Да апошняга патрона…

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Малавядомыя старонкі Севастопальскай эпапеі Міхаіла Савіцкага
…Адкуль салдат Савіцкі мог ведаць, што ўжо вечарам 30 ліпеня на падводных лодках — Щ-209 і Л-23 збеглі ў Наварасійск і амаль усе астатнія армейскія і флоцкія кіраўнікі на чале з самім камандуючым Прыморскай арміяй генерал-маёрам Іванам Пятровым? Тым Пятровым, былым праслаўленым камандзірам 25-й Чапаеўскай дывізіі, які мужна абараняў Адэсу і ўмела правёў эвакуацыю апошніх абаронцаў горада перад яго падзеннем. А тут здарылася такое: кінуць на пагібель сваіх салдат і збегчы... Пасляваенныя спробы некаторых ваенных мемуарыстаў, гісторыкаў і нават пісьменнікаў апраўдаць такія дзеянні Акцябрскага і Пятрова тым, што быццам бы яны толькі “выконвалі загад Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандавання”, — пакідаюць сумненні. І доказ таму, што той жа Пятроў цяжка перажываў падзенне Севастопаля і свой учынак, спрабаваў нават застрэліцца. Пазней на франтах Вялікай Айчыннай даслужыўся да генерала арміі, стаў у канцы мая 1945-га Героем Савецкага Саюза, але, як кажуць, да смерці не мог забыць той, “свой” Крым, у якім даў такую недаравальную слабіну.

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 2324.)

/i/content/pi/cult/484/10356/15-1.jpg

Калосы духу і творчасці. Васіль Быкаў і Міхаіл Савіцкі. 1980-я. / Ілюстрацыі да матэрыяла з фондаў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага

/i/content/pi/cult/484/10356/15-3.jpg

Аўтографы абаронцаў Севастопаля, дасланыя Міхаілу Савіцкаму.

У пачатку 1985 года я спытаў у Міхаіла Андрэевіча, ці праўда, што ён збіраецца пісаць партрэт Івана Яфімавіча Пятрова быццам бы па заказе Цэнтральнага музея Узброеных Сіл СССР? Пра гэта я дзесьці прачытаў у газеце. Савіцкі адказаў так: “Сапраўды, у сярэдзіне 1970-х паступала такая прапанова ад аднаго з намеснікаў тагачаснага начальніка Генеральнага штаба СССР Віктара Кулікова. У прынцыпе я пагадзіўся, да таго ж, генерала Пятрова ў 1942-м некалькі разоў бачыў на 35-й берагавой батарэі. Але, калі вывучыў пэўныя матэрыялы пра апошнія дні абароны Севастопаля, раней мне невядомыя, і пра ролю камандавання Чарнаморскага флоту і Прыморскай арміі ў той драме, спазнаўшы горкую праўду, якую там, “наверсе”, рупліва хавалі шмат гадоў, я потым ад прапановы адмовіўся, спаслаўшыся на вялікую загружанасць...”

...Такім чынам, 30 ліпеня 1942 года невялічкі атрад дэсантнікаў, які прыкрываў адыход савецкіх войскаў з горада, аказаўся плотна прыціснутым да мора ля камяністага ўзбярэжжа Херсанескага маяка — самай заходняй кропкі Крымскага паўвострава, непадалёк ад Камышовай бухты. Тут якраз і быў размешчаны знакаміты маяк. Вытрымаўшы у 1927 годзе мацнейшы землятрус, жалезабетонная вежа маяка на гэты раз пераўтварылася ў руіны (у пачатку 1950-х адноўлена наноў).

3 ліпеня 1942 года Савінфармбюро дало зводку пра страту Севастопаля: “Севастопаль пакінуты савецкімі войскамі, але абарона Севастопаля ўвойдзе ў гісторыю Айчыннай вайны Савецкага Саюза як адна з самых яркіх яе старонак. Севастопальцы ўзбагацілі слаўныя баявыя традыцыі народаў СССР. Беззапаветная мужнасць, яраснасць у барацьбе з ворагам і самаадданасць абаронцаў Севастопаля натхняюць савецкіх патрыётаў на далейшыя гераічныя подзвігі ў барацьбе супраць ненавісных акупантаў”. Ішоў 378-ы дзень вайны...

