у Бабруйску, Магілёве, а затым у Мінску.

Пленэрныя выстаўкі выклікаюць вялікую цікавасць грамадскасці. Варта назваць пастаянных удзельнікаў пленэраў: В.Калтыгін, А.Концуб, Я.Адзіночанка, Т.Васюк, І.Каваленка, І.Шчасная, З.Ксёрэк, В.Іванькова, Я.Хамініч, А.Ткачоў, П.Пазднякоў.

У пленэрах таксама ўдзельнічаюць студэнты Акадэміі мастацтваў, выпускнікі, выкладчыкі і студэнты універсітэта культуры, Магілёўскага вучылішча культуры. У сённяшняй экспазіцыі дэманструецца каля паловы вырабаў, якія выкананы ў тэхніцы абварнай керамікі. Гэтая тэхналогія адноўлена з нябыту, яна мае вельмі далёкія старажытныя карані, што бяруць пачатак з неаліту. Гэткія гартаваныя вырабы знойдзены на тэрыторыі славянскіх народаў, прадстаўнікі якіх разам аднавілі экалагічна чыстую высокамастацкую тэхналогію. Пластыка і стылістыка твораў пяці міжнародных пленэраў — сучасная, а тэхналогія — традыцыйная.

 
Тамара ВАСЮК,
дацэнт кафедры народнага
дэкаратыўна-
прыкладнога мастацтва
Універсітэта культуры
і мастацтваў