Зэканомілі, але…

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Паставы: фармат для гурмана
“Ты бываў у Батумі?” Пачуўшы адмоўны адказ, Коча зрабіў такія вочы, што мне падалося, што маё няведанне Аджарыі — самы страшны грэх. Але знайшоў апраўданне: “Вось у Паставах, Коча, з песнямі тваёй краіны і пазнаёмлюся!” Коча застаўся задаволеным. Барадаты саліст хору Дзяржаўнага ансамбля песні і танца Аджарыі імя Мелітона Кухіанідзэ стаўся сёлета маім першым замежным знаёмым на пастаўскай зямлі. Колькі было потым гэтых знаёмстваў, заангажаваных XVII Міжнародным фестывалем народнай музыкі!.. На названым мерапрыемстве я — не ўпершыню. Таму ёсць з чым параўноўваць, ёсць што аналізаваць і ў кантэксце будучага фестывальнага развіцця.

/i/content/pi/cult/484/10342/13-1.jpg

Пастаўская плошча — эпіцэнтр фестывалю.
/i/content/pi/cult/484/10342/13-2.jpg
Аджарскі хор.
/i/content/pi/cult/484/10342/13-3.jpg

Венесуэльскія музыканты.

/i/content/pi/cult/484/10342/13-4.jpg /i/content/pi/cult/484/10342/13-5.jpg

Ліза Глазава з Паставаў; Саліст гурта "Чэрвеньскія балагуры".

/i/content/pi/cult/484/10342/13-6.jpg /i/content/pi/cult/484/10342/13-7.jpg

Паставы — горад рамесніцкі; архітэктура Паставаў.

Замест ракет і самалётаў

Старшыня Пастаўскага райвыканкама Віктар Гутараў заўважна хваляваўся. Не за ўраджаі, бо гаспадарнік ён добры. Хваляваўся кіраўнік за тое, каб сёлетні фэст не быў горшым за леташні. Зразумелае жаданне: мерапрыемства — найстарэйшае на Беларусі і ў 2015-м адзначыць 25-годдзе ад часу заснавання… Дык вось, фестываль не стаў горшым, іншым — так (не без уплыву пэўнай аптымізацыі і ўсеагульнай эканоміі), горшым — ні ў якім разе. Я б зазначыў так: у рэпертуары “…Цымбалам і гармоніку” ніколі не бракавала “страў” для самых пераборлівых музычных гурманаў. Вось гэтая вытанчаная “гастранамія” і засталася, балазе, безумоўным пуктам фестывальнага адліку. На гэтым мы яшчэ спынімся.

…Тады ж, на пачатку фэсту Віктар Гутараў казаў вось пра што. У гарадскім раёне, дзе традыцыйна праходзіць фестывальны конкурс “Хто каго?”, раней месцілася закрытая вайсковая частка са стратэгічнымі ракетамі і не менш стратэгічнымі самалётамі. Цяпер, па словах старшыні, замест ракет і самалётаў сваю справу ў абароне міру і паяднанні нацый робіць народная музыка.

Сола для горада

З боку, як кажуць, бачна лепей. Дык вось, горад мяне, як госця, задаволіў. Літаральна ўсё было смачна і спажыўна. І я веру ў тое, што дзяўчаты-паварыхі дзеля гэтага не спалі начамі. Бездакорна працавала міліцыя, якая ўражвала знешнім выглядам, тактам і ветлівасцю. Прадстаўнічым быў гандаль. Праўда, цудоўны “Каралеўскі” сыр, яшчэ паўгода таму адносна танны, падскочыў у кошце да сталічных цэннікаў. Але ж гэты працэс, самі разумееце, непадуладны нашым спажывецкім жаданням.

Ля Палаца Тызенгаўзаў, на ганку якога ішоў канцэрт класічнай музыкі, я пазнаёміўся з мясцовым трыццацігадовым жыхаром Сашам. Ён нарадзіўся ў вёсцы. Юнаком імкнуўся наведваць фэст, атрымлівалася не заўжды. Пасталеў, перабраўся ў райцэнтр, фестываль стаў часткай жыцця. Саша прывучыў да традыцыі і дачку. Такім чынам “…Цымбалы і гармонік” хутка прымуцца за выхаванне ўжо трэцяга пакалення слухачоў і гледачоў, якіх вабяць не толькі прыпеўкі, але і класіка.

