"Стоўнхэндж" для лялькі

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Сюррэалізм за патаемнымі дзверцамі, дзе расцвітаюць белыя рамонкі
Па колькасці ўстаноў культуры абласнога падпарадкавання Маладзечна называюць культурным цэнтрам Мінскай вобласці. У адну з субот красавіка тыя жыхары горада, якія захапляюцца тэатрам, маглі адчуць сябе сапраўднымі тэатральнымі “тусоўшчыкамі” і наведаць абодва абласныя тэатры па чарзе: драматычны і лялечны. Падставай паслужылі доўгачаканыя прэм’еры спектакляў Мінскага абласнога драматычнага тэатра і Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка”, паказы якіх адбыліся сапраўды ў адзін дзень, але — у розны час. Гэта вельмі рэдкае супадзенне ў культурным жыцці горада. Я ж вырашыў прымерыць на сябе ўмоўны касцюм “тусоўшчыка” і выправіўся па тэатрах у пошуках новых уражанняў.

/i/content/pi/cult/486/10377/8-3.jpg

Сцэна са спектакля. / Фота прадастаўлена аўтарам

/i/content/pi/cult/486/10377/8-5.jpg

Эскізы для спектакля "Шматочкі па закуточках".

Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” вырашыў парадаваць маленькіх гледачоў спектаклем “Шматочкі па закуточках” па п’есе расійскага пісьменніка Рыгора Остэра, вядомага дзіцячаму чытачу, у тым ліку і бацькам, сваім дасціпным цыклам кніг пад назвай “Шкодныя парады”. Для пастаноўкі спектакля з Мінска быў “выпісаны” творчы “дэсант” на чале з рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксандрам Янушкевічам. Мастак-пастаноўшчык Таццяна Нерсісян прыдумала сюррэалістычныя дэкарацыі, якія аддалена нагадалі мне каменныя груды Стоўнхэнджа. І, калі прызначэнне гэтага будынка да канца не разгадана, то ў “Стоўнхэнджы” лялечнага тэатра асобныя элементы дэкарацыі выконваюць функцыю ўмоўных хатак, дзе жывуць персанажы казкі. Артыст адкрывае патаемныя “дзверцы”, за якімі хаваецца лялька, — гэта і ёсць яе жытло. Па гэтых дзіўных фігурах у пачатку спектакля ўніз спускаюцца белыя колы, імітуючы сход снегу, а напрыканцы яго, нібы ў цыркавым фокусе, на іх з’яўляюцца ды расцвітаюць белыя рамонкі, што азначае канчатковы прыход вясны. Па ходзе спектакля гэтыя ж дэкарацыі рухаюцца па крузе, змяняючы месца дзеяння. Неабходныя для новай сцэны пабудовы выязджаюць з-за куліс, а лішнія, наадварот, з’язджаюць туды. У адладжаным працэсе руху заняты ўсе артысты спектакля, якія старанна хаваюцца ад гледачоў за гэтымі сюррэалістычнымі фігурамі.

Ільвіная доля поспеху лялечнага спектакля залежыць ад фантазіі мастака-пастаноўшчыка і ад таго, якімі характэрнымі рысамі ён надзеліць лялечных персанажаў. Гэтая праца падобная да працы мастака анімацыйных фільмаў. Драпежнікі са спектакля хоць і з ікламі, аднак зусім не нагадваюць драпежнікаў у прамым разуменні. Адбываецца гэта яшчэ дзякуючы акцёрскай гульні і падачы. Мае асабістыя глядацкія сімпатыі выклікала візуальнае рашэнне вобраза Зайца.

Сюжэт казкі просты. З надыходам вясны ледзяная хатка, у якой жыла Ліса, растала. Заяц прапануе ёй падзяліць сваё жыллё. Ліса ж з дапамогай няхітрых маніпуляцый выжывае Зайца з уласнага дома, і той, спрабуючы аднавіць справядлівасць, заклікае ў выратавальнікі спачатку Ваўка, потым Мядзведзя, Быка... І толькі Певень прыдумляе адзіна верны спосаб, як дапамагчы Зайцу вырашыць яго праблему. Перыпетыі сюжэта знайшлі свой водгук у зале ў асобе хлапчука, што сядзеў побач са мной. На чарговы маналог Зайца, які галасіў, юны глядач напаўголасу выгукнуў: “Дык знайдзі сабе іншы домік!” Потым ён секунду памаўчаў і па-філасофску дадаў: “Сваё жыллё абараняць трэба!”

У спектаклі мінскай каманды ёсць свае цікавыя знаходкі. Напрыклад, белае футра Зайца, якое ён здымае з сябе на пачатку казкі, каб праветрыць, перш чым адправіць на захоўванне ў шафу да надыходу зімы. Або “раздваенне” галоўнага героя: на сцэне адначасова дзейнічаюць дзве лялькі — рэальны персанаж і яго двайнік, якога Ліса, апраўдваючыся перад Ваўком, надзяляе адмоўнымі рысамі. Або Мядзведзь: гэта адзіны персанаж, вырашаны як роставая лялька, у сярэдзіне якой працуе акцёр. Прыдумана гэта, каб падкрэсліць фізічную моц звера, у візуальную процівагу іншым персанажам — пальчаткавым лялькам.

Мне падалося, што дзеі бракуе дынамікі. Адбываецца гэта з-за перамяшчэння элементаў дэкарацыі на сцэне. Вельмі цікавую і самадастатковую музыку да спектакля напісаў кампазітар Аляксандр Літвіноўскі. Яна, безумоўна, трапляе “ў яблычак”, і яе характар адпавядае атмасферы пачатку ды фіналу спектакля. Не стае ж мінорных тэм, якія маглі б падкрэсліць драматычныя моманты казкі.

Пад час прагляду нараджаліся думкі: фізічна моцны і дужы — не значыць смелы і адважны (Бык). На жаль, у жыцці існуе катэгорыя людзей, якія дзеля сваіх карыслівых мэт здольныя ўзвесці паклёп на кагосьці іншага, і нечая адкрытасць, даверлівасць для іх — добрая глеба.

Пра што спектакль у цэлым? Пра момант справядлівасці. І тут я прывяду словы аднаго персанажа казкі: “Справядлівасці на свеце не “колькі хочаш” — яе “колькі можаш”. Колькі яе сам зробіш — столькі яе на свеце і будзе!”

Галоўны рэжысёр Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” Мікалай Андрэеў паведаміў, што “Шматочкі па закуточках” заяўлены ў праграме Беларускага міжнароднага фестывалю тэатраў лялек, які пройдзе ў Мінску з 15 па 19 мая.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр