Да апошняга патрона…

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Малавядомыя старонкі Севастопальскай эпапеі Міхаіла Савіцкага
Хачу прывесці фрагмент ліста Мікалая Тараненкі, напісанага “дарагому аднапалчаніну Мішу Савіцкаму” 22 сакавіка 1987 года з горада Абінска Краснадарскага краю. Яны служылі ў адной часці. “…Калі немец цясніў нас з Мекензіевых гор і аўтаматчыкі абстрэльвалі бухту, я літаральна са шпіталя трапіў у ваш 793-ы батальён сувязі. Штаб дывізіі тады знаходзіўся на паўночным баку бухты ў штольні бензасховішча. Потым мы адкінулі ворага і выраўнялі пазіцыі. А калі пакідалі Інкерман, уначы, пры газоўцы, проста ў пуні, дзе мы размяшчаліся, нам абвясцілі, што немец абышоў нас на гары і адрэзаў ад Севастопаля. Незадоўга да гэтага мне з чатырма маракамі давялося выратоўваць Севастопальскую панараму. Ну, і потым на Херсанескім маяку раздзяліў з табой журботны лёс: трапіў у палон. У Расію вярнуўся ў 1945-м. Служыў у Смаленску, дэмабілізаваўся праз год. Але вось узнагароды за абарону Севастопаля, як і тысячы іншых яго абаронцаў, не маю...” Дарэчы, Міхаіл Савіцкі сваю першую ўзнагароду — медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.” атрымаў толькі ў 1957 годзе…

/i/content/pi/cult/483/10309/15-1.jpg

/i/content/pi/cult/483/10309/15-3.jpg

 

Арыгінал ліста Аэліты Калугінай да Міхаіла Савіцкага.

(Працяг. Пачатак у № 23.)

З ліста ўдзельніцы абароны Севастопаля Аэліты Калугінай (ад 12 лютага 1983 года) — Міхаілу Савіцкаму: “Вітаю Вас, паважаны Міхаіл Андрэевіч! У мяне ў руках альбом з Вашай біяграфіяй і карцінамі. Дзіўна, як пераплятаюцца чалавечыя лёсы! У дні абароны Севастопаля я служыла ў 427-м медсанбаце ад 345-й стралковай дывізіі. Камісарам батальёна быў Гарэцкі. Ён тады загінуў у час бамбёжкі: яму адарвала абедзве нагі, і ў маё дзяжурства ў аперацыйнай камісар памёр. Спачатку было вельмі страшна бачыць мора крыві, крывавыя бінты, кулі і асколкі ў целах параненых. Потым усё ж прывыкла. На вайне да ўсяго прывыкаеш... Побач з нашым медсанбатам знаходзіўся медсанбат 25-й Чапаеўскай дывізіі. Гэта ў штольнях насупраць Манастырскай гары: якраз пасярэдзіне працякала мелкаводная Чорная рэчка. Пад зямлёй было ўсім вельмі цяжка. Часта без святла, без свежага паветра. Не хапала вады для параненых і персанала. Уваход у штольню пастаянна абстрэльваўся. І толькі ў рэдкія хвіліны зацішша, з рызыкай для жыцця, спускаліся да рэчкі па ваду. Бывала, урачы літаральна ля аперацыйных сталоў засыналі. Параненых было вельмі шмат, аперыравалі пры газавых лямпах. Не ведалі, калі дзень, калі ноч. Але духам мы не валіліся ад стомленасці, у істэрыку не ўпадалі — дапамагалі і песні, якія, нягледзячы ні на што, спявалі, каб узбадзёрыцца і не заснуць.

Я прайшла амаль той жа шлях палону, што і Вы: Херсанескі маяк, Бахчысарай, Сімферопальская турма, Германія. Потым былі Нідэрланды, рэкі Маас, Рэйн, лагер 365-га шталага пад №76. Вызвалілі саюзнікі 1 красавіка 1945 года. Да роднай хаты вярнулася 1 студзеня 1946-га. Вельмі ўсхвалявалі мяне Вашы карціны, асабліва “Адбор” з серыі “Лічбы на сэрцы”. У ёй, можна сказаць, я пазнала сябе і сваіх сябровак: іх ужо няма у жывых. А было нам тады па 17-18 гадоў. Я ўсё так добра помню, быццам бы гэта было толькі ўчора, і не дай божа, каб мінулае паўтарылася зноў... Зараз жыву ў Севастопалі. Горад адбудаваўся, стаў лепшым і больш прыгожым. Прыязджайце, дарагі Міхаіл Андрэевіч, да нас пагасціць! Бо Вы пакінулі тут часцінку сваёй душы...”