Наконт гасцініцы… Гадзіннік паказваў на пятую раніцы, калі па калідорах залунала гордая грузінская песня: яна, як жаданая, але недасягальная мара, то аддалялася, то зноў набліжалася… У Батумі я не быў. Але Батумі мне застаўся вінны. Як глыбокадумна сказаў Коча, аджарскую песню неабходна слухаць на фоне гор, затуманеных дымам ад шашлыка. Я хачу пабачыць такія горы. Адчуць, пакаштаваць, пераканацца. Прынамсі, рэшту пастаўскай дажджлівай, але феерверкавай (феерычнай!) ночы мне сніліся менавіта аджарскія заснежаныя горы. А дзеля гэтага варта пацярпець і адсутнасць душавой у нумары. Урэшце, дзесьці ў перспектыве і гасцініца пачне напоўніцу адпавядаць фестывальнаму ўзроўню…

Было, засталося, будзе…

Чаго мне не ставала на фэсце? Колішніх бліскучых рознажанравых майстар-класаў у “Старым млыне”. (Сёлета РДР быў змушаны абмежавацца фотавыстаўкай “Горад. Гісторыя. Людзі”.) Не хапала вячэрніх выездаў з пэўным творчым калектывам у адзін з аграгарадкоў раёна. (Добра памятаю, якія аншлагі збіралі такія выязныя канцэрты.) Разумею, што новы фармат фэсту — не ад добрага жыцця. Таму веру, што ўсё гэта вернецца ды, як і раней, значна пашырыць межы фестывальнага ўплыву. Тым больш, кіраўнік раёна ўжо цяпер аналізуе, як фестываль можа зарабляць для свайго далейшага развіцця…

Адно з асноўных дасягненняў нашай культуры, па маім меркаванні, у тым, што яна давяла самадзейную творчасць амаль да ўзроўню прафесійнай. Ці добра гэта, няхай вырашаюць спецыялісты. Па мне, дык добра. Цяпер пра нязменныя ды неверагодныя стравы для гурманаў. На конкурсе “Хто каго?” уразілі найперш юныя пастаўскія цымбалісткі. Майстэрства і артыстызм робяць цуды. Доўга не адпускалі са сцэны памянёных ужо аджарцаў. Я добра знаёмы з венесуэльскімі музыкамі, што прыязджалі ў Паставы гадоў пяць таму. Гэтым разам ансамбль з Каракаса быў іншым, пад кіраўніцтвам Херарда Эстрады Марцінэса. Але ўсё тая ж віртуозная гітара “венесуэльская кватра” проста агаломшыла залу. Калі ж загучалі варыяцыі "Купалінкі", захапленню не было мяжы. Ансамблі “Сям’я Ігауню” з Латвіі, “Цэранкуца” з Малдовы, “Млады гелікон” са Славакіі прадэманстравалі этна вышэйшага гатунку. На гэтым жа ўзроўні трымаліся і беларусы: з Лепеля, Гомеля, Ліды, Чэрвеня, Мінска, Карытнянскага СДК Асіповіччыны. Не хапала, шчыра кажучы, украінскага гурта “Будзьма” з Кіеўскага ўніверсітэта культуры, выступленні якога ўпрыгожвалі ранейшыя фэсты…

Канцерт ансамбля салістаў Белдзяржфілармоніі “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам заўжды акрыленага і неўтаймоўнага Уладзіміра Байдава ля Палаца Тызегаўзаў і ў пастаўскім касцёле — гэта гаворка асобная. Уражанне было такое, што і палац і касцёл пад магічным уплывам чарадзейнай музыкі ўзняліся разам са слухачамі да касмічных вышынь. Вельмі не хацелася адтуль вяртацца...

Праблемнае пытанне ў мяне адзінае, і яно рытарычнае: чаму фэстам усур’ёз не зацікавілася рэспубліканскае тэлебачанне. Зразумела, яно існуе па сваіх законах. Але канцэрты ў Паставах упрыгожылі б любы тэлеканал, а застаўкі з асобных нумароў можна паказваць цягам года. Але хто бачыў тыя тэлесюжэты з Паставаў ці, скажам, з “Берагіні” ў Акцябрскім?

Замест заканчэння

Да ад’езду ў Мінск заставалася пару хвілін. Ля аўтобуса спыніліся дзяўчаты з Пінскай дзіцячай школы мастацтваў — ансамбль народнай песні “Кветачкі”. Ля іх, сапраўдных кветачак неяк незаўважна і натуральна згуртаваліся хлопцы-грузіны. Слова за слова — і пачаўся самы сапраўдны вулічна-імправізаваны сэйшн. Спачатку дзяўчаткі паказалі, на што яны здольныя акапэльна, потым зладжана грымнулі хлопцы, а праз хвілю загучалі ўсе разам. Такім чынам, шматзначным эпілогам да фестывалю стала для мяне вось гэтая, сумесна выкананая пранізлівая "Купалінка". Што і казаць: мы разам, пакуль спяваем пра адно. Каб толькі не перарываўся гэты суладны хор, аб’яднаных фэстам сэрцаў.

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"