Кола сяброў пашыраецца

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

У сёлетняй, юбілейнай, ХV Міжнароднай мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы “Кнігі Беларусі-2008” прынялі ўдзел новыя экспаненты: упершыню прадставілі свае выданні Венесуэла, Швейцарыя, Казахстан, Таджыкістан.

 /i/content/pi/cult/148/1034/Kola syabrou.jpg
— Для нашай краіны, — зазначыў Часовы Павераны ў справах Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс Нуньес, — гэта першы вопыт удзелу ў такім прэстыжным мерапрыемстве.

Спадзяёмся, што мы станем пастаянным экспанентам на выстаўцы і наступным разам пашырым сваю экспазіцыю і пакажам візуальныя матэрыялы, дыяпазітывы і іншыя цікавыя рэчы. На сёлетняй выстаўцы-кірмашы ў Мінску дэманструецца новая літаратура, якая вельмі папулярная ў Венесуэле. Паказаны выданні пра Сімона Балівара, прадстаўлены яго творы. На стэндзе можна пазнаёміцца з прадукцыяй многіх вядомых венесуэльскіх выдавецтваў. Мы выступаем з прапановай стварыць секцыю кніг Венесуэлы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У гэтым месяцы плануецца прыезд у Рэспубліку Беларусь прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. Мяркуецца, што ў ходзе паездкі ён і адкрые секцыю венесуэльскіх кніжак у НББ.

Упершыню прымае ўдзел у Мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы Швейцарская Канфедэрацыя. “Мы прадстаўляем невялікі аб’ём з таго, што выдаецца штогод у Швейцарыі, — адзначыў кіраўнік Швейцарскага офіса па супрацоўніцтве з Беларуссю Дзітрых Дрэер, — а штогод у нас выходзіць у свет больш за 30 тысяч кніг. На выстаўцы ў Мінску экспануецца белетрыстыка, дзіцячыя выданні, кнігі па архітэктуры, з выкарыстаннем галаграфіі. Большасць кніжак, якія дэманструюцца, выдадзены на нямецкай мове. На нашым стэндзе прадстаўлены некалькі кніг на беларускай мове, якія выдаём разам з беларускімі партнёрамі. Мы спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва“.