...Дзесьці побач з Савіцкім ля Херсанескага маяка вялі бой да апошняга патрона маракі-чарнаморцы Уладзімір Мішчанка, Васіль Кабец і Іван Зора, а таксама аднапалчане — Георгій Валавік і Аляксандр Грышын. Усе яны, на шчасце, ацалелі ў полымі вайны і, адшукаўшы Савіцкага, праз дзесяцігоддзі пасля Перамогі, вялі з ім перапіску.

З ліста У.Мішчанкі — М.Савіцкаму ад 18 лютага 1985 года: “Дарагі баявы сябра па Севастопалі і Херсанесе Міхаіл Андрэевіч, прывітанне! Мы, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, абаронцы Севастопаля і Херсанеса з 41-га марскога шпіталя, марской авіяцыі і падводна-надводных караблёў Чарнаморскага флота, канешне, жадалі б бачыць сябе, як у 1941 — 1942 гадах — маладымі і прыгожымі, храбрымі і мужнымі, баявымі і вернымі Радзіме.

Усе мы прайшлі вучэбны атрад (“саракатрубны лінкор”) і ў Херсанесе маглі сустрэцца з вамі. Асноўны склад наш — гэта тыя, хто прыкрываў адыход ад Севастопаля пад скаламі на Херсанесе да 17 ліпеня 1942 года. Сярод нас удзельнікі першага ў Вялікай Айчыннай вайне дэсанта з паветра пад Адэсай у ноч на 22 верасня 41-га года, а потым прыкрываўшыя адыход камандавання ў ліку 600 чалавек Севастопальскага абарончага раёна. Ёсць тыя, хто цудам засталіся жывымі, якія прайшлі праз пакуты ада фашысцкіх канцлагераў. Пра многіх з нас напісана ў кнігах і іншых выданнях, але, на жаль, там мы сябе не пазнаём. Там мы — перафарбаваны ў ружовыя таны. А патрэбна праўда і толькі праўда...”

Далей у лісце ішла пераканаўчая просьба да мастака напісаць “праўдзівую” карціну пра севастопальцаў: “Яе рэпрадукцыю мы гатовы размножыць і распаўсюдзіць па усім свеце і яго наваколлях. Пакуль чакаем ад Вас эскіз такой карціны...” Для Міхаіла Савіцкага гэта быў першы сігнал да таго, каб прыступіць да палатна “Клятва севастопальцаў”, якое і было закончана ў тым жа, 1985-м годзе. Сюжэтны матыў карціны быццам бы не новы: ваенныя маракі развітваюцца з забітым сябрам. Знешне яна зусім статычная. Колькі-небудзь разгорнутага дзеяння ў ёй не адбываецца. Дэталі выбраны скупа і не складваюцца ў паслядоўнае, развітае ў часе апісанне, якое іншым разам служыць у жывапісе асобай формай сюжэтнага апавядання. Колерарытміка тут строга размеркаваная: трывожны барвова-чорны фон палаючага Севастопаля; твары маракоў, якія асвечаны змярцвела-залацістым сонечным святлом; цела загінулага матроса ў белым бушлаце, прыкрытае палотнішчам пунсовага сцяга, — усё працуе на сапраўдны драматызм таго, што адбываецца. Разам з тым, спакойна-мужная інтанацыя карціны ў цэлым, даволі шырокі эмацыянальны дыяпазон не даюць адчування безвыходнасці, як бы першапачаткова закладзеных у раскрыцці аналагічных “далікатных” тэм, звязаных з пахаваннямі. Тут, у назве карціны, сэнсавае ключавое слова — “клятва”. Менавіта клятва, а не проста “плач” па загінулым. Клятва вернасці памяці таварыша, клятва Радзіме, за якую маладыя хлопцы аддавалі свае жыцці...

З ліста тых жа аднапалчан — М.Савіцкаму ад 21 красавіка 1985 года: “Тваё паведамленне пра тое, што карціна “Клятва севастопальцаў” гатовая, нас вельмі ўсцешвае. Мы чакаем фатаграфію альбо плёнку. Раздрукуем для тых херсанесцаў, хто застаўся ў жывых (ох, як мала нас засталося!). Думаем, Міша дарагі, ты не пакрыўдзішся за тое, што мы спяшаемся? У нас ужо няма часу, часу ў абрэз — многіх не стала ў апошні гэты год...”

