“Сёння” заблукала ва “ўчора”?

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

“Скульптура: ХХІ”: пошукі, а не знаходкі?
Выстаўкі, якія маюць статус абласных, рэспубліканскіх, нацыянальных, для мяне звычайна больш цікавыя за персаналіі. Справа ў тым, што, маючы ўяўленне пра здольнасці і вектар творчасці канкрэтнага мастака, ужо і не чакаеш ад яго сюрпрызаў. Персанальная выстаўка — часта падсумаванне, а не пошук. А вось на вялікай імпрэзе, якая збірае творцаў цэлага рэгіёна ці нават усёй краіны, прыемныя неспадзяванкі час ад часу здараюцца. Гэтаму спрыяе сама атмасфера творчага сумоўя. Там, дзе ў наяўнасці параўнанне, мусіць з’явіцца і канкурэнцыя. А для гледача такая акалічнасць павялічвае верагоднасць адкрыцця новага імені, знаёмства з тэндэнцыяй, якая яшчэ толькі запачаткавалася, усведамлення сэнсавых ці тэматычных дамінант культурнага працэсу. Такім чынам, глядач сам настроены на інтэлектуальную працу, а не на чыста эмацыйнае ўспрыманне пабачанага.

/i/content/pi/cult/483/10299/9-1.jpg /i/content/pi/cult/483/10299/9-3.jpg

/i/content/pi/cult/483/10299/9-4.jpg /i/content/pi/cult/483/10299/9-5.jpg

Фрагменты выстаўкі. / Фота аўтара

Выстаўка сучаснай беларускай пластыкі “Скульптура: ХХІ”, што праходзіла ў сталічным Палацы мастацтва, як мне падаецца, мусіла расчараваць тых, хто настроіўся на сузіранне даляглядаў. Новых імёнаў не адкрыла, новых тэндэнцый не запачаткавала. Хіба што засведчыла стылёвую разнастайнасць, чые межы, у параўнанні з папярэднімі аналагічнымі імпрэзамі, значна пашырыліся. Ды яшчэ пэўныя змены адбыліся ў тэматычна-сюжэтнай сферы. Праўда, чамусьці беларускія скульптары, якім паводле геаграфічнай абумоўленасці належыць быць носьбітамі еўрапейскай ментальнасці, шукаюць натхнення ў містычных вобразах Усходу…

Лічба “ХХІ” мусіць азначаць, што ў экспазіцыі прадстаўлены творы, якія не толькі нарадзіліся менавіта ў ХХІ стагоддзі, але і адлюстроўваюць інавацыйныя з’явы ў беларускай скульптуры. Так, прынамсі, трактуюць экспазіцыю яе куратары. Наколькі дэкларацыя адпавядае рэчаіснасці, мог пераканацца альбо ўсумніцца кожны невыпадковы глядач. Але, як на маю думку, дык першае дзесяцігоддзе новага стагоддзя сталася для нашай пластыкі багатым толькі на пошукі, але не на знаходкі.

Эстэтычная канцэпцыя, увасобленая ў названай экспазіцыі, храналагічна належыць новаму стагоддзю, а сутнасна — мінуламу. Я не засяроджваюся на канкрэтных творах. Сярод іх ёсць даволі ўдалыя ўзоры актуальнай, запатрабаванай сёння пластыкі. Я кажу пра агульнае ўражанне. Звыклае, дарэчы, не абавязкова кепскае, а новае — не заўседы лепшае. Тое, што ў Беларусі захавалася моцная рэалістычная школа (пра што сведчыць і дадзеная экспазіцыя) факт станоўчы. Ад рэалізму можна ісці ў якім заўгодна напрамку, маючы ўпэўненасць, што не заблукаеш. Бо, калі што — “школа” вывезе. Канешне ж, пад уплывам зменлівай моды і новых тэхналогій рэалістычная форма падлягае пэўнай трансфармацыі. Аднак эстэтычныя стэрэатыпы нашага грамадства (творца, што б ён ні дэклараваў, усё адно працуе для публікі) вымушаюць мастакоў трымацца ў пэўных межах. Чыста абстрактная пластыка нават сёння, калі артадаксальны рэалізм болей не пануе на нашай культурнай прасторы, наўрад ці была б прыхільна прынята шырокай грамадой, збольшага выхаванай на іншай эстэтыцы. Даволі звыклай уяўляецца сітуацыя, калі мастак, якому абстрактная форма і спантанная эмацыйнасць бліжэй за сюжэтна-тэматычную канкрэтыку і логіку канона, усё адно ўплішчваецца ў “пракруставую” прастору, вызначаную густамі гледачоў і замоўцаў, для каго ці не галоўны крытэрый — “як у жыцці”. Вось і аздабляе скульптар форму, якая самадастковая сваёй абстрактнасцю, умоўна-рэалістычнымі накладкамі. Узораў падобнай пластыкі на выстаўцы ставала.

Фармат не прадугледжваў экспанавання манументальных твораў. Адзінае выключэнне — “Шэры конь” Сяргея Бандарэнкі, што вылучаецца сярод станковай пластыкі масай і праз тое ўспрымаецца як галоўны аб’ект выставачнай прасторы. Я не ведаю, атрымалася гэта выпадкова, ці так было задумана, але па-майстэрску выкананая скульптура выклікае ў памяці вобразы даўніны — знакамітыя конныя статуі італьянскага Рэнэсансу — і ўсё ж не стасуецца з разуменнем “ХХІ стагоддзе”.

Кожны скульптар, робячы станковую работу, усё адно марыць, што калі-небудзь у павялічаным памеры яна аздобіць ландшафт. Нефігуратыўная пластыка, якую можна назваць умоўна дэкаратыўнай і якой на выстаўцы мелася шмат, глядзіцца як эскізы аздобы горада. Але не маючы перад вачыма архітэктурнай прывязкі да канкрэтнага асяроддзя, цяжка меркаваць, ці адпавядаюць яны свайму перспектыўнаму прызначэнню.

Працягам агульнабеларускай экспазіцыі скульптуры ў якасці ейнай складовай часткі ў Палацы мастацтва ладзілася выстаўка памяці Галіны Гаравой. Творчасць гэтай выбітнай асобы вартая адмысловай гаворкі. У дадзеным жа кантэксце мушу адзначыць, што побач са скульптурамі Гаравой я адчуваў сябе ў сённяшнім часе, у цудоўным і роспачным ХХІ стагоддзі. Хоць храналагічна яе творы належаць стагоддзю папярэдняму. У работах ёсць тая глыбіня і шматпланавасць, якіх бракуе на групавой выстаўцы… У творчасці Гаравой маецца стрыжань — сэнсавы і маральны. Такі вось парадокс: думаў мастак пра сваё, маляваў тое, што хвалявала, а атрымалася карціна часу. Таго, што ёсць, і таго, што будзе. Толькі пазачасавае мастацтва можа быць люстэркам часу. Такім мастаком была Галіна Гаравая.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"