Бяспека жыцця

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Многія дзеці пад час летніх вакацый з’язджаюць у летнікі, у вёскі да бабуль і дзядуль, на лецішчы. Але для незнаёмага з “дзікай прыродай” лес можа стаць кнігай, напісанай на чужой мове.

Як знайсці ваду?

Ухіл мясцовасці, з’яўленне папаратнікаў, балотных раслін, збег сцежак, пратаптаных жывёламі, могуць паказаць дарогу да вады. Дажджавая вільгаць захоўваецца ў сагнутых грыбных шапачках. Дапаможа справіцца са смагай ранішняя раса. Абеззаразіць ваду дапаможа бляшанка з-пад кансерваў. Трэба прабіць у дне мноства адтулін, пакласці на адну траціну дрэўнага вугалю, два-тры слаі марлі з аптэчкі — і фільтр гатовы. Ваду можна пракіпяціць, а для абеззаражвання выкарыстаць ёд (дзве кроплі на кубак) ці марганцоўку з аптэчкі (вада павінна стаць светла-ружовай).

Як спатоліць голад?

Пра ядомыя грыбы ды ягады ведаюць усе. Дапамогуць і лясныя арэхі. Сасна прапаноўвае “да стала” маладыя пупышкі. Адвар з хвоі дапамагае нават ад цынгі. Найбольш спажыўным лічыцца лыка ад бярозы, клёна, таполі… З жалудоў, зварыўшы іх і падсмажыўшы, вырабляюць муку для прыгатавання кашы ці аладак. Крапіва — цудоўная сыравіна для салатаў.

Як разысціся з жывёламі і змеямі?

Самае галоўнае: не палохайцеся пры сустрэчы з імі. Нават драпежнікі, як правіла, нападаюць на чалавека, калі параненыя альбо ахоўваюць сваё патомства. Таму не рухайцеся, не адводзьце вачэй і не нападайце самі — дайце магчымасць жывёліне сысці. Калі ж яна агрэсіўная, выкарыстоўвайце агонь, крычыце, стукайце палкай па дрэве. Нельга паварочвацца спінай і збягаць. У крайнім выпадку, павольна адступайце да бліжэйшага дрэва.

Змеі любяць грэцца на сонцы. Але нюх і зрок у іх — кепскія. Таму будзьце ўважлівыя пры хуткай хадзьбе: змеі могуць не паспець уцекчы ад вас… Перад атакай змяя скручваецца ў клубок, а потым выкідвае цела на 30-40 сантыметраў. Не забывайцеся, што высокі і трывалы абутак — выратаванне ад ядавітых змей.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС Мінска