...А цяпер перавядзем дух і вернемся трошкі назад. За сем месяцаў да палону Савіцкага, у пачатку снежня 1941-га, групу чырвонаармейцаў і курсанатаў з Грозненскага авіявучылішча ўключылі ў склад 793-га асобнага батальёна сувязі 345-й стралковай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Мікалая Гузя. У гэтую дывізію ўваходзілі сем палкоў, два дывізіёны, шэсць батальёнаў, лазарэт, рота хімічнай абароны, хлебапякарня, палявая паштовая станцыя і палявая каса дзяржбанка. Фарміравалася дывізія восенню 1941 года ў Паўночна-Асецінскай і Дагестанскай ССР Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі ў складзе 44-й арміі Закаўказскага фронта ў мэтах абароны Чарнаморскага ўзбярэжжа і прызначалася для высадкі першага эшалона ў Феадасійскай дэсантнай аперацыі. Такая аперацыя адбылася за два тыдні да новага 1942 года. У ёй удзельнічаў і чырвонаармеец Міхаіл Савіцкі. Трошкі пазней, у лютым наступнага года, ён быў прызначаны намеснікам камандзіра (па камсамольскай рабоце) 793-га асобнага батальёна сувязі.

Дэсант у ліку прыкладна 10 тысяч чалавек на цеплаходах “Калінін”, “Дзімітраў”, “Сяроў”, “Курск”, “Фабрыцыус” і “Чырвонагвардзеец” быў перакінуты на абарону Севастопаля, каб змагацца ўжо ў складзе Прыморскай арміі Каўказскага фронта. Гэты фронт, які на кароткі тэрмін стаў Крымскім, з 20 мая па ліпень 1942 года ўжо называўся Паўночна-Каўказскім. І радавы Міхаіл Савіцкі апынуўся сярод тых, хто, пачынаючы з зімы 1941-га і да канца чэрвеня наступнага года на працягу больш за 200 сутак мужна абараняў галоўны чарноморскі порт краіны, блакіраваны немцамі з сушы і мора, штодзённа і штоночна знаходзячыся на мяжы жыцця і смерці. Абараняў да самага падзення Севастопаля, гэта значыць да пачатку ліпеня 1942-га — практычна да таго часу, калі яго родная 345-я стралковая дывізія, паспеўшы ўтапіць свае баявыя сцягі ў Чорным моры, была поўнасцю знішчана ворагам...

Шмат гадоў таму, у 1980-я, Міхаіл Андрэевіч расказаў мне пра вялікую крымскую трагедыю шмат такога, што, па яго славах, “раней агучваць было нельга”. Ды і пра многія абставіны гэтай гісторыі, якія старанна хаваліся ваеннымі гісторыкамі і партыйнымі ідэолагамі, Савіцкі сам даведаўся ўжо ў час “перабудовы” і “галоснасці”, калі пачала выяўляцца горкая праўда пра тое, што на самой справе адбылося ў Севастопалі ў 1941 — 1942 гадах. Тым не менш Міхаіл Андрэевіч прасіў мяне пакуль не пісаць у прэсе паведамленае: “Не надрукуюць — час яшчэ не прыйшоў. Да таго ж, трэба сёе-тое пераправерыць...”

Толькі сёння дакументы прыадкрылі факты. А тады... Адкуль яму, простаму чырвонаармейцу, было ведаць, што насамрэч адбывалася ў вярхоўных эшалонах улады і кіраўніцтве непасрэднай абаронай Крыма? Адкуль ён мог ведаць, што яшчэ 30 ліпеня паў Малахаў курган і камандуючы абаронай Севастопаля віцэ-адмірал Філіп Акцябрскі слёзна папрасіў дазволу Стаўкі ВГК на тэрміновую эвакуацыю. Але план гэтай эвакуацыі прадугледжваў вываз на самалётах, падводных лодках і катэрах толькі вышэйшага складу з ліку камандавання арміяй і флотам, партактыва… Эвакуацыі астатняй часткі ваеннаслужачых (а іх — дзясяткі тысяч), у тым ліку цяжка параненых, не дапускалася!

Адкуль салдат Савіцкі мог ведаць, што ў казематах 35-й берагавой батарэі 30 ліпеня 1942 года прайшло апошняе пасяджэнне Ваеннага Савета штаба Прыморскай арміі па “далейшай арганізаванай абароне раёна”? Што пасля пасяджэння віцэ-адмірал Акцябрскі і яго памочнікі, старшыя афіцэры і палітработнікі, укрыўшыся плашчамі, спусціліся пад зямлю на глыбіню 30 метраў, а потым па падземным паўкіламетровым праходзе дабраліся да апошняга паста батарэі. Там непрыкметна падняліся па лесвіцы, моўчкі селі ў загадзя падрыхтаваныя машыны і паімчалі на аэрадром Херсанес, а адтуль на самалёце Лі-2 вылецелі ў Краснадар...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"