Міхаіл Савіцкі: “Што казаць, у пачатку ліпеня нам быў нанесены такі ўдар, якога мы не чакалі ніколі: каля дванаццаці гадзін ночы, дакладна не памятаю якога чысла, прынялі зводку Савінфармбюро, у якой паведамлялася, што пасля крывапралітных баёў нашы войскі пакінулі горад Севастопаль. Калі са штабу прыбыў наш радыст, які прымаў удзел у забеспячэнні работы рацыі на Інкерманаўскіх вышынях, і расказаў нам пра гэта, мы не паверылі і рашылі да раніцы нікому нічога не казаць, пакуль не атрымаем пацвярджэння — магчыма, тое была памылка. Але пад раніцу паведамленні былі тыя ж. І толькі тады пра гэта паведамілі па падраздзяленнях. Нас палохала не тое, што галоўныя сілы Чырвонай арміі і флота пакінулі Севастопаль. Мы ведалі і верылі, што горад, як і ўвесь Крым, зноў будзе нашым. Але на колькі часу разлічваць прадукты харчавання, боепрыпасы і медыкаменты, якія ўжо заканчваліся? Ды і такі разлік весці не было часу: штодзённа нас атакавалі немцы, і мы, губляючы таварышаў, адбіваліся, як маглі. І нават імкнуліся контратакаваць. А ў кароткія свабодныя хвіліны ў нас хапала сіл, нягледзячы на раны, голад і смагу, групавацца разам і спяваць на свой матыў, не так, як у фільме “Чапаеў”, песню: “Ты не вейся, черный ворон, / Не маши бойцу крылом. / Ты добычи не добьешься./ Черный ворон, я не твой...” Нам здавалася, што ў нас атрымлівалася больш пявуча, больш душэўна, больш раздольна, чым у кіношнага акцёра Бабачкіна.

Часам здавалася: сядзеш і ніякая сіла цябе ўжо не можа прымусіць падняцца. Толькі абавязак і доўг перад Радзімай прымушае рухацца і рабіць сваю баявую справу. І гэта не проста прыгожыя словы — так было... Баі, у асноўным, ішлі па ўчастках. У другой палове дня 2 ліпеня наш участак збоку 35-й батарэі атакавалі фашысты з пяццю танкамі і трыма бронетранспарцёрамі. Бой, пераходзячы ў рукапашны, працягваўся да вечара, і мы з вялікімі стратамі ўсё ж адагналі фашыстаў і румынаў. Наколькі я помню, гэта быў наш апошні бой. Сур’ёзнай праблемай у нас на Херсанесе была адсутнасць пітной вады. Часам прыходзілася піць марскую ваду, разбаўляючы ў ёй цукар, які ў нас яшчэ заставаўся. Спёка страшэнная, усё цела гарэла ад распаленых камянёў. Бывала, я і мае сябры амаль трацілі розум і лезлі напралом, каб завалодаць каністрай пітной вады альбо, калі пашанцуе, нямецкай фляшкай з кавай. Здаецца, 3 ліпеня фашысты ля Херсанескай бухты ўзарвалі скалу, пад якой размяшчаўся шпіталь. Там заставалася шмат параненых. Дык вось усе яны на працягу некалькіх хвілін былі закіданы нямецкімі гранатамі, у выніку чаго, мабыць, з сотні чалавек у жывых засталіся літаральна адзінкі. Увесь бераг у гэтым месцы быў пакрыты трупамі, наваленымі адзін на аднаго. Цяжка параненыя крычалі, прасілі іх прыстрэліць. Хто мог рухацца, імкнуўся паўзці да вады і тануў на вачах пад рогат варожых аўтаматчыкаў. Астатніх, хто яшчэ ацалеў, фашысты выцягвалі з-пад камянёў...”

Надышла раніца 4 ліпеня. Лётчыкі люфтвафэ з паветра пачалі раскідваць лістоўкі з заклікам здавацца ў палон. Тым часам група маракоў і чырвонаармейцаў на дошках, лодках і ўплаў спрабавалі ўцячы ў мора — у зыбкай надзеі, што іх падбяруць нашы караблі і падводныя лодкі. Але выратаванне не прыходзіла, і “месеры” на брыючым палёце ўсіх лёгка расстрэльвалі з кулямётаў...

