“Каленцы” ананчыцкіх мужчын

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

8 чэрвеня, на “зялёныя святкі”, у вёсцы Ананчыцы Салігорскага раёна прайшоў VІ Рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва “Сугалоссе”.

/i/content/pi/cult/483/10304/10-11.jpg

Ананчыцкія музыканты і спявачкі.

/i/content/pi/cult/483/10304/10-10.jpg

Шэсце ўдзельнікаў "Сугалосся".

/i/content/pi/cult/483/10304/10-13.jpg

“Каленцы” ананчыцкіх мужчын.

На палянцы, акружанай дубамі, сабралася 17 калектываў з розных куткоў Мінскай вобласці, каб падзяліцца творчым натхненнем. Адкрываўся фестываль траецкім абрадам кумлення і агульным карагодам, у які запрашаліся ўсе: і калектывы-ўдзельнікі, і гледачы, і ганаровыя госці. Гэта яшчэ больш зблізіла людзей, стварыла атмасферу сяброўства ды еднасці, якая захавалася на працягу ўсяго свята.

Першым выступіў народны фальклорна-этнаграфічны калектыў Ананчыцкага СДК. Па эмацыйным напружанні не адсталі ад Ананчыц і песні Старадарожчыны ў выкананні народнага фальклорнага калектыву “Набіліцы” Баранаўскага СДК. І завіраваў святочны калаўрот: спевы змяняліся танцамі, за карагодамі ішлі інструментальныя найгрышы, весялілі людзей старадаўнія гульні з Мядоцкага краю Барысаўшчыны.

Цікава адзначыць, што танцавалі ананчыцкія мужчыны, прычым менавіта танцавалі, а не проста “дзёргаліся”, як тое часта бывае, пад жывую музыку. Гледачы выдавалі такія “каленцы”, што кіраўнікі калектываў, харэографы і ганаровыя госці здымалі іх на відэа! Фестываль фальклорнага мастацтва зрабіў неверагоднае: мужчын не трэба было прасіць паказваць танец, наадварот — перыядычна іх прасілі вызваліць пляцоўку для калектываў.

Праграма свята была пабудавана прафесійна — эмацыйны ўздым не спадаў ні на хвіліну. Асноўнымі ж гледачамі сталі самі калектывы, жыхары вёскі Ананчыцы і запрошаныя спецыялісты з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Інстытута культуры Беларусі, Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Як часта бывае, бракавала рэкламы і фінансавання. Хаця адзначу знаходлівасць мясцовых культработнікаў: яны размясцілі ўказальнікі-запрашэнні на пад’ездзе да Ананчыц, таму гасцям прасцей было знайсці дарогу, а выпадковыя падарожнікі маглі скарыстацца імі і зазірнуць на свята.

Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці