Aбрад “Карагод сена”.
Традыцыя правядзення “Карагоду сена” захавала пераемнасць на узроўні сям’і: ад бабуль і матуль — і надалей застанецца сацыяльна-культурна запатрабаванай. Абрад захаваў аграрна-магічную функцыю, якая звязана з надзеямі на добры ўраджай, на дабрабыт сялян.
“Карагод сена” праходзіць на другі дзень Вялікадня. Жыхары вёскі, сярод якіх — і ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Рэчанька” Старасельскага СДК, збіраюцца на поўдзень ад Дома культуры. Грае гармонік, людзі ў добрым настроі, весяляцца. Паступова яны ўтвараюць карагод, які дзеліцца на дзве групы і разыходзіцца па баках. Адна група ідзе на “Вялікдзень”, другая — на “Канаплёўку”. На плячах — косы, граблі, вілы.
Існуе сярод сялян такое меркаванне: чыя група будзе большая, у таго сена будзе лепшым. З песнямі жанчыны праходзяць вёску. Святочнае шэсце вяртаецца з абрадавымі песнямі да Дома культуры. Разам з удзельнікамі — школьнікі 9-10 класаў.
Пасля таго, як шэсце пройдзе па вёсцы, ставяць вядро з зямлёй і “росцяць хрэн”, водзяць карагод і спяваюць. Далей удзельнікі карагоду просяць кума даць хрэну. Ён адказвае: “Не, ня дам: яшчэ не вырос”. Так жыхары Старога Сяла пяюць тры разы, пакуль хрэн не “вырасце”. Потым, напрыканцы гульні зноў звяртаюцца:
— Кум, дай хрену.
— Бярыця хрен, ён ужо вырас бальшы.
— Раз ён вырас, то к хрэну павінна быць і мяса.
— Будзе мяса, будзе і сала, будзе і хрэн.
Пасля таго пачынаюць спяваць песні, прыпеўкі. Свята “Карагод сена” заканчваецца трапезай.
Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці