Т.Васюк. “Сон”. |
Пленэры не разглядаюць праблему тыражных вырабаў. Іх задача — стварэнне унікальных твораў у гліне. Творчы працэс адбываецца пад уздзеяннем агню — стыхіі, якая зрабіла гліну новым хімічным рэчывам, трывалым, каменным, вогнестойлівым, воданепранікальным і прыгожым.
Варта хоць раз пабачыць працэс закопвання ракушачных ямак ці абвары вырабаў тэхнікай перапыненага агню ў кіслай мучной рошчыне, каб ніколі не забыць тое, што адбываецца на пленэры.
Усё гэта можна назваць творчым працэсам, у якім галоўную ролю выконвае Яго Вялікасць Агонь. Таму і назва пленэраў не выпадковая — “Арт-Жыжаль”. У беларускай народнай міфалогіі Жыжаль, Жыжа — бог агню, які спрыяе чалавеку ў побыце. Ён жыве ў хатняй печы, у кузні, у горне...
Кожны мастак выконвае індывідуальную праграму ў адпаведнасці з дэвізам і статутамА.Концуб. “Гарадскі раманс”. |
Пленэрныя выстаўкі выклікаюць вялікую цікавасць грамадскасці. Варта назваць пастаянных удзельнікаў пленэраў: В.Калтыгін, А.Концуб, Я.Адзіночанка, Т.Васюк, І.Каваленка, І.Шчасная, З.Ксёрэк, В.Іванькова, Я.Хамініч, А.Ткачоў, П.Пазднякоў.
У пленэрах таксама ўдзельнічаюць студэнты Акадэміі мастацтваў, выпускнікі, выкладчыкі і студэнты універсітэта культуры, Магілёўскага вучылішча культуры. У сённяшняй экспазіцыі дэманструецца каля паловы вырабаў, якія выкананы ў тэхніцы абварнай керамікі. Гэтая тэхналогія адноўлена з нябыту, яна мае вельмі далёкія старажытныя карані, што бяруць пачатак з неаліту. Гэткія гартаваныя вырабы знойдзены на тэрыторыі славянскіх народаў, прадстаўнікі якіх разам аднавілі экалагічна чыстую высокамастацкую тэхналогію. Пластыка і стылістыка твораў пяці міжнародных пленэраў — сучасная, а тэхналогія — традыцыйная.
Тамара ВАСЮК,
дацэнт кафедры народнага
дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
Універсітэта культуры і мастацтваў