Канверт Нэмэна

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Больш за трыццаць калекцый з Беларусі і Польшчы можна пабачыць на філатэлістычнай выстаўцы, што адкрылася на гродзенскім паштамце.

/i/content/pi/cult/483/10328/14-6.jpg

Канверт з выявай музыканта пасля гашэння ў Гродне.

/i/content/pi/cult/483/10328/14-8.jpg

Маршрут веларэйду шанавальнікаў Нэмэна.

Мясцовыя філатэлісты прадставілі свае зборы на розныя тэмы: народныя строі і рэлігія, ровары і птушкі… А іх польскія калегі пашырылі спектр і паказалі свае зборы па спорце і раслінам. У дзень выстаўкі прайшло адмысловае гашэнне і быў паказаны канверт, на якім змешчаны профіль славутага польскага рок-музыканта, узгадаванага Беларуссю, Чэслава Нэмэна.

Пра выстаўку распавядае сябра журы і адзін з найстарэйшых гродзенскіх філатэлістаў Лявон Карповіч:

— Я вельмі задаволены, што наш зямляк Чэслаў Нэмэн сёння ў цэнтры ўвагі вельмі многіх людзей. Цяпер на канверце мы маем яго партрэт, і гэтыя філатэлістычныя матэрыялы разыйдуцца па свеце. Я ж на выстаўку прадставіў сваю калекцыю “Біблейскія гісторыі”. Працую з вялікай зацікаўленасцю над яе папаўненнем. Праца вялікая, якая не мае канца, бо ўвесь час друкуюцца новыя матэрыялы. Я намагаюся біблейскую тэму адлюстраваць з дапамогай паштовых марак, блокаў, канвертаў і іншых філатэлістычных рарытэтаў, прычым рабіць гэта як мага паўней…

Выстаўка сабрала больш за сотню зацікаўленых гродзенцаў, а напрыканцы афіцыйнай часткі на гашэнне завіталі веласіпедысты, што ехалі з адмысловым “рэйдам” з Беластоку ў Старыя Васілішкі на Шчучыншчыне — на радзіму Чэслава Нэмэна.

Андрэй МЯЛЕШКА

Гродна

Фота аўтара