Праекты “Жывіцы”

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Захапіць любоўю да народнай песні вельмі лёгка тады, калі яна гучыць паўсюль. Але падобнай карціны не назіраецца. Густы сучасных дзяцей і моладзі — вельмі розныя, а музычны фальклор не з’яўляецца прыярытэтным кірункам. А каб тыя скарбы адкрыць для дзяцей ды падлеткаў, варта звярнуцца да досведу харавых калектываў.

/i/content/pi/cult/483/10303/10-8.jpg

Ансамбль народнай музыкі “Жывіца”, які працуе ў Дзіцячай музычна-мастацкай школе мастацтваў № 1 Мінска, узнік 20 гадоў таму. Яго стваральнікамі былі Лідзія Якімавец, мастацкі кіраўнік, і Віктар Івашка, музычны кіраўнік “Жывіцы”. Лідзія Мікалаеўна па адукацыі і першай прафесіі — спявачка, улюбёная ў беларускую песню. Шмат гадоў працавала ў Акадэмічным народным хоры імя Г.Цітовіча. А цяпер сваё захапленне перадае юным артыстам.

Вядома, працаваць у школе мастацтваў, з аднаго боку, цікава, бо сюды прыходзяць дзеці, музычна адораныя. Але ж кожны год склад калектыву змяняецца, у ансамбль прыходзяць новыя выканаўцы. Таму падтрымліваць у належным выглядзе сталы рэпертуар і засвойваць новы — не надта проста. Творчае развіццё падобных калектываў шмат у чым залежыць ад асобы кіраўніка, яго ўмення захапіць і навучыць, ад ягонага густу ды захапленняў, чалавечых якасцей і арганізацыйных здольнасцей.

У Маладзёжным тэатры эстрады “Жывіца” паказала праект, прымеркаваны да 20-годдзя калектыву. Свежыя аранжыроўкі папулярных і раней не вядомых песень, прадуманае афармленне сцэны і светлавое рашэнне — усё стварала атмасферу свята.

Праекты "Жывіцы" робяцца больш разгорнутымі, прадстаўнічымі. У апошнім, вядома, прываблівала свядомая арыентаванасць на беларускамоўныя творы (на жаль, іх цяпер не надта багата на нашай эстрадзе). Шмат тут было і апрацовак народных песень, і аўтарскіх песень кампазітараў У.Алоўнікава, І.Лучанка, А.Безенсон, В.Сярых. Да ліку эмацыйных кульмінацый праграмы я аднесла б драматычную баладу І.Лучанка “Хатынь”, якая рэдка выконваецца, а таксама народныя песні “Вёчар цёмны” і “Ой, прасыпаўся ды сухі дубе…” з іх нечаканай стылістыкай ды вобразамі.

Эфектна ўспрымаліся выступленні салістаў — Валерыі Гарбачонак, Сафіі Верашчук, Ганны Атрошчанка, Вольгі Анціпавай.

Таццяна МІХАЙЛАВА