Углядаючыся ў начное неба…

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

У мінулым месяцы ў сталічным Палацы мастацтва праходзіла выстаўка карцін Галіны Горавай “Касмічнае падарожжа”. Дыплом жывапісца яна атрымала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а потым даволі плённа працавала яшчэ і ў галіне мастацтвазнаўства. Прыярытэтнай сферай яе доследаў з’яўляецца семантыка колеру. Цікавасць уяўляюць развагі Горавай пра творчасць Язэпа Драздовіча. Знаёмства са спадчынай гэтай шматграннай асобы моцна паўплывала на светаўспрыманне самой Галіны, у значнай ступені акрэсліла сюжэты і вобразы яе карцін.

/i/content/pi/cult/486/10375/8-1.jpg

Галіна Горава. "Меркурый".

Стрыжнявая тэма экспазіцыі ў Палацы мастацтва — Космас. І не столькі ў чыста фізічным разуменні, колькі ў духоўным выяўленні. Даволі эфектна і экзатычна глядзяцца краявіды планет пэндзля Галіны Горавай. Але, скажам шчыра, дасведчанага гледача яны наўрад ці моцна ўразяць. Справа ў тым, што яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя гэтую дзялянку за сабой замацавалі двое заснавальнікаў касмічнага і навукова-фантастычнага жывапісу — Андрэй Сакалоў і касманаўт, двойчы герой Савецкага Саюза, Аляксей Ляонаў. Потым у гэтым жа напрамку шчыравалі мастакі амерыканскія. Да таго ж шмат рэканструкцый ландшафтаў планет Сонечнай сістэмы зроблена мастакамі ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі навуковымі данымі і па замове навукоўцаў. Гэтыя работы таксама добра вядомыя тым, хто цікавіцца названай тэмай. Тут увогуле цяжка сказаць новае слова…

Асабіста мне цікавей было разглядаць карціны мастачкі, дзе прысутнічае казачна-містычны чыннік. У гэтай сферы ёсць прастора для фантазій і асацыяцый. Кагосьці асацыятыўны шэраг павядзе ў мінулае, у свет вобразаў М.К. Чурлёніса і М.Шагала, а іншага прымусіць часцей углядацца ў начное неба…

У адной са сваіх публікацый Галіна Горава сцвярджае, што “мастацкая форма станковай карціны ідэальная паводле вызначэння, бо прадугледжвае для свайго спасціжэння складаны псіхалагічны працэс па пераводзе плоскасных плям фарбы ў якасна іншы сэнсавы разрад”. Яе жывапісныя творы можна лічыць добрай спробай праілюстраваць гэтую тэзу.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"