“Добры вечар, госці!”

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

У “зоне гасціннасці” каля Палаца спорту балельшчыкаў і ўдзельнікаў Чэмпіянату свету па хакеі будуць вітаць славутыя беларускія выканаўцы і гурты. Сярод іх — заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”.

Ва ўсім свеце ведаюць гэты самабытны беларускі калектыў. Можна сказаць, што “Харошкі” — самы сапраўдны брэнд, “візітоўка” Беларусі. І тут няма вялікай нацяжкі: танцавальныя міні-спектаклі ансамбля, кожны са сваім сюжэтам, адметнымі персанажамі — пацешнымі, гарэзнымі, камічнымі ці лірычнымі, — нікога не пакідаюць абыякавымі ў Беларусі ці ў замежжы.

Па словах дырэктара “Харошак” Паўла Жураўлёва, артысты прадставяць балельшчыкам сусветнага спартыўнага свята адну са сваіх вядомых тэатралізаваных праграм пад назвай “Добры вечар, госці!”. Прычым выступленні калектыву — іх запланавана ажно шэсць! — распачнуцца з першага дня Чэмпіянату. “Мы пазнаёмім гледачоў — як замежнікаў, так і айчынных гасцей з нацыянальнай музыкай, харэаграфіяй, касцюмам, танцам, спевамі, — кажа Павел Жураўлёў. — Турысты, пры жаданні, змогуць станцаваць разам з намі Гомельскую кадрылю ці Віцебскую польку, праспяваць вядомыя беларускія народныя песні, паглядзець на харэаграфічныя нумары “Весялуха” ды “Таўкачыкі”. Так што запрашаем на нашы канцэрты!”

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"