Танцавальная тэарэма

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Кабінет, станок, фанаты: іспыт на...
У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета прайшоў справаздачны канцэрт Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа.

/i/content/pi/cult/483/10297/8-1.jpg

/i/content/pi/cult/483/10297/8-3.jpg

Фота Вольгі МАРОЗ і Алены КЛІВЕЦ.

Некалькі гадоў таму на старонках часопіса “Мастацтва” быў апублікаваны шэраг дыскусійных матэрыялаў, прысвечаных стану і перспектывам развіцця айчыннага балетнага тэатра. Было там змешчана і некалькі артыкулаў педагогаў гімназіі-каледжа, якія з болем казалі наконт праблем — і не дробных, а сур’ёзных. Пералічваць ізноў іх не стану.

Заўважу, у пэўны момант прыходзіць на справаздачныя канцэрты каледжа зрабілася нецікава. Ну колькі можна глядзець адно і тое ж? Усё тыя самыя ўрыўкі з тых самых спектакляў, усё тыя ж мініяцюры! Праграма, паказаная гімназіяй-каледжам напрыканцы мая, пераканала: змяніць можна ўсё! Прычым прынцыпова і ў лепшы бок. Калі мець жаданне быць сучасным ды цікавым гледачу. Пачнём з таго, што змяніўся фармат, стыль і нават падача. Раней вядучая за кулісамі бадзёрым (аж да немагчымасці!) голасам аб’яўляла: “Мінкус! Па-дэ-дэ з балета “Дон Кіхот”!” Скажыце, ну хто з фанатаў гэтага віду мастацтва і балетаманаў не ведае, што Мінкусу належыць музыка балета “Дон Кіхот”, а Пуні — музыка “Эсмеральды”? Калі менш “помпы” і псеўда-пафасу, застаецца больш часу для вынікаў.

Сёлета каледж паказаў шыкоўную праграму ў двух аддзяленнях. Амаль трыццаць фрагментаў. І яны цікава структураваны. На сцэне дэманструецца ўрок класічнага танца. “Чорны» кабінет, балетны станок, рэпетыцыйнае адзенне. У выніку мы бачым не столькі “кухню” прафесіі, колькі працэс спасціжэння танца. Услед прэзентуецца шэраг варыяцый з класікі (“Капелія”, “Арлекінада”, “Венецыянскі карнавал”, якія не ідуць на нашай сцэне). Яны сведчаць пра тое, як вучні і выпускнікі засвоілі гэтую тэхніку. У такім атачэнні нават хрэстаматыйныя ўрыўкі з “Дон Кіхота” і “Карсара” ўспрымаюцца іначай.

Паказваецца ўрок дуэтнага танца, а далей — найскладаны фрагмент з “Лебядзінага возера”. Дарэчы, ён быў выкананы Веранікай Аўчыннікавай і Арцёмам Банькоўскім стыльна, з разуменнем асаблівасцей харэаграфіі. “Белае” адажыа з “Лебядзінага”, абранае для выпускнога экзамену, — гэта смелы крок! Запаміналіся пластычныя рукі юнай артысткі, здольнасць надаць паглыбленасці зачараванаму, нават крыху самнабулічнаму, стану герояў. А ўслед за класікай — урокі характарнага ды народнага танца, а таксама сучаснай харэаграфіі. І ўсюды ў якасці доказаў “танцавальнай тэарэмы” — або свежыя нумары, або хоць і вядомыя, але пераканаўчыя (напрыклад, “Бульба” ў версіі Валянціна Дудкевіча).

Каментарый да ўрокаў ды нумароў давала мастацкі кіраўнік каледжа Інэса Душкевіч, народная артыстка Беларусі, якая на гэтай сцэне станцавала свае лепшыя партыі. Паказаны праект яшчэ раз пераконваў, што танец — з’ява відовішчная, нават калі бачыш рабочыя моманты. “Клас-канцэрт” існуе як тэатральная форма, яна безліч разоў фіксавалася дакументалістамі. У другім аддзяленні ішлі нумары, але — разнастайныя.

