Толькі вандроўнікі

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь Пад назвай "Мы толькі вандроўнікі" праходзіць выстаўка памяці выдатнага беларускага мастака Віктара Кліменкі.

/i/content/pi/cult/483/10298/8-4.jpg

В.Кліменка. "Лунае скрыпкі ўздых".

/i/content/pi/cult/483/10298/8-5.jpg

В.Кліменка. "Букет з птушак".

Свет акварэлей Кліменкі — бязмежна вялікі і, адначасова, кранальна малы, але, як складаная духоўная матэрыя, расшчэплены на імгненні, рухомы і далікатны. Усё служыць мастаку крыніцай натхнення: тэкст, музычныя пасажы і нават паўсядзённасць. Яе змястоўнасць выткана з вобразаў, што нагадваюць аголеную душу, з тонкіх ды лёгкіх колеравых спалучэнняў, якія ствараюць вібрацыю святла і паветра, з пачуццяў, што ахінуты тонкім каштоўным вэлюмам. Гэты зачараваны свет мастака дазваляе і нам вось так, спакойна, сысці ў сябе, насыціць сябе задуменнем. Элегантныя сілуэты, плаўныя рухі, вытанчаныя абліччы, погляды, скіраваныя ў нябачнае, нешта ледзь адчувальнае напаўняе творы атмасферай сузірання.

Акварэль, жывапіс, малюнак і кніжная графіка дапамагаюць усвядоміць усю невычэрпнасць вобразаў, сцэна дзеяння якіх не звязана ні з часам, ні з прасторай. І, здаецца, не рука творцы, а нясцерпны сум старадаўняга клавесіна так непасрэдна ды арганічна выткаў тонкі вэлюм са святла, паветра ды рамантычнага флёру, ахутаўшы ім смутак па мінулым… І ўсё ж менавіта мастак стварыў свой культ адчування, і тактыльная адчувальнасць таго, што адбываецца ў глыбіні карціннай плоскасці, дазваляе нам не ўцячы ад рэчаіснасці, а акунуцца ў яе духоўную Айкумену.

Вольная і нязмушаная манера пісьма ўласцівая творам мастака. Яны ахоплены адчуваннем далікатнасці “Зачараванага свету”, агучаны мелодыяй дыялога “Хлопчыка і птушкі”. З якім дзіўным пачуццём меры мастак расстаўляў акцэнты святла і колеру! Мяккасць фактурных пераходаў і незвычайная музычнасць у рытмічнай арганізаванасці кожнага сюжэта падобная да лёгкіх скрыпічных пасажаў.

Разам з тым, асаблівасці вобразнага ладу, маральна-мастацкія праблемы, насычанасць магутнай драматычнай стыхіяй вылучаюць творы, прысвечаныя евангельскім сюжэтам, у якіх урачыстая выразнасць вобраза раскрываецца з кожным ударам структурнага рытму. Уяўленні мастака пра феномен біблейскай прыпавесці па-майстэрску завуаліраваны ў розныя сэнсавыя кантэксты, і мы бачым добра знаёмае, што прайшло ў пераламленні сучаснасці. Усё працята святлом ды колерам. У поліфаніі палітры акцэнты белага ствараюць рухомую колеравую гаму, у нетрах якой нараджаюцца новыя вобразы.

Дакладнасць і яснасць аўтарскай манеры вылучаюць афорты Віктара Кліменкі. У іх мастак не імкнуўся дамагчыся адчування святла і разнастайнасці фактур, але скульптурная аб’ёмнасць прадметаў заўсёды ўтрымлівае сэнс. Чорны колер часта сыходзіць у глыбокія цені, у заліўку фону, як у творы “Час, які ўцякае”. У кніжнай ілюстрацыі мастак пазбягаў складанай камбінаторыкі форм, але насычаў яе толькі яму вядомым адчуваннем адкрыцця. І, здаецца, мастак зрабіў толькі крок ад сузірання да драмы літаратурнага сюжэта, а складанасць і структурнасць мыслення надалі яго ілюстрацыям асаблівую грунтоўнасць. Несумненна, вытокі кніжнай графікі мастака ляжаць не толькі ў нетрах літаратурнага тэксту, але, перш за ўсё, у марах і падарожжах памяці, ва ўяўных светах, якія вабяць да нязведаных берагоў. У ілюстрацыях да такіх твораў, як “Дзеці капітана Гранта” і “Тры мушкецёры”, “Востраў загінулых караблёў” і “Востраў скарбаў”, мастак пашыраў кола сваіх тэхнік, здольных раскрыць дух літаратурнай крыніцы.

У ілюстрацыях да “Песні пра зубра” ў поўнай меры выявілася творчая свабода. Магутная драматычная стыхія ахапіла ўсе аркушы гэтай серыі. Мы бачым гімн мужнасці, гераізму і сіле. Твор Мікалая Гусоўскага воляй мастака стаў сімвалам доблесці і моцы. Тое выказана ў шырокіх пастозных мазках тэмперы, у дынамічных паваротах фігур, у патоках асляпляльна-белых, чырвоных і вогненных водбліскаў.

І, здаецца, што гэты досвед “духоўных станаў”, так па-майстэрску паднесены нам мастаком, ёсць візітоўка творчасці Віктара Кліменкі.

Людміла ЛАДЗЯНАЯ, мастацтвазнаўца