Крытык пра крытыку: па-філасофску

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Вадзім САЛЕЕЎ, доктар філасофскіх навук, прафесар
Боль мой — пра навуку і мастацтва. Сёння так склалася, што на адным баку засталася сухая навука пра мастацтва, на другім — рэклама тых або іншых яго з’яў. А крытыка, маўляў, зжыла сябе. Але так не павінна быць! Грамадству патрэбны і гламурныя выданні, і навуковыя, як з вузкім колам аўтараў, так і з шырокім. Я заўсёды марыў, каб у Беларусі быў сур’ёзны, элітарны часопіс пра мастацтва, адпаведны патрабаванням Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК), дзякуючы чаму там маглі б з’яўляцца найноўшыя навуковыя распрацоўкі, а мастацкая крытыка была б на найвышэйшым узроўні і дапаўняла б навуку.

/i/content/pi/cult/483/10296/5-24.jpgУ свой час, будучы галоўным рэдактарам часопіса “Мастацтва”, я зрабіў яго ВАКаўскім, але гэта не атрымала працягу. Цяпер імкнуся зрабіць ВАКаўскім новы часопіс — навукова-метадычны “Артэфакт”, які з бягучага года выдаецца Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, дзе я апошнім часам выкладаю. У ім на роўных друкуюцца і навуковыя даследаванні, і сур’ёзныя крытычныя артыкулы, прысвечаныя ўсім відам мастацтва. Чаму я так клапачуся пра якасную крытыку? Каб яна супрацьстаяла агрэсіі масавай культуры, па большай частцы не нашага паходжання, якая разбурае нацыянальны падмурак і духоўныя асновы нашай культуры.

Шмат ужо гаварылася пра тое, што на сёння мы — адзіная краіна ў СНД, дзе з навучальнага працэсу выключана такая дысцыпліна, як “Сусветная мастацкая культура”. Вядома, механічнае вяртанне гэтага прадмета ў школу — зусім не панацэя ад усіх бед. Але нават само па сабе дакрананне да сусветных мастацкіх каштоўнасцей можа пакінуць вялікі след у душы падлетка. Усё ўбачанае і пачутае абавязкова будзе ім асэнсавана — няхай і праз час. І прынясе ў далейшым свой плён.

Апошнім часам я займаюся так званай неааксіялогіяй, выпрацоўваю новы погляд на сістэму каштоўнасцей, якая шмат у чым фарміруе сэнс жыцця чалавека. З гэтай тэмай я выступаў на некалькіх міжнародных канферэнцыях, на Сусветным кангрэсе ў Кракаве. Сутнасць маёй дактрыны наступная. З аднаго боку, існуе аб’ект — гэта ўласна каштоўнасці. З іншага — суб’ект, які з’яўляецца носьбітам ацэнкі той або іншай каштоўнасці. Паміж гэтымі двума полюсамі — аксіялагічнае поле. А цэнтр прыцягнення ўвесь час хістаецца з аднаго боку ў другі, змяшчаючыся то да каштоўнасцей, то да іх ацэнак. Уяўляеце, што адбываецца? Ацэнка набывае такое ж значэнне, як і сама каштоўнасць. А калі гэтая ацэнка няправільная? Мару напісаць пра гэта кнігу.

Увогуле, нам сёння вельмі не хапае глыбокага філасофскага асэнсавання многіх і многіх сучасных з’яў. Пайшлі з жыцця тры вядучыя філосафы, дактары навук: Уладзімір Конан, Мікалай Крукоўскі, Юрый Гусеў. З’ехала ў Маскву Арыядна Ладыгіна. Адсутнасць гэтых буйных фігур айчыннай навукі адчуваецца вельмі востра. Хто прыйдзе на іх месца? Моладзь, як я заўважаю, у навуку не надта імкнецца, бо, у рэшце рэшт, у многіх пераважвае прагматызм, спажывецкае стаўленне да жыцця. У мяне шмат вучняў — не толькі ў Мінску, але і ў Вільнюсе, Гамбургу, Мазыры, Маскве, Чарнігаве. Іншыя, як кажуць, на руках носяць, а хтосьці — на дух не пераносіць, бо я разбураю іх утульнае “балотнае” існаванне. Люблю тых, хто нясе з сабой творчы падыход, крэатыўнасць, цаню ў людзях прафесіяналізм ды чалавечнасць. І веру, што праз такую моладзь у нас усё ж здарыцца карэнны пералом у стаўленні да культуры ва ўсіх яе складніках…

Фота Юрыя ІВАНОВА