Каля дванаццаці гадзін падыйшлі нямецкія танкі і з берага сталі страляць навесным агнём па апошніх абаронцах чарнаморскай цвярдыні. Як успамінаў Савіцкі, камандзір 1-га артдывізіёна капітан Канавалаў падбег да палкоўніка пяхоты: “Што будзем рабіць?” А той адказвае, што ёсць тры выйсці: утапіцца, застрэліцца альбо палон. І трэба мо выбіраць апошні, таму што з палона можна збегчы і быць яшчэ карысным Радзіме. Мала хто падтрымаў такую ідэю, але разважаць на гэты конт не было калі. Знайшлі жалезную скрынку з-пад патронаў, завярнулі партыйныя, камсамольскія білеты, ваенныя пасведчанні ў цэлулоід і паклалі ў гэтую скрынку, якую зарылі ў скалах недалёка ад разбітага маяка...

А агнявая апрацоўка небывалай магутнасці ўсяго ўчастка абароны на Херсанескім паўвостраве шалёна працягвалася. На гэты раз азвярэлыя фашысты (яны ж падобнага супраціўлення ніколі не сустракалі ў Еўропе!) рашылі апошніх абаронцаў Севастопаля проста-такі сцерці з зямлі. Такой бамбардзіроўкі, артылерыйскай і мінамётнай, згадваў Савіцкі, ён яшчэ не бачыў. Боепрыпасы ўжо былі на нулі, “месеры” на брыючым палёце вялі кулямётны абстрэл, “юнкерсы” таксама не драмалі — пры кожным зручным выпадку бамбілі з паветра. Усе, хто трымаў абарону, зразумелі: дапамогі не будзе і развязка хутка наступіць...

Уладзімір Мішчанка, пра якога гаворка ішла вышэй, пасля вайны стаў галоўным канструктарам буйнога прадпрыемства ў горадзе Крывы Рог і напісаў успаміны, у якіх падрабязна апісаў і той бой 4 ліпеня 1942 года. Гэтыя рукапісныя старонкі, дасланыя аўтарам Савіцкаму ў Мінск, мне прадаставілі ў фондзе Мастацкай галерэі творцы, куды яны былі перададзены сынам мастака — Андрэем Міхайлавічам. Прыводжу толькі адзін фрагмент рукапіса, бо лічу яго па-сапраўднаму праўдзівым дакументам пра тыя апошнія гераічныя і трагічныя дні Севастопальскай эпапеі, у крывавым кругавароце якой апынуліся Савіцкі і яго баявыя таварышы.

“Днём 4 ліпеня фашысты абстрэльвалі берагавую паласу, кідалі ўсё новыя і свежыя воінскія часці, імкнуліся ўсімі сродкамі скінуць нас, абаронцаў, у мора. Самалёты эскадрыльямі пікіравалі з усіх бакоў. Дымныя, перамяшаныя з пылам чырвона-жоўтай зямлі, слупы разрываў закрывалі сабой усю прастору вакол участкаў абароны. Калі дым, змяшаны з пяском, камянямі і рэшткамі разадраных на шматкі чалавечых цел, апускаўся на зямлю, да берага паўзлі фашысцкія танкі, а за імі — аўтаматчыкі. Іхнія атакі дорага абыходзіліся ворагу. Абаронцы прыкрыцця ўкладвалі навечна сотні нямецкіх трупаў, прымушаючы астатніх адкочвацца назад. Каб запужаць маракоў, немцы скарысталі псіхічную апрацоўку: яны сталі скідваць з пікіруючых самалётаў электраматоры, пустыя металічныя бочкі з адтулінамі, мяшкі з пяском, плугі, скрыні і проста бярвёны. І так — атака за атакай...

Гэта былі самыя жорсткія бамбёжкі, бо ў час выбухаў бомб абрушваліся і абвальваліся цэлыя ўчасткі скалістага берага і засыпалася ўсё жывое пад масай камянёў і зямлі. Бой распадаўся на некіраваныя асобныя сектары, а потым і зусім спыняўся. Ішлі чацвёртыя суткі без вады і ежы. Смерць ужо хадзіла з касой вакол нас, апошніх абаронцаў Херсанеса, і падступала ўсё бліжэй і бліжэй. Едкае, стракатае і дымнае полымя агнямётаў рынулася ўгару па адхоне. Цяпер здавалася, што гараць нават насыпныя валы, жалезабетон, трава — усё плавілася, сплюшчвалася, разбуралася, распаўзалася па зямлі...”