Справаздачны праект стаўся і бенефісам педагога Вольгі Лапо. У яе дзявочым класе (менавіта яго прыходзяць глядзець цяперашнія і былыя салісты балета) — дзяўчаты розныя, але пластычна прыгожыя, вытанчаныя па лініях. Рэпертуар, дзе — розныя почыркі (Горскі, Пеціпа, Іванаў, Вайнонен, Баланчын). Кожная паўстала ў двух розных нумарах (класічным і характарным або ў сучаснай харэаграфіі). Складаныя па-дэ-дэ і адажыа. Віртуозныя варыяцыі. Гэтыя імёны — Вераніка Аўчыннікава, Алена Германовіч, Людміла Парэчных, Аліна Пятроўская, Алена Падольская — варта запомніць. Усіх дзяўчат бярэ трупа Тэатра оперы і балета. Спадзяюся, яны там не згубяцца.

Эфектна ўспрымаліся характарныя танцы (работа педагога Ніны Дзьячэнка). І ўрок характарнага танца, пастаўлены на музыку Ферэнца Ліста. Іспанскі і рускі з “Лебядзінага возера”. А яшчэ ў большай ступені — “Цыганскія напевы” на музыку Сарасатэ. Здавалася б, што новага можна сказаць?! Але атрымаўся цікавы нумар са сваёй драматургіяй. Шкадуеш, што мініяцюры з харэаграфіяй Ніны Мікалаеўны так рэдка трапляюць у мінскія канцэрты! Годным фіналам паўставаў польскі баль з оперы Глінкі “Іван Сусанін”. Па-першае, опера даўно не ідзе і наўрад ці будзе ставіцца ў бліжэйшы час. Таму з радасцю ўспрымаеш крыху забытую музыку і эфектныя, зладжаныя фрагменты.

І нарэшце — пра сучасную харэаграфію. Яна патрэбна гледачу і выканаўцам як паветра! Такія нумары чакаюць, часам прыходзяць паглядзець менавіта іх, а не даўно вядомую і хрэстаматыйную класіку. Не памятаю, каб у канцэртных праграмах тэатра можна было ўбачыць абойму новых, глыбокіх па сэнсе мініяцюр. Гэткімі падаліся “Лістапад успамінаў” Дзмітрыя Залескага (на маю думку, ад паказу да паказу мініяцюра толькі набірае пачуццяў ды адценняў), “Знойдзеныя і згубленыя” Сяргея Мікелі (нумар крыху загадкавы, востры па пластычным малюнку, з сюррэалістычным адценнем). Ён паказваўся ў Віцебску, на апошнім Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі, але ў Мінску не дэманстраваўся. Адметныя па сэнсе і пластычнай мове мініяцюры Юліі Мельнічук “У глыбіні душы”, “Тая, што прыходзіць кожную ноч у твае сны” і, асабліва, “Sfumato” (на музыку Пергалезі), дзе тонка выбраная музычная аснова і вакал узмацнялі ўздзеянне харэаграфіі. Мікель і Мельнічук — перспектыўныя асобы. Яны, студэнты Творчай майстэрні Валянціна Елізар’ева ў Акадэміі музыкі, з поспехам прэзентавалі нумары на конкурсах і фестывалях.

Вынікі працы калектыву могуць падавацца сціпла, а могуць — і з размахам, вартым сцэны і традыцый. Каштоўнасць такіх праектаў, як справаздачны, пераконвае ў прэстыжнасці і запатрабаванасці прафесіі артыста балета. У дадатак, калі мы маем такія вынікі, прэзентаваныя стыльна, маштабна, з густам, дык размова пра Акадэмію беларускага балета (ідэя была агучана на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры краіны, ды тады яе палічылі заўчаснай) праз пэўны час можа зноў зрабіцца актуальнай.

За дзесяцігоддзі наш балет займеў аўтарытэт у свеце. Пра гэта сведчаць і маршруты гастролей, і аншлагі на спектаклях тэатра, і нават кошт білетаў (на балетныя спектаклі ён амаль удвая большы, чым на оперу). Але маюць рацыю і тыя, каму не хапае новых работ, разнастайнасці стыляў, запрашэння ў Мінск вядомых харэографаў свету. Калі гімназія-каледж з такім жа поспехам рушыць і надалей, дык, хто ведае, мо новы творчы ўздым у айчынным балеце пачнецца адтуль?..

Таццяна МУШЫНСКАЯ