Элеанора Язерская

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

Вера САВІНА, кінасцэнарыст, журналіст
"Дарагая мая Элеанора! Пішу табе ўпершыню за ўсе трыццаць гадоў нашага сяброўства. Ад твайго сыходу здрыганулася краіна: і сябры, і ворагі, і калегі, і тэлегледачы. Дэпрэсія... Ці ж я не ведаю твае дэпрэсіі?.. І твой бліскучы выхад з іх. Усю зіму правяла дома — выдатна, а куды зімой хадзіць — снег мясіць? А потым ты голасна абвясціла журналістам, што ўсю зіму правяла... у Парыжы. Я спадзявалася, што так будзе і гэтым разам. Але ты вырашыла па-іншаму.

/i/content/pi/cult/485/10357/3-3.jpgЭлеанора Язерская.... Мелодыя твайго імені гучыць, хутчэй, як сцэнічны псеўданім. Ты яго так ніколі і не змяніла. А каго можна ўявіць побач з табой? Нікога. Няма такога калібра. Таму і адзінота. Таму такое выключнае пагружэнне ў прафесію. І бясконцая твая павага да тых, каго называюць self-made, хто зрабіў сябе сам. Тэлеэкран — не месца для споведзі. Тут ствараюцца міфы і міфалогія, піяр і вобраз. І ты гэта віртуозна зрабіла, ператвараючы нават свае недахопы ў яркія вартасці. Так дзяўчынка з добрай сям’і пераўвасобіліся ў экстравагантную і куртуазную зорку экрана, роўную самой сабе і ў штодзённасці.

Цяпер жа дакладна можна сказаць, што ты была першай гламурнай жанчынай Мінска, задоўга да таго, як гламур — з яго супрацьлегласцю элегантнасці і інтэлігентнасці — увайшоў у моду. Але ў гламуру ёсць і іншыя тлумачэнні: вядзьмарства, чары, шарм. Гэта пра цябе, дарагая. Нават бліскучая біжутэрыя, змешваючыся з буйнымі сапраўднымі рэдкімі камянямі ў тваіх уборах, выглядала не так, як на іншых. Табе былі неабходны гледачы. Без іх ты была іншая. Выдатна гатавала баршчы і катлеты, але, праўда, нават слова “карп” прамаўляла з той жа апафеознай інтанацыяй, што і Бах, Бетховен ці Моцарт.

Дзіўна, але за ўсе гэтыя гады мы з табой ні разу не пасварыліся. Хоць сваркі — і абавязкова гучныя — таксама частка твайго жыцця. З’елі не адзін пуд солі, шмат чаго перажылі: і цяжкага, і асляпляльна прыгожага. Ты бывала эпатажна-смешнай і дазваляла ставіцца да цябе з лёгкай добрай іроніяй. Часта ў свой дзень нараджэння — 8 ліпеня, Купалле — ты любіла бываць на "Славянскім базары ў Віцебску". Каб павіншаваць цябе, трэба прыдумаць нешта нестандартнае. Прыдумала, паслала… тэлеграму “Віцебск, "Славянскі базар", Элеаноры Язерскай”. Прыемна было потым пачуць ад цябе словы падзякі: і смс, і званкоў шмат, а тэлеграма — адна. І дастаўлена імянінніцы. Я ацаніла тваю высакароднасць, калі пасля выхаду ў эфір праграмы, дзе мы былі з табой удваіх, ты патэлефанавала і сказала нейкія неверагодныя словы пра тое, што тваё выступленне нібыта загасла побач са мной. Гэта — шырокі жэст і прафесійная мужнасць…

/i/content/pi/cult/485/10357/3-4.jpg

Элеанора Язерская і Вера Савіна.

Ты запаўняла сабой не толькі эфір. Дзе б ні з’яўлялася — ты запаўняла сабой усю прастору. Выклікала і ўсмешку, і зласлоўе. Твае капелюшы… Мала мець капялюш — трэба яшчэ ўмець яго насіць. Так, як умела ты, не ўмеў ніхто. А да капелюша яшчэ патрэбен жа і лад жыцця — і тут у цябе была поўная гармонія. Асабліва прыгожыя ў капелюшах вы былі з Мілай, тваёй сястрой, — кідкія і прыкметныя, як экзатычныя кветкі з райскіх джунгляў.

Рада, што ўсе добрыя словы адно аднаму мы казалі своечасова. Ды што словы: ты сама была творам мастацтва. З чым параўнаць? У паэзіі — гэта мадрыгал, у жывапісе — не графіка, не, тым больш, акварэль, а масла ў энергічнай пастознай тэхніцы, у класічнай музыцы — гэта tutti. А ўсё разам — мадэрн, арт-нуво. І ў чалавечай, і ў творчай, і ў прафесійнай праявах ты была на ўзлёце: ролі ў кіно, нечакана заспявала, аўтарская праграма. Твае маналогі пра вялікіх жанчын ХХ стагоддзя — гэта ж і пра цябе таксама. А што здарылася потым? Усё ж такі адзінота? Страціла гармонію? Стамілася ад свайго вобраза? Проста стамілася? Гэта так і застанецца таямніцай, як і многае іншае. Тваё права. Таленавітай рэінкарнацыі табе, дарагая Элеанора…"