А вось яшчэ адзін факт таго, што адбылося на Херсанескім маяку 4 ліпеня.

Вера Такжэйка, медсястра 3-й асобай авіяцыйнай групы, якая да канца заставалася з параненымі ў Севастопалі: “30 ліпеня 1942 года паляцелі апошнія самалёты з Херсанескага маяка. У Севастопаль увайшлі немцы. Усе савецкія часці адступілі да нашага маяка. Бамбілі нас страшэнна з 5-й раніцы да 21-й гадзіны. Бомбы сыпаліся розных калібраў. Угару жудасна было падняць вочы — суцэльным патокам ішлі самалёты. Акрамя таго, фашыст страляў з цяжкай марціры, якая стаяла ў Бахчысараі. Я ніколі пазней за ўсю вайну не бачыла так шмат забітых і параненых. Іх не было куды падзець. Перавязачных матэрыялаў не было, рвалі прасціны і перавязвалі. Цяжка апісаць увесь жах, перажыты ў апошнія дні абароны Севастопаля. Вельмі балюча было глядзець на параненых, якія прасілі піць, а ў нас — ні кроплі. Калодзежы і склады з харчаваннем разбомбленыя. Армія без харчу. Але самае галоўнае — не было патронаў. Сыходзіла я з Севастопаля 4 ліпеня ўплаў, у дзве гадзіны ночы, а падабраў мяне а пятай гадзіне катар-паляўнічы. Катары былі пасланыя за арміяй для адступлення. Падысці да берага яны не маглі: бераг моцна абстрэльваўся. І вось, хто мог плаваць, той і плыў да катараў, экіпажы якіх выратоўвалі людзей і паднімалі на борт”.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што ў такой сітуацыі гітлераўскія войскі працягвалі займаць былыя ўмацаванні і руіны Севастопаля, сустракаючы на шляху толькі асобныя ачагі супраціўлення.

Міхаіл Савіцкі: “У мяне біяграфія дрэнная. Трапіў у палон — значыць здраднік, лічылася ў савецкі час. Нават пазней у Мастацкім вучылішчы многія мае сакурснікі глядзелі на мяне крыва, падазрона. Тым больш і тады працягвалі выклікаць мяне на “гутаркі” ў адпаведныя органы. І нікога не хвалявала, што я не здаўся ў палон, а мяне здалі разам з горадам. Здалі па віне камандавання. Так, прычыны трагедыі Севастопаля шмат у чым заключаны ў бяздарным кіраўніцтве нашай абаронай, і дзясяткі тысяч параненых, загінулых і палонных нашых чырвонаармейцаў і чырвонафлотцаў — галоўная яго віна...”

Падрабязнасці свайго паланення Савіцкі не памятаў. Апошняе, што ён бачыў, ці яму здавалася, нібы бачыў, — фантан успучанай зямлі і каменнага пылу. Хутчэй за ўсё, як у вершах: “Я не слышал разрыва. / Я не видел той вспышки, — / Точно в пропасть с обрыва — / И ни дна, ни покрышки...”

Гэтым выбухам Савіцкі быў моцна кантужаны на правае вуха, на хвіліну страціў прытомнасць, але, у адрозненне ад байца з верша Твардоўскага, змог вярнуцца на бок жыцця, не пераходзячы за мяжу небыцця. Калі ачуняў, над ім стаяў нямецкі аўтаматчык з закасанымі па локаць рукавамі...

Далей — пекла: сімферопальская турма, перасыльныя лагеры ў Бахчысараі і Мікалаеве, 326-ы шталаг, працоўны лагер для ваеннапалонных у Дзюсельдорфе. Канцлагеры смерці Бухенвальд, Мітэльбау-Дора, каменяломні “Кравінкі”, Дахау. Вызваленне саюзнымі войскамі прыйшло 29 красавіка 1945-га. Вязня знайшлі непрытомным, ледзь жывым... Але — выжыў. Насуперак усяму выжыў. Мабыць, Бог яго захоўваў, захоўваў дзеля мастацтва, дзеля краіны, дзеля